Беларусь

Рытм бальніцы


Адна са старэйшых устаноў аховы здароўя Брэста пашыраецца: на вуліцы Леніна пачалося будаўніцтва корпуса для новага прыёмнага аддзялення гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі

Гісторыя бальніцы бярэ адлік з 1923 года. І сёння медыцынская ўстанова на вул. Леніна добра вядомая брастаўчанам і жыхарам Брэсцкага раёна, бо менавіта тут аказваецца экстранная і неадкладная медыцынская дапамога. Чатыры дні на тыдзень бальніца дзяжурыць у горадзе па хірургіі, траўматалогіі, кардыялогіі і неўралогіі. Штодня толькі сюды прывозяць пацыентаў з падазрэннем на страўнікава-кішэчнае кровацячэнне, бо тут на базе 1-й хірургіі створаны спецыяльны цэнтр з адпаведным сучасным абсталяваннем для аказання спецыялізаванай дапамогі. Па няцотным дням рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы працуе як гарадскі таксікалагічны цэнтр – усіх пацыентаў з рознымі атручваннямі машыны медыцынскай дапамогі вязуць на вуліцу Леніна. Тут ёсць і траўматалагічны пункт, праз які часам за суткі праходзіць да 120 пацыентаў. Што і казаць, рытм гэтай бальніцы надзвычай напружаны.
– Мы павінны ў самы кароткі прамежак часу паставіць правільны дыягназ, арганізаваць абследаванне і лячэнне пацыента. Вось чаму ў дзяжурныя дні задзейнічана цэлая брыгада дактароў: адначасова дзяжураць тры хірургі, столькі ж анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, два траўматолагі, тэрапеўт, урач-эндаскапіст, неўролаг, урач ультрагукавой дыягностыкі, рэнтгенолаг, урач лабараторнай дыягностыкі, –
тлумачыць галоўны ўрач установы Валянцін Мілашэўскі. – Сёння бальніца мае 242 ложкі, у штаце 505 чалавек, з іх 111 – урачы. І яшчэ – філіял станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, 29 брыгад якой кругласутачна тэрмінова прыхо-дзяць на дапамогу людзям.
Даволі хутка ўпэўніваюся, што бальніца – гэта не проста прыёмны пакой і палаты, а вялікая гаспадарка, якая павінна быць адладжана, нібыта швейцарскі гадзіннік – збоі могуць каштаваць некаму жыцця. Вось чаму горад не шкадуе для сваёй старэйшай медыцынскай установы сродкаў (сёлета з бю-джэту выдаткавана 27,5 мільярда рублёў), падтрымлівае яе развіццё праз рэканструкцыю і тэхнічнае перааснашчэнне.
Валянцін Станіслававіч расказвае:
– У 2006 годзе па рэспубліканскай праграме правялі рэканструкцыю аперацыйнага блока і рэанімацыі. Сюды было накіравана самае сучаснае медыцынскае абсталяванне. За апошнія чатыры гады адрамантавалі ўсе палаты, у аддзяленнях і на лесвіцах навялі парадак. Палепшылі ўмовы для пацыентаў – пазбавіліся ад 6- і 8-месных палат. Але магутнасцей не хапае, таму Брэсту патрэбна новая бальніца.
Пакуль жа планы застаюцца перспектыўнымі, не зважаючы на тое, што знаходзіцца на дзявятым дзясятку, гарадская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі працуе самааддана і, можна сказаць, самаахвярна. Высокатэхналагічнае абсталяванне дапамагло ўжо выратаваць сотні жыццяў. Бальніца мае выдатную наркоза-дыхальную апаратуру, эндаскопы і апараты ўльтрагукавых даследаванняў, унікальны аргонна-плазменны каагулятар, які дапамагае спыняць страўнікава-кішэчныя кровацячэнні. У распараджэнні медыкаў – два рэнтгенапараты (не раскоша, а жыццёвая неабходнасць, калі ўлічыць, што за суткі здараецца больш чым 200 здымкаў рабіць).
– Спецыфіка бальніцы такая, што мы не ведаем, якіх пацыентаў і колькі ў нас будзе праз некалькі хвілін ці праз гадзіну, дапамогу ж трэба аказваць абавязкова і, як правіла, хуткую і неадкладную, – тлумачыць галоўны ўрач.
Зразумела, што на сучаснай тэхніцы працуюць і высакакласныя спецыялісты. Ім Валянцін Мілашэўскі давярае, бо яго прынцып кіраўніка: “Не перашкаджай, а калі можаш – дапамажы”. Цёплая таварыская атмасфера, як лічаць калегі Валянціна Станіслававіча, дапамагае калектыву і ў паўсядзённай рабоце, і ў рэалізацыі планаў. Іх, дарэчы, тут не толькі на паперы пішуць, але і выконваюць. Да прыкладу, праз месяц-паўтара адрамантуюць лабараторыю – вельмі важнае падраз-дзяленне ў бальнічнай структуры: за суткі лабараторная служба выконвае 1,5-2 тысячы аналізаў, ад іх дакладнасці многае залежыць.
Два гады таму распрацавалі праектна-каштарысную дакументацыю на прыбудову да прыёмнага аддзялення. Кіраўніцтва вобласці таксама паспрыяла, каб гэты аб’ект уключылі ў план будаўнічых работ.
– Гэта толькі называецца прыбудова, а фактычна сёлета пачалі будаўніцтва новага корпуса прыёмнага аддзялення, – кажа Валянцін Мілашэўскі. – На першы этап работ горад выдаткаваў 2,5 мільярда рублёў. Да канца наступнага года будзе ўзведзены двухпавярховы будынак, дзе размесцяцца траўмапункт, дапаможныя памяшканні, прыёмнае аддзяленне з дыягнастычнымі ложкамі (зараз у двух невялікіх пакоях прымаць пацыентаў і нязручна, і часам з-за вялікай іх колькасці вельмі складана). На другім паверсе – кабінеты ўльтрагукавой дыягностыкі, эндаскапічны, рэнтгенаўскі,
МРТ-кабінет і два прамыя выхады – у аперацыйны блок і рэанімацыю. Усё дзеля паляпшэння якасці медыцынскага абслугоўвання.
У бальніцы гэты праект успрымаюць як своеасаблівы падарунак улады да 90-годдзя медыцынскай установы.
…Гук сірэны перакрывае шум горада. Медыцынская машына пад’ехала да ўвахода. Бальніца зноў прымае пацыента. Каб аказаць хуткую медыцынскую дапамогу. Тую самую, што ратуе жыццё.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля