У салоне “Скарбніца” па вул. Савецкай, 54 у Брэсце праходзіць выстава маладых мастакоў
Студэнты і выпускнікі мастацкіх ВНУ Мінска і Віцебска прывезлі ў наш абласны цэнтр калектыўную выставу з інтрыгуючай назвай “taksama”. У мастацкім салоне разгарнулася цікавая і разнапланавая кампазіцыя. Менавіта так, як нешта цэльнае, аб’яднанае імпэтам маладосці, агеньчыкамі юначага максімалізму, іскрынкамі гарэзлівасці маладых, успрымаецца гэта экспазіцыя.
Акрыл, алей, акварэль, туш, фота – у самых розных тэхніках увасобілі маладыя свой погляд на жыццё, на розных насельнікаў свету, на ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Сярод аўтараў ёсць удзельнікі выстаў і міжнароных конкурсаў у Амерыцы, Германіі, Францыі. Суседства мінскай і віцебскай мастацкіх школ надзвычай цікавае, а гульня святла і колераў захоплівае гледача літаральна з першых крокаў па выставе і знаёмства з яе першымі карцінамі. Жыццярадасная танальнасць гэтага калектыўнага вернісажу не проста стварае пазітыўны настрой: яна нібыта трансфармуецца ў цеплыню, якой па сілах сагрэць нас пасля халоднай зімы.
Пераказаць намаляванае немагчыма, а вось убачыць погляд маладых мастакоў можна: “taksama” будзе ў Брэсце па 10 сакавіка. Рэкамендую паглядзець, бо сустрэчы з прыгажосцю – якраз тое, што нам патрэбна для ўмацавання веснавога настрою.
Яўгенія БАГАЦЕЕВА,
вучаніца СШ №7,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.