Беларусь

Брэст сустрэў “У тумане”


У абласным цэнтры дэманструецца карціна Сяргея Лазніцы
Абмяркоўваць карціну “У тумане” пачалі задоўга да сусветнай прэм’еры: спроба Сяргея Лазніцы зрабіць фільм па ваеннай аповесці Быкава ў шматлікіх прыхільнікаў кіно выклікала як мінімум цікаўнасць. На тых жа, хто з сінематографам пераважна на “вы”, паўплывала тое, што ўпершыню фільм з удзелам беларускіх вытворцаў трапіў у асноўную праграму славутага Канскага кінафестывалю. Адтуль, дарэчы, рэжысёр – ураджэнец Баранавіч – вярнуўся з прэстыжнай узнагародай: спецыяльным прызам Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў “FIPRESCI”.
Фестывальны лёс карціны “У тумане” склаўся як нельга лепш. Пасля прызнання ў Канах, дзе Лазніца паспяхова дэбютаваў яшчэ ў 2010-м са стужкай “Шчасце маё”, фільм сабраў шэраг іншых узнагарод. Сярод іх – Гран-пры VI Міжнароднага кінафестывалю імя А. Таркоўскага “Зеркало”, галоўныя прызы на форуме “Залаты абрыкос” у Ерэване і III Адэскім міжнародным кінафэсце. Знаёмства беларускага гледача са стужкай таксама адбылося ў рамках  чарговага форуму – Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, дзе журы на чале з расійскім рэжысёрам Андрэем Звягінцавым прысудзіла карціне Гран-пры.
Ну, а брэсцкая публіка атрымала магчымасць ацаніць новую работу земляка Сяргея Лазніцы напрыканцы мінулага тыдня. 21 лютага адразу два буйныя кінатэатры ў абласным цэнтры – “Беларусь” і “Мір” – запрасілі прыхільнікаў сінематографа на чаканую прэм’еру. Аднак тыя, хто не паспеў паглядзець фільм у першыя пракатныя дні, змогуць зрабіць гэта, напрыклад, у бліжэйшыя выхадныя: карціна “У тумане” застанецца ў афішы да 6 сакавіка.
Гістарычная драма прадстаўлена як сумесная вытворчасць Беларусі, Расіі, Германіі, Латвіі і Нідэрландаў. Яе дзеянні разгортваюцца ў 1942 годзе на тэрыторыі акупаванай фашысцкімі захопнікамі Беларусі. Галоўнага героя – пуцявога абходчыка Сушчэню – на экране ўвасобіў акцёр Уладзімір Свірскі.
У інтэрв’ю айчынным сродкам масавай інфармацыі Сяргей Лазніца адзначыў: пра экранізацыю менавіта гэтай аповесці Быкава ён задумваўся яшчэ 10 гадоў таму, калі сам аўтар быў жывы. Рэжысёр сцвярджае, што яго кіно – хутчэй пра людзей у пэўных абставінах, чым пра вайну. Зрэшты, разабрацца, так гэта ці не, і вынесці свой вердыкт цяпер можа фактычна кожны брастаўчанін.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Даведка “НТ”
Сяргей ЛАЗНІЦА нарадзіўся 5 верасня 1964 года ў Баранавічах. Адукацыю атрымаў у Кіеве па спецыяльнасці “Інжынер-матэматык”. Некаторы час працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце кібернетыкі, паралельна займаўся перакладамі з японскай мовы. У 1991-м Лазніца прыняты ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі на аддзяленне ігравога кіно (майстэрня Наны Джарджадзэ). Даволі працяглы час рэжысёр здымаў дакументальныя стужкі. Яго дэбютны мастацкі фільм “Шчасце маё” выйшаў у 2010 годзе і адразу трапіў у асноўную праграму Канскага кінафестывалю. Карціна “У тумане” – другі па ліку ігравы фільм Сяргея Лазніцы і першы, заснаваны на творы класіка беларускай літаратуры.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля