Беларусь

Дэбют рубрыкі “Прэм’ер-ліст”


З надыходам вясны не толькі прырода спяшаецца, так мовіць, змяніць імідж: прыемныя метамарфозы чакаюцца і на старонках “НТ”. Цяпер у нас (а таксама і ў вас) з’явіцца ўласны гід па культурнай афішы Брэста  – рубрыка “Прэм’ер-ліст”. Яна раскажа пра актуальныя рэлізы ў кіназалах абласнога цэнтра, пазнаёміць з апошнімі навінамі тэатральнага асяроддзя, запросіць на выставы, канцэрты і іншыя цікавыя падзеі. Не ведаеце, як максімальна карысна правесці вольны час? Мы дапаможам знайсці правільны варыянт.

Кіно: маўчанне дзяўчат і дзівацтвы мужчын
Вясна – з’ява ўніверсальная. І мужчыны, і жанчыны чакаюць яе з аднолькавым нецярпеннем. А кінатэатры Брэста, у сваю чаргу, чакаюць і першых, і апошніх, каб “пачаставаць” ладнай порцыяй кіно.
Першая лыжачка – за маму, а дакладней, за прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, бо менавіта на іх разуменне разлічана новая камедыя Карэна Аганясяна “Аб чым маўчаць дзяўчаты”. Рэжысёр карцін “Я застаюся” і “Пяць нявест” на гэты раз прапануе паглыбіцца ў супярэчлівы свет жанчын. У цэнтры аповяду – чатыры сяброўкі ў выкананні Юліі Перасільд, Алесі Судзілоўскай, Вольгі Смірновай і Таісіі Вілковай. У кадры – выявы сонечнай Іспаніі чаргуюцца з асляпляльнымі ўборамі галоўных гераінь, а немудрагелістая балбатня крок за крокам пераходзіць у шчырыя размовы.
Аднак стужка зацікавіць хутчэй прыхільнікаў тэлевізійнага “мыла”, чым кінагурманаў. Тое ж можна сказаць і пра яшчэ адну нядаўнюю прэм’еру ад Сарыка Андрэясяна “Што вытвараюць мужчыны!”, якая стартавала ў брэсцкім пракаце ў апошні дзень зімы.
Стужка паставіць у эпіцэнтр падзей таксама чацвёрку сяброў. Але замест рамантыкі, характэрнай для жаночага кіно, нам прапануюць “паласавацца” гумарам ніжэй пояса. Па сюжэце за пяць дзён выдатная чацвёрка павінна спакусіць як мага больш жанчын. У гэтым сутнасць гульні з галоўным прызам у паўмільёна долараў ЗША. Аднак, як заўжды бывае ў падобным кіно, у правіла гульні раптам умешваецца каханне…
У афішы кінатэатра “Мір” у абласным цэнтры на наступным тыдні застанецца і карціна “Каханне па-даросламу” – сіквел папулярнай маладзёжнай камедыі 2007 года “Трошкі цяжарная”. А ў вялікай зале кінатэатра “Беларусь” літаральна ўчора адбылася прэм’ера фільма “21 і больш” ад сцэнарыстаў і прадзюсараў нашумелага “Хлапечніку ў Вегасе”, аднолькава любімага прадстаўнікамі абодвух палоў.
Тэатр: чакаем “На дне”
Рэпертуар Брэсцкага абласнога акадэмічнага тэатра драмы хутка папоўніцца чарговай навінкай: да выхаду ў свет рыхтуецца спектакль “На дне” па аднайменнай п’есе Максіма Горкага. У творчай біяграфіі рэжысёра пастаноўкі Цімафея Ільеўскага гэта далёка не першая спроба работы з рускай класікай: ёй папярэднічалі “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага, “Шынель” Гогаля, “Тры сястры” Чэхава. Прэм’ера “На дне”, заяўленая як сцэны ў двух дзеяннях, запланавана на 20 сакавіка.
Першы вясновы месяц парадуе прыхільнікаў Мельпамены і пастаноўкамі, якія ўжо набылі сімпатыю гараджан. У іх ліку – “Чорны анёл з белымі крыламі”, “Над прорвай у жыце”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Прымакі”, узгаданае “Злачынства і пакаранне”, а таксама іншыя. Апошні, дарэчы, з некаторага часу граецца ў абноўленым складзе. Першапачатковая версія спектакля, якая ў 2008-м атрымала дыплом за лепшую сцэнаграфію на Міжнародным тэатральным форуме “Белая Вежа”, доўгі час знаходзілася ў рэжыме “паўзы”. Пасля невялічкага касметычнага рамонту напрыканцы мінулага года “Злачынства і пакаранне” зноў з’явілася ў тэат-ральнай афішы. А ролі Радзівона Раскольнікава і Соні Мармеладавай на гэты раз дасталіся маладым перспектыўным акцёрам Вячаславу Цыцкоўскаму і Кацярыне Яцкавец.
Канцэрты: вясна, жанчыны і… Ігар Пашэчка

На канцэртную праграму з красамоўнай назвай “Пра каго спяваюць мужчыны” запрашае творчы тандэм двух Ігараў – Пашэчкі і Мухі. Фронтмены гуртоў “DramRockStudio” і “Спасение” аб’ядналіся ў Міжнародны жаночы дзень, каб павіншаваць столькі віноўніц урачыстасці, колькі зможа ўмясціць арт-клуб “Кирпич” – менавіта там дыслакуецца шоу. А спяваюць мужчыны пра жанчын! Прынамсі, сёння, акурат у 20.00, так яно і будзе.
Што яшчэ цікавіць прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва гэтай вясной – даведаемся крыху пазней. 23 сакавіка ў бары “На Тэатральнай” зноў “засядзе” неўтаймоўны Ігар Пашэчка з чарговым праектам “Музычны P.S.”. Акрамя музыкантаў “DramRockStudio”, у ім паўдзельнічаюць і акцёры Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, а плэй-ліст вечара складзе музыка са спектакляў “Чорны анёл з белымі крыламі”, “Над прорвай у жыце”, “Слуга двух спадароў”. Падобны выбар цалкам матываваны і абумоўлены прыналежнасцю канцэрта да іншага свята – Міжнароднага дня тэатра.
Свае варыяцыі на тэму вясны прэзентуе і сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Назву лірычны сюрпрыз ад слыннага калектыву будзе мець адпаведную – “Вясна ідзе”, а музычным напаўненнем канцэрта, запланаванага на 9 сакавіка, стануць лепшыя творы Ісаака Дунаеўскага. Карацей кажучы, “страва” акурат для сапраўдных музычных гурманаў.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля