ЧАГО ХОЧУЦЬ ЖАНЧЫНЫ?

ЧАГО ХОЧУЦЬ ЖАНЧЫНЫ?

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Ці жартам, ці ўсур’ёз 8 Сакавіка называюць днём помсты за дэзадарант (маецца на ўвазе той самы, што падарылі на Дзень абаронцаў Айчыны). Вядома ж, у кожным жарце ёсць доля праўды. Так часта мы атрымліваем непатрэбныя, а часам і недарэчныя падарункі, што ўменне выбіраць прэзенты становіцца бясцэннай навукай. Мы выбіраем, нам выбіраюць – як гэта часта не супадае!..

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня журналісты “НТ” звярнуліся да віноўніц урачыстасці і да патэнцыяльных падарункадарыльшчыкаў. Што брастаўчанкі хацелі б атрымаць у падарунак і што збіраюцца дарыць мужчыны? Ці супадуць пажаданні з прапановамі, журналісты “НТ” спрабавалі высветліць у прахожых на галоўнай пешаходнай вуліцы горада – Савецкай. І вось што пачулі ў адказ.
Жадалі б…
Бажэна ЧАРНЯК, студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна:
– Перавагу аддаю практычным падарункам. Усялякія паштоўкі і букецік мімозы – гэта дарэмна патрачаныя грошы. Калі мужчына сапраўды кахае, дык ён абавязкова не будзе шкадаваць грошай на падарунак.  Мне, напрыклад, вельмі неабходны новенькі мабільны тэлефончык, а лепш – смартфон ці нават айфон. Шкада толькі, што няма побач таго, хто раскашэліўся б на абноўку…
Таццяна КОТАВА, маладая маці:
– У нас з мужам ёсць сыночак, яму ўжо амаль год. Муж нядаўна захацеў “падарыць” дачушку. Пэўна ж, да 8 Сакавіка не паспее, аднак паабяцаў пастарацца на будучыню. А калі гаварыць сур’ёзна, дык збіраемся купляць халадзільнік – думаю, ён і стане маім падарункам на жаночае свята.
Таццяна КРУК, індывідуальны прадпрымальнік:
– Доўгі час думала, што лепшы падарунак – гэта нечаканы падарунак. Аднак некалькі год таму пасля таго, як пераехалі ў свой дом, муж падарыў мне… в’етнамскую свінку. Цяпер я стала менш любіць сюрпрызы і на ўсялякі выпадак пра свае падарункі даведваюся загадзя. Сёлета, напрыклад, доўгі час намякала мужу на залатыя завушніцы. Спа-дзяюся, ён зразумеў, што дарыць.
Наталля БАРЫНАВА, пенсіянерка:
– Ніколі не разумела гэтае бессэнсоўнае свята. 8 Сакавіка мужчыны раптам успамінаюць, што жанчынам неабходна дарыць кветкі і падарункі. Замест розных непатрэбных дробязей і букетаў перавагу аддаю прыгатаванай вячэры, прыбранай кватэры, а калі яшчэ мая другая палавіна сходзіць у магазін і вывучыць урокі з унукамі – дык гэта будзе лепшае свята!
Вольга ШУМАК, школьніца:
– На 8 Сакавіка я хацела б атрымаць сертыфікат на наведванне салона прыгажосці. Пажадана, каб былі праплачаны паслугі цырульніка, майстра па манікюры, спа і яшчэ што-небудзь. Вось толькі я рэальна ацэньваю сітуацыю і ўжо маральна гатовая да таго, што аднакласнікі падораць нам нейкія банальнасці: фотарамкі, шакаладкі ці блакноты.
Таццяна ПРУСАВА, прадавец:
– Правільна гавораць, што важны не сам падарунак, а ўвага. Толькі ўвага можа быць рознай. Мы з маладым чалавекам сустракаемся ўжо чатыры гады. Можа, ён у рэшце рэшт прапануе руку ды сэрца і, каб замацаваць прапанову, падорыць пярсцёнак. Пажадана, каб ён быў залаты і з брыльянцікам, як у кіно.
Падораць…
Мікалай КРЫВАЛЕВІЧ, юрысконсульт прыватнай фірмы:
– Супрацьлегламу полу чамусьці здаецца, што для мужчын лепшага падарунка, чым пена для галення, шкарпэткі ці дэзадарант, проста не існуе. Прыкладна такі “джэнтльменскі набор” у чарговы раз атрымаў ад жонкі ў Дзень абаронцаў Айчыны. Ніякай крыўды, вядома ж, няма, ды ў адказ ужо нагледзеў ёй патэльню –
сапраўдны жаночы падарунак. Усё па сумленні. Ці ж не так? (Смяецца).
Дзяніс СКВАРЦОЎ, школьнік:
– Пакуль грошы не зарабляю, таму для самай дарагой жанчыны – мамы – паспрабую зрабіць штосьці сваімі рукамі. Напрыклад, чысценька прыбяру ў кватэры, можа, нават атрымаецца прыгатаваць смачную святочную вячэру, каб мама ў гэты дзень сапраўды адчула сябе каралевай. Лічу, у такое свята трэба абавязкова дарыць кветкі.
Павел МАРТЫНАЎ, студэнт Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы:
– Каханай дзяўчыне на 8 Сакавіка планую купіць нешта з касметыкі ці парфюмерыі. Жанчынам падабаецца тое, што падкрэслівае іх прыгажосць і непаўторнаць. Летась падарыў сваёй выбранніцы шыкоўную ніжнюю бялізну. Яна, шчыра кажучы, марыла пра новы тэлефон, ды мой варыянт, мяркую, атрымаўся больш выйгрышным, бо ён спадабаўся і мне таксама. Карацей кажучы, сумясціў прыемнае з карысным.
Анатоль БАБІЧ, сезонны рабочы:
– Мы гатовыя хоць неба пакласці да вашых ног, а вам можа не спадабацца нейкая дробязь – і пішы, прапала. Не буду нават замарочвацца наконт таго, што купіць жонцы і дочкам – дам грошы, няхай выбіраюць самі. Да таго ж, найлепшы падарунак для іх – гэта я. (Смяецца).
Міхаіл БОЙКА, вадзіцель:
– Аднойчы падарыў сваёй жанчыне суперсучасны прас: яна цэлы тыдзень напярэдадні скардзілася, што стары прыбор зусім знасіўся. Аднак асаблівага задавальнення прэзентам нешта не заўважыў. Па-мойму, падарунак павінен быць практычным, у яе ж на гэты конт, пэўна, іншае меркаванне. Цяпер я пытаюся ў каханай, што купіць на свята і ў якой гандлёвай кропцы гэта рэч знаходзіцца – каб дакладна дагадзіць.
Аляксандр МІКАЛАЕЎ, фатограф:
– Прафесія дазваляе зрабіць каханай сапраўды шыкоўны сюрпрыз: прыгожую фотасесію. Менавіта праз мастацтва, якім жыву і дыхаю, хачу расказаць сваёй каралеве пра пачуцці. Акрамя таго, па традыцыі ў жаночы дзень пойдзем з дзяўчынай у рэстаран, замовім яе любімыя стравы і напіткі. Калі загадзя прадумаць сцэнарый, дык свята абавязкова пройдзе на “ўра”.
P.S.  Вось і атрымліваецца: жаданні жанчын не зусім супадаюць з уяўленнямі і прапановамі мужчын, а ў асобных выпадках нават зусім не супадаюць. Кажаце, гатовыя пакласці да нашых ног неба? Ды, можа, тое, што вы называеце небам, ні што іншае, як звычайны палавік. Хто мае рацыю, а хто вінаваты ў перадсвяточнай бітве палоў – выявіць цяжка, бо кожны бок мае свае “жалезныя” аргументы. Таму і нам, і вам жадаем прыслухоўвацца адзін да аднаго і не баяцца праяўляць фантазію (дарэчы, не толькі ў святы). Мужчыны не такія прымітыўныя стварэнні, якімі іх бачаць некаторыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, а жанчыны зусім не капрызныя. Ну, можа, трошачкі…
Выслухалі і запісалі
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”, Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На пытанні карэспандэнта “Народнай трыбуны” адказвае начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама генерал-маёр Іван САЎЧЫЦ

Следующая запись

У салоне “Скарбніца” па вул. Савецкай, 54 у Брэсце праходзіць выстава маладых мастакоў