Беларусь

Бліц-апытанне: Каму мы патрэбныя?


У сучасным свеце цяжка пераацаніць значэнне сям’і ў жыцці чалавека. Дзіва што. Старэйшыя ўспамінаюць: быўшы маленькімі, і несучы дахаты партфель з пяцёркамі, у першую чаргу беглі выхваляцца бацькам, ці не так? Мама і тата заўсёды былі настаўнікамі і жыццёвымі ідэаламі. Так яно і зараз ёсць. Бо хлопчыкі заўсёды жадаюць быць такімі ж моцнымі, як і іх таты, а дзяўчынкі такімі ж гаспадарлівымі і прыгожымі як мамы. Ніхто не пацешыцца за вас гэтак жа шчыра, як вашы блізкія. І хоць кажуць, што свет змяняецца, што новыя пакаленні маюць новыя каштоўнасці, нязменным застаецца сямейнасць. Вось на гэты конт меркаванні маіх маладых землякоў.
Аксана, 19 гадоў:
— Што для мяне значыць сям’я? Гэта ў першую чаргу тыя людзі, якія былі побач са мной з самага дня майго нараджэння. Перажывалі разам са мной усе мае перамогі і няўдачы. Тыя людзі, якія адразу прыйдуць да мяне на дапамогу. Незалежна ад таго, чаго гэта ім будзе каштаваць.
Яўген, 18 гадоў:
— Напэўна,як і ва ўсіх сям’я ў маім жыцці адыгрывае самую галоўную ролю. Не ўяўляю нават, ці змог бы я выжыць адзін на гэтым свеце. Вельмі люблю сваіх бацькоў, браціка, бабулю. Шкада тых людзей, у якіх ёсць сямейныя праблемы. А самым страшным разбуральнікам сям’і, лічу, з’яўляецца п’янства.
Ксенія, 22 гады:
— Вядома, мая сям’я аказвае на мяне вельмі вялікі ўплыў. Тата жадаў, каб я была лекарам, так і атрымалася. Вучуся ў медыцынскім, і ні пра што не шкадую. Удзячная бацькам за тыя парады, што яны мне давалі. Зараз жа ў маім жыцці ёсць яшчэ адзін чалавек, які стаў для мяне родным, з якім мы стварылі сваю сям’ю. Спадзяюся, яна будзе цудоўнай.
Меркаванні запісаў Арцём ГАРБАЦЭВІЧ,
г. Баранавічы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля