Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • На пытанні карэспандэнта “Народнай трыбуны” адказвае начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама генерал-маёр Іван САЎЧЫЦ

На пытанні карэспандэнта “Народнай трыбуны” адказвае начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама генерал-маёр Іван САЎЧЫЦ


– Штодзённа  зводкі паведамляюць аб злачынствах. Тут і кра-дзяжы, і махлярствы, і рабаванні, і забойствы… Якія з іх найбольш хвалююць кіраўніцтва брэсцкай міліцыі?
– За мінулы год на тэрыторыі вобласці зарэгістраваны 11656 злачынстваў, у тым ліку каля 7 тысяч – па лініі крымінальнага вышуку. У параўнанні з папярэднім годам адбыўся рост эканамічных злачынстваў (на 0,8 працэнта), а таксама ў сферы абароту наркатычных рэчываў і процідзеянні гандлю людзьмі (на 5,8 працэнта). Вельмі трывожыць праблема алкагалізацыі насельніцтва. 33,6 працэнта злачынстваў утвораны асобамі, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане.
Аб негатыўных наступствах ужывання насельніцтвам алкаголю сведчаць дадзеныя абласнога ўпраўлення статыстыкі: на Брэстчыне за 2012 год ад выпадковага атручвання алкаголем загінула 268(!) чалавек. Асноўнай прычынай гібелі людзей з’яўляецца перадазіроўка алкагольнымі напіткамі ў спалучэнні з працяглым іх ужываннем перад смерцю. Увогуле я лічу, што сёння ў нашым грамадстве дзве галоўныя праблемы, над якімі трэба працаваць не толькі міліцыі і іншым праваахоўным органам, а ўсім разам – і грамадскім арганізацыям, і медыцыне, і школе, і сям’і ў першую чаргу. Адну з іх я назваў вышэй – гэта алкагалізацыя насельніцтва. Па ўзроўні ўжывання алкагольных напіткаў Беларусь сёння знаходзіцца на адным з першых месцаў у Еўропе.
Ну і праблема наркотыкаў. Яна страшная тым, што губіць нашу моладзь. Нядаўна на “прамую лінію” мне патэлефанавала жанчына і маліла, каб міліцыя арыштавала і… пакарала яе сына-наркамана, бо сама яна ўжо нічога не можа зрабіць. Разумееце, да чаго дайшла праблема, калі родная маці просіць, каб арыштавалі ўласнага сына!
– А ў цэлым крымінагенная сітуацыя ў вобласці становіцца горшай ці лепшай?
– Узровень злачыннасці ў разліку на 10000 насельніцтва на Брэстчыне самы нізкі сярод іншых рэгіёнаў рэспублікі – 83,7 (у 2011 годзе гэты паказчык складаў 107,8). Колькасць забойстваў, напрыклад, знізілася амаль у два разы – з 62 у 2011 годзе да 39 у 2012-м, колькасць злачынстваў у сельскай мясцовасці –
на 25,4 працэнта, непаўналетнімі – на 13,9 працэнта, махлярстваў – на 50,5 працэнта, крадзяжоў – на 23,5 працэнта. Ды і ў цэлым за мінулы год зарэгістравана на 3410 злачынстваў менш, чым за папярэдні. І ў гэтым не толькі заслуга міліцыі, але і самога насельніцтва рэгіёна, які вызначаецца культурай, цывілізаванасцю і павагай да закону.
– А як з раскрывальнасцю? Ці заўсёды ўдаецца давесці расследаванне да лагічнага завяршэння?
– Вядома ж, ідэальны варыянт, каб раскрывальнасць была стапрацэнтнай. Аднак такога не бывае ні ў адной краіне свету. Галоўны ўпор робіцца на тое, каб не засталіся непакаранымі асобы, якія здзейснілі цяжкія злачынствы, накіраваныя супраць чалавека, яго жыцця і здароўя. Тут у брэсцкай міліцыі сітуацыя складваецца нармальна: у 2012 годзе ўстаноўлены ўсе асобы, якія падазраваліся ў забойствах, нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаваннях.
– У апошнія гады берасцейцы актыўна купляюць аўтатранспарт, прычым пераважна  іншамаркі, якія характарызуюцца ў першую чаргу высокімі скарасцямі. Гэта, напэўна, ускладніла сітуацыю на дарогах вобласці?
– Сапраўды, па колькасці аўтатранспарту Брэстчына займае сёння другое месца ў рэспубліцы пасля Мінска. Ды і транзітных транспартных сродкаў шмат. Летась у вобласці зарэгістравана 689 дарожна-транспартных здарэнняў (на 17 працэнтаў менш, чым за 2011-ы). У выніку іх 166 чалавек загінулі (на 7,8 працэнта менш) і 708 – атрымалі раненні (на 5,9 працэнта менш). 103 ДТЗ утвораны вадзіцелямі, якія былі ў нецвярозым стане. Гэта лічба таксама на 18,3 працэнта меншая, чым была год назад. Як бачым, сітуацыя на дарогах стабілізуецца і таму, што вадзіцелі становяцца больш дысцыплінаванымі,  ды і Дзяржаўтаінспекцыя дзейнічае больш эфектыўна.
– Якія раёны вобласці найбольш крымінагенныя і чаму? Праваахоўныя органы не дапрацоўваюць ці злачынны свет там самы актыўны?
– Амаль 25 працэнтаў злачынстваў у мінулым годзе зарэгістраваны ў Брэсце. А калі дадаць да абласнога цэнтра яшчэ Баранавічы і Пінск, дык у гэтых трох буйных гарадах адбываецца каля паловы ўсіх злачынстваў. Аднак гэта не значыць, што менавіта там самая горшая міліцыя ці самыя разумныя злачынцы. Проста вялікія гарады заўсёды прыцягваюць лю-дзей, якія не ў ладах з законам – у гэтых населеных пунктах і магчымасцей больш, і схавацца прасцей. Вялікі горад, як гаворыцца, не маленькая вёска, дзе ўсё на вачах.
– Раскрыццё кожнага злачынства – гэта нястомная праца многіх супрацоўнікаў, ад участковага інспектара да начальніка аддзела ўнутраных спраў. Як вядзецца кадравая работа, каб у міліцыі працавалі лепшыя людзі? На што Вы звяртаеце ўвагу ў першую чаргу пры падборы кіруючых кадраў?
– Мы ж падбіраем супрацоўнікаў не ў замежных краінах, а сярод мясцовага насельніцтва. Таму прыходзіцца карыстацца тымі людзьмі, якія ёсць. Хачу заўважыць, што за апошняе 10-годдзе сітуацыя значна змянілася да лепшага. Цяперашняе маладое пакаленне стала больш прагматычным, ведае, чаго хоча, да чаго імкнецца. Адпаведна іншай стала і крымінагенная абстаноўка. Раней былі гады, калі ў вобласці рэгістравалася да 160 забойстваў. Цяпер такога няма – і гэта радуе. Думаецца, тут значная заслуга і органаў дзяржаўнай улады, і грамадскіх арганізацый, і міліцыі ў тым ліку…
Што ж тычыцца падбору кадраў на кіруючыя пасады, мой асабісты пункт погляду на гэтае пытанне адназначны: лічу, што рыба гніе з галавы. Ад кіраўніка аддзела, службы, падраздзялення залежыць работа ўсяго калектыву. Калі, напрыклад, начальнік аддзела “спіць” на працы, дык і яго падначаленыя не імкнуцца да актыўнасці. Таму пры падборы кандыдатаў на кіруючыя пасады я ў першую чаргу звяртаю ўвагу на іх чалавечыя якасці, потым – на тое, што яны ўяўляюць сабой як прафесіяналы. Ну і, па-трэцяе, як адносяцца да справы, ці ўмеюць арганізаваць работу калектыву. Вядома ж, здараюцца памылкі пры падборы кадраў. Дарэчы, як і ў любым працоўным калектыве. Хто не працуе, той не памыляецца –
гэта аксіёма. Мы не баімся свае памылкі прызнаваць і пазбаўляемся ад такіх людзей.
– Праз некалькі дзён Ваша прафесіянальнае свята – Дзень міліцыі. Што б Вы хацелі пажадаць сваім калегам?
– Моцнага здароўя, вялікага чалавечага шчасця, надзейнага сямейнага тылу і эфектыўнай працы. Каб у кожным доме, у кожнай маленькай вёсачцы і вялікім горадзе былі мір, спакой і парадак!
Інтэрв’ю правёў
Вячаслаў БУРДЫКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля