Беларусь

Аздараўляемся са скідкай


Сям’і з 4-х чалавек адна пуцёўка на санаторна-курортнае лячэнне абыдзецца бясплатна
Першага сакавіка на календары гаворыць пра многае. У прыватнасці, пра тое, што і масавая пара водпускаў ужо не за гарамі. Значыць, варта і пра летні адпачынак падумаць: загадзя ўзважыць свае фінансавыя магчымасці, пацікавіцца адрасамі санаторыяў і дамоў адпачынку, каб не рабіць гэтага падчас водпуску.
А што сёлета прапануе ў плане аздараўлення сваім членам Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі? Гэтае пытанне мы адрасавалі старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалаю БАСАЛАЮ:
– Пачну з таго, што ў адпаведнасці з рашэннем савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў нас не першы год практыкуецца рэалізацыя санаторна-курортных пуцёвак у свае здраўніцы (а іх у “Белпрафсаюзкурорце” 13) са значнымі скідкамі для членаў прафсаюза, якія ўваходзяць у ФПБ, і іх дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў. Летась гэта скідка складала 20 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, а з 1 студзеня гэтага года – 25 працэнтаў. Даецца яна членам прафсаюза, якія набываюць пуцёўку за ўласныя сродкі, а таксама за кошт сродкаў пярвічнай ці вышэйстаячай прафсаюзнай арганізацыі. Падставай для атрымання скідкі з’яўляецца даведка старшыні прафкама аб членстве ў прафсаюзнай арганізацыі ФПБ, якая выдаецца прадстаўніку пярвічкі, або гарантыйнае пісьмо прафсаюзнай арганізацыі (у выпадку частковай або поўнай аплаты па выстаўленым санаторыем рахунку).
Варта адзначыць, што, акрамя 25-працэнтнай скідкі з боку “Белпрафсаюзкурорта”, часткова пуцёўкі аплачваюць прафкамы прадпрыемстваў і арганізацый (калі гэта прадугледжана калектыўнымі дагаворамі), выдаецца таксама матэрыяльная дапамога на аздараўленне наймальнікам. А ў выніку для сям’і з 4-х чалавек (калі бацькі з’яўляюцца членамі прафсаюза ФПБ, а дзеці не дасягнулі 14-гадовага ўзросту) адна пуцёўка атрымліваецца бясплатна – за кошт 4-х скідак па 25 працэнтаў кожная.
Летась па такой сістэме ў прафсаюзных санаторыях паправілі здароўе каля 100 тысяч чалавек. У санаторыі “Буг”, які знаходзіцца ў Жабінкаўскім раёне і таксама ўваходзіць у “Белпрафсаюзкурорт”, адпачылі і аздаравіліся каля 10 тысяч чалавек. Дадам яшчэ, што ўсе прафсаюзныя санаторыі – “Прыдняпроўскі”, “Чонкі”, “Лётцы”, “Крыніца”, імя Леніна, “Беларусачка”, “Нарач”, “Лясныя азёры”, “Нарачанскі бераг”, “Нёман-72”, “Свіслач”, туркомплекс “Нарач” і наш “Буг” – размешчаны ў прыгожых мясцінах, маюць добрую матэрыяльную і лячэбную базы. У санаторыі “Крыніца” сёлета была адчынена водагразелячэбніца з цудоўным наборам лячэбных і аздараўленчых працэдур.
Зімой і ў міжсезонне ў нашых санаторыях можна аздаравіцца без праблем. А вось летам набыць пуцёўку не заўсёды проста. У сувязі з гэтым УП “Белпрафсаюзкурорт” праводзіць акцыю для грамадзян нашай рэспублікі па продажы санаторных пуцёвак на летні перыяд 2013 года. На гэтыя мэты выдзелена 12 тысяч пуцёвак на 14 дзён у нумарах рознага ўзроўню камфортнасці.
Згодна з рашэннем ФПБ акцыя праводзіцца з 1 сакавіка па 30 красавіка. У гэты перыяд месцы ў санаторыі на лета можна забраніраваць. Неабходная ўмова браніравання пуцёўкі –
50-працэнтная аплата яе кошту ў тэрмін да 30 красавіка. У выпадку неаплаты пуцёўка застаецца ў распараджэнні санаторыя і з 2 мая выстаўляецца ў свабодны продаж. Дзякуючы браніраванню месца, чалавек будзе ўпэўнены, што зможа аздаравіцца ў санаторыі менавіта тады, калі яму гэта падыходзіць.
Для таго, каб падрабязней азнаёміцца з інфармацыяй, якая вас цікавіць, звяртайцеся на сайты санаторыяў.
Запісала
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля