1 сакавіка – Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі

1 сакавіка – Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Ад перадазіроўкі ці ўскладненняў наркаманы паміраюць рана – як правіла, да 30-40 гадоў
ЗВЯЗАНЫЯ АДНЫМ ЛАНЦУГОМ
У першы дзень вясны, калі прырода і людзі поўняцца прагай жыцця ды цеплыні, самы час згадаць пра з’яву, якая датычыць кожнага – ускосна ці прама. Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі – напамін аб непапраўнай шкодзе ўжывання наркотыкаў, перасцярога і заклік супрацьстаяць хваробе. Каб абудзіць нашу свядомасць і вывесці з утульнай абыякавасці: маўляў, гэта праблема нас не закранае.
Мы ўсе звязаныя адным ланцугом, таму што такая заганная рэалія нашага часу, як наркатычная залежнасць, шырыць кола сваіх ахвяр за кошт маладых і сталых, сяброў і блізкіх, якім мы спачуваем і разам з якімі пакутуем, незнаёмцаў і знаёмцаў. Замест гармоніі яны прыўносяць у наш лёс хаос, а часам нават падводзяць да апошняй рысы, імя якой СНІД. Ахвяры множаць ахвяр, кагосьці – свядома і жорстка, спакушаючы “сесці на іглу”, каб паспытаць “кайфу”, некага – маўклівым падманам, перадаючы каварную залежнасць.
Увага грамадскасці, устаноў рознага профілю – медыцынскіх, праваахоўных, культуры ды адукацыі – да гэтай праблемы заканамерная. Шматлікія акцыі і мерапрыемствы даводзяць: наркатычная залежнасць наносіць разбуральную шкоду здароўю, прыводзіць да суіцыду, заражэння гепатытам і ВІЧ-інфекцыяй, правакуе рост злачыннасці. Жыццё наркамана вельмі кароткае: большасць не дажывае да 30-40 гадоў, паміраючы ад перадазіроўкі ці ўскладненняў. Многія наркаманы, свядома ці не ведаючы, што яны ВІЧ-інфіцыраваныя, распаўсюджваюць смяротную хваробу.

“КАРТА ЗАБРУДЖВАННЯ” БРЭСТЧЫНЫ

У 2012 годзе ў вобласці зарэгістраваны рост наркаманіі. Па афіцыйных дадзеных на ўліку ў наркалагічных установах Брэстчыны на студзень 2013 года знаходзяцца 1580 хворых (аналагічны перыяд 2012 года – 1415). Аднак, зразумела, рэальныя лічбы распаўсюджання наркаманіі значна вышэйшыя.
Па дадзеных абласнога наркалагічнага дыспансера, неспрыяльная сітуацыя па наркаманіі назіраецца ў Пінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах. Сярод “забруджаных” – Кобрынскі, Пружанскі, Бярозаўскі раёны.
Сітуацыя са “спадарожнікам” наркаманіі – ВІЧ-інфекцыяй – у вобласці таксама пагоршылася: летась зарэгістравана 120 выпадкаў інфекцыі (у 2011 годзе – 98, рост – 22,4%). Красамоўны факт: з 58 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ў Пінску 60,3% прычына заражэння – сумеснае ін’екцыйнае ўвядзенне наркатычных рэчываў, 39,7% – палавыя кантакты.
Сумныя “лідары” па колькасці выяўленых ВІЧ-інфіцыраваных – Пінск (497 ці 46% усіх выпадкаў), Брэст (171 ці 15,8%), Баранавічы (81 ці 7,5%) і Лунінецкі раён (57 ці 5,2%). Агулам на гэтыя чатыры тэрыторыі прыпадае 75% усіх зарэгістраваных выпадкаў.
Факты не маняць: па стане на 1 студзеня 2013 года з ліку ВІЧ-пацыентаў памерла 217 чалавек, з якіх 167 (76%) – наркаспажыўцы.

ДАПАМОГА ЁСЦЬ!

Нарказалежнасць, ВІЧ-інфекцыя – гэта глабальная пагроза жыццю. Без кваліфікаванай дапамогі тут не абысціся. Дзе шукаць рады? Па-першае, важна валодаць поўнай інфармацыяй. Вам ніколі не адмовяць у кансультацыі ў кабінетах нарколага, інфекцыяніста, дэрматавенеролага цэнтральных паліклінік, раённых бальніц, у скурвендыс-пансерах, наркадыспансерах, таксама ў мясцовых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі. Па-другое, для тых, хто жадае захаваць ананімнасць, існуюць ананімна-кансультацыйныя пункты:
г. Брэст, пл. Свабоды, 5, і ў Пінску – вул. Савецкая, 40.
Падрыхтавала
Алёна САЦУТА, “НТ”,
Уладзімір БОДАК,
урач-эпідэміёлаг
аддзела прафілактыкі
ВІЧ/СНІДу абласнога ЦГЭіГЗ.

Статыстыка па вобласці сведчыць:
* пераважная большасць наркаманаў – моладзь да 30 гадоў (53%);
* сярод улічаных хворых – 48% не працуюць, 5% – навучэнцы школ, сярэдне-спецыяльных устаноў адукацыі і ВНУ;
* з агульнага ліку наркаманаў 14% складаюць жанчыны;
* каля 30% нарказалежных на момант узяцця на ўлік былі ў шлюбе;
* 30 % наркаманаў мелі судзімасць, з якіх 40 % – судзімасць, звязаную з наркотыкамі.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Тэлерадыёкампанія “Брэст” прэзентавала неардынарны праект для тэлеканала “Беларусь 2”

Следующая запись

На пытанні карэспандэнта “Народнай трыбуны” адказвае начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама генерал-маёр Іван САЎЧЫЦ