Беларусь

Берасцейцы ў “Маладосці”


Кожны нумар штомесячнага літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса “Маладосць” – значная падзея ў духоўна-культурным жыцці, у мастацка-эстэтычным успрыманні рэчаіснасці. Як жа адзначыліся берасцейскія аўтары на старонках гэтага выдання ў мінулым годзе?

У майскім нумары раздзел паэзіі адкрываецца вершамі Марыі Кобец з Пінскага раёна. Паэтычная падборка пад назвай “На шчасце і на долю” высвятляе грані радасці і самотнасці, душэўнага настрою паэткі:
У бярозы галінах
Ружавее зарніца.
Можа й я ў чым павінна,
Што матулі не сніцца?..
У раздзеле “Крытыка” часопіс прапануе ўвазе чытачоў фрагменты з дзённіка Міколы Купрэева, дзе апавядаецца пра прыезд пісьменніка ў вёску Чудзін. Там ён пэўны час настаўнічаў. Тут жа публікуюцца яго рускамоўны абразок і беларускамоўны верш студэнцкіх часоў.
8-мы нумар “Маладосці” гасцінна даў свае старонкі для многіх берасцейскіх пісьменнікаў. Зінаіда Дудзюк, аўтар многіх паэтычных і празаічных твораў, сталы драматург, знаёміць чытачоў з новай п’есай “Нарадзіўся я ліцвінам”. У палеміцы яе герояў высвечваецца трагічны лёс нашага краю. Носьбітамі гістарычных па-дзей выступаюць дзейныя асобы: Касцюшка, Людвіка, Панятоўскі, Павел – імператар Расіі…
Аўтар некалькіх дэтэктыўных раманаў Вячаслаў Бурдыка выступае ў часопісе з апавяданнем “Паход у Траццякоўку”. Сюжэт яго займальны, на злабадзённую тэму і ўспрымаецца пераканаўча.
“Шэпт стомленай затокі” – так называецца апавяданне Міколы Бусько. Аўтар запрашае чытача спрычыніцца душой да прыроды, адчуць замілаванасць хараством.
Шырока прадстаўлены на старонках часопіса паэтычныя таленты Берасцейшчыны. Настасся Нарэйка працуе ў рэдакцыі раённай газеты “Навіны Камянеччыны”. Падборка вершаў называецца “Звонку і ўнутры”. Вобразнае ўспрыманне рэчаіснасці і філасафічнае адлюстраванне пачуццяў нараджае мноства асацыяцый, якія патрабуюць удумлівага чытання.
З паэтычнай падборкай пад назвай “Даспелым яблыкам” з чытачамі “Маладосці” вядзе гаворку Васіль Дэбіш.
Паэтычны раздзел “Непазбежнасць сіняй вышыні” аб’яднаў творы паэтаў Святланы Локтыш, Марыі Кобец, Анатоля Галушкі, Міколы Антаноўскага, Галіны Бабарыкі, Любові Дзікавіцкай, Валерыя Кухарчука. Як зазначаюць рэдакцыйныя ўступныя радкі да вершаў нашых аўтараў: “Знаёмыя імёны прыемна здзіўляюць свежасцю рыфмаваных знаходак. Ад класічнай жаночай паэзіі – да пейзажыстыкі і глыбокай філасофіі. Берасцейцы пішуць вершы на любы, нават на самы патрабавальны густ, і гэта радуе”.
У раздзеле “Крытыка” змешчаны артыкул Ігара Гетмана “Пачатак вяртання” – да юбілеяў Уладзіміра Калесніка і літаратурнай прэміі яго імя. У гэтым жа раздзеле 8-га нумара “Маладосці” надрукаваны артыкул Аляксея Каўко “Успамін пра Коласа”. На кнігу пісьменніка Анатоля Крэйдзіча “Роднае, шчымлівае” журналіст Аляксандр Іваноў напісаў рэцэнзію “Шчымлівае, таму што роднае”.
У 9-ым нумары “Маладосці” друкуецца фантастычная аповесць Сяргея Белаяра (Мартынюка), які нарадзіўся ў Брэсце. У 2011 годзе ён заняў трэцяе месца па выніках Брэсцкага абласнога літаратурнага конкурсу “Мы рождены для вдохновения” і другое месца ў літаратурным конкурсе фантастычных апавяданняў выдавецтва “Новая реальность” (Масква).
У 12-ым нумары “Маладосці” ўпершыню надрукавалася Гануля Пухала, родам з Пінска. Яе абразкі аб’яднаны агульным загалоўкам “Сустрэчы, якія змяняюць жыццё”.
…Творчасць прадаўжаецца. Творчасць заўсёды натхняе і спрыяе на шляху да храма душы. Тым больш з “Маладосцю”.
Георгій ТАМАШЭВІЧ,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля