“Па жыцці трэба крочыць з усмешкай”
Так лічыць Таццяна Бушкевіч – “Жанчына года-2010” Іванаўскага раёна
Таццяна Антонаўна – чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яна ўзначальвае жансавет, мясцовае аддзяленне “Сялянка”, ветэранскую арганізацыю, з’яўляецца дэпутатам сельскага і раённага Саветаў, галоўным ідэолагам ААТ “Дружылавічы”.
Па жыцці жанчына імкнецца ісці толькі з усмешкай. Усе справы ў яе ладзяцца: калі прыгатуе абед – пальчыкі абліжаш, калі звяжа кофтачку – любая модніца пазайздросціць, калі заспявае – душа радуецца. А якія вершы складае! Невыпадкова ўсе культурна-масавыя мерапрыемствы ў гаспадарцы праходзяць пад яе эгідай і з яе непасрэдным удзелам.
Сустрэць як след нованароджанага ці правесці ў апошні шлях убеленага сівізной ветэрана, арганізаваць яркае і запамінальнае вяселле ці наладзіць урачыстыя праводзіны ў войска – усё гэта, як гаворыцца, у кампетэнцыі Таццяны Бушкевіч. У гаспадарцы пастаянна праводзяць мерапрыемствы для маладых сем’яў, у прыватнасці – жанчын, якія жывуць са свёкрам і свякрухай, а для неспрактыкаваных маці запрашаюць для кансультацый з райцэнтра юрыстаў і медыкаў. У планах – адкрыццё баскетбольнай секцыі, каб далучыць вясковых жанчын да актыўнага ладу жыцця. Мячы ўжо закуплены. Любая жаночая ініцыятыва прымаецца вяскоўцамі на “ўра” .
– У глыбінцы жывуць пажылыя людзі, якія паважаюць і шануюць чалавека за клопат, увагу і даверлівыя зносіны. Для іх сапраўдная прыгажосць заключаецца ў душэўнасці, спачуванні і дабрыні. Фанабэрыстасці і ганарыстасці сельскі жыхар не прымае, – лічыць наша гераіня.
Шчырая і адкрытая па жыцці, Таццяна Антонаўна ніколі не спыняецца на дасягнутым, хоць часам так хочацца проста паленавацца. Але яна стараецца “сціскаць у кулак” сілу волі і прымушае сябе рабіць зарадку, увечары чытаць Евангелле, вучыць… нямецкую мову. Яна цвёрда пераканана: усё дабро, аддадзенае людзям, вяртаецца да чалавека. Бо дабро – гэта вялікая сіла і адна з галоўных жаночых вартасцей.
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
Іванаўскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.