11 жніўня – Дзень будаўніка
На фота: Ігар Кудакоў, Вадзім Велікаселец, Андрэй Гарустовіч і Аляксей Малажай
Стваральнікі – так ганарова называюць людзей самай мірнай у свеце прафесіі
З ГІСТОРЫІ
Стваральнікамі з моманту заснавання арганізацыі з’яўляюцца і работнікі Пружанскай перасоўнай механізаванай калоны №21 дзяржаўнага вытворчага праектна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Аб’яднанне Брэст-аблсельбуд”. А адбылося гэта ў лютым 1958 года: менавіта тады, 55 гадоў таму, па рашэнні абласных інстанцый на базе будаўнічага аддзела райвыканкама і створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя. Яе асноўная задача – узвядзенне аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння ў калгасах.
І ўжо крыху больш чым праз год у эксплуатацыю здаецца першы аб’ект – кароўнік на 200 галоў у вёсцы Агароднікі. Адначасова будаўнікі рамантавалі ў калгасах розныя пабудовы вытворчага прызначэння: цялятнікі, свінарнікі, мехдвары. Далей – больш. Аб’ём будаўніча-мантажных работ павялічваўся. Паступова ўмацоўваўся і матэрыяльна-тэхнічны патэнцыял калоны.
На фота: кіраўнік ПМК-21 Васіль Лук’янчук
За больш чым паўвека гэта будаўнічая арганізацыя неаднойчы пераймяноўвалася, рэфармавалася, мяняліся яе кіраўнікі. Ды толькі асноўны кірунак дзейнасці заставаўся тым жа – стваральным. Праўда, апошнім часам ён значна пашырыўся. На рахунку калектыву ПМК-21, акрамя шматлікіх аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння ў раёне і за яго межамі – прыгожыя сучасныя катэджы ў многіх населеных пунктах Пружаншчыны, адміністрацыйныя будынкі і жылыя шматпавярхоўкі ў райцэнтры. Сапраўдным упрыгажэннем горада сталі будынкі раённага аддзела сацыяльнай абароны, пракуратуры, цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а яшчэ – помнік спаленым вёскам. У Шарашове адметным збудаваннем з’яўляецца аддзяленне ААТ “Беларусбанк”, у вёсцы Вялікае Сяло – Свята-Рымскі каталіцкі касцёл. На рахунку калектыву – станцыя абезжалезвання вады ў райцэнтры, ачышчальныя збудаванні і дзіцячы сад цэментнага завода ў Ваўкавыску Гродзенскай вобласці, санаторый для ветэранаў вайны і працы “Белая вежа” ў Камянецкім раёне. Гэта толькі невялікая частка аб’ектаў, узведзеных стваральнікамі з Пружанскай ПМК-21, якую вось ужо 18-ты год узначальвае Васіль Лук’янчук. А колькі іх усяго на ліку арганізацыі, канкрэтна зараз, бадай, ніхто не скажа.
Дарэчы, біяграфія дзявятага кіраўніка калоны цесна звязана з гэтай будаўнічай арганізацыяй. Тут выпускнік Брэсцкага будаўнічага інстытута пачынаў сваю працоўную дзейнасць майстрам. Пазней узначальваў прарабскі ўчастак. Працаваў на пасадзе галоўнага інжынера, а ў сакавіку 1995 года Васіль Сцяпанавіч узначаліў калону. Будаўнік па прызванні, неабыякавы чалавек, ён сэрцам успрымае ўсё, што адбываецца ў галіне і вакол яе. А ад сваіх падначаленых патрабуе якаснага выканання будаўніча-мантажных работ – каб нясорамна было перад людзьмі…
У ЛІЧБАХ
У цяперашні час ПМК-21 з’яўляецца флагманам будаўнічай галіны раёна і адным з лепшых прадпрыемстваў аб’яднання “Брэст-аблсельбуд”. Пра гэта гавораць дасягненні арганізацыі. За першае паўгоддзе сёлета выручка ад рэалізацыі дасягнула 30,6 мільярда рублёў пры прагнозе 26,3 мільярда. Прадукцыйнасць працы склала 101,1 працэнта да прагнозу і 128 працэнтаў да мінулага года, а сярэднямесячная зарплата – больш за 4,6 мільёна рублёў (119,1 і 176,1 працэнта да прагнозу і мінулага года адпаведна).
На фота: Віталь Крышчык, Сяргей Трышкевіч, Пётр Макарэвіч і Сяргей Імховік
Стаць лідарам на рынку будаўнічых паслуг сярод арганізацый раёна ПМК-21 удалося, дзякуючы адукаванаму і ўзважанаму падыходу кіраўніцтва да пастаўленых задач, наяўнасці кваліфікаванага персаналу служачых і рабочых, пастаяннай мадэрнізацыі вытворчай базы. На працягу пяці апошніх гадоў тут набыта 11 МАЗаў розных мадыфікацый, 8 пагрузчыкаў “Амкадор” і 2 “Маніту”, 2 экскаватары, 3 бульдозеры, 8 аўтакранаў, 4 аўтабетоназмяшальнікі, аўтабетоназмяшальнік з самазагрузкай “Fiori”, шмат іншай тэхнікі. Дзякуючы сучаснай механізацыі і абсталяванню, расце прадукцыйнасць працы – скарачаюцца тэрміны будаўніцтва аб’ектаў, павялічваюцца аб’ёмы будаўніча-мантажных работ, зніжаецца іх сабекошт, павышаецца ўзровень рэнтабельнасці. А асноўныя ўдзельнікі гэтага – людзі: інжынерна-тэхнічныя работнікі, вадзіцелі, механізатары, муляры, бетоншчыкі, цесляры. Яны – галоўнае багацце ПМК.
ГАЛОЎНАЕ БАГАЦЦЕ
Сярод тых, хто аднойчы выбраў прафесію будаўніка і знайшоў сябе на прадпрыемстве, не толькі сам кіраўнік ПМК-21 Васіль Лук’янчук. Гонар калектыву – прарабы Дзмітрый Вараб’ёў, Андрэй Солад, Андрэй Кабрынец, майстры Яўген Шамяцюк, Аляксей Казлоў, Дзмітрый Себялеў, майстар падсобнай вытворчасці Аляксандр Хілько. Больш за 20 гадоў працуюць у ПМК вадзіцелі МАЗаў Уладзімір Кунда і Мікалай Ярома. Ветэранамі калоны без перабольшання можна назваць начальніка планавага аддзела Таісію Венско, вадзіцеля аўтобуса Канстанціна Пракопчыка, бульдазерыста Аляксандра Дарафейчука, муляра Пятра Макарэвіча, якія ў арганізацыі больш за 30 гадоў. Гэта той касцяк, вакол якога грунтуецца калектыў.
На фота: Аляксандр Трус, Таццяна Солад, Дзмітрый Себялеў
Муляры Сяргей Якубоўскі, Мікалай Старынскі, Мікалай Гульковіч, Віталь Пракопчык, браты Аляксандр і Сяргей Кавыліны (некалі тут працаваў іх бацька), цясляр Ігар Мелеш, бетоншчык Сяргей Валюшка, машыністы раствора-бетоннага вузла Андрэй Царкасевіч і Сяргей Грышкевіч прыйшлі ў калону пазней, але паспелі зарэкамендаваць сябе адказнымі і вопытнымі майстрамі, якім давяраюць самую складаную работу. Прыжываюцца ў арганізацыі і выпускнікі Бярозаўскага ліцэя, з якім яна супрацоўнічае. Муляры Сяргей Пінчук, Дзяніс Гук і Дзмітрый Сацюк менавіта адтуль. А многія работнікі калоны прыйшлі сюды ўслед за бацькамі.
ПРАЦОЎНЫЯ ДЫНАСТЫІ
Яны – асобны гонар калектыву. Значыць, прыклад бацькоў пайшоў на карысць дзецям. Аляксандр Пілюцік працуе слесарам, а яго сын Дзяніс – вадзіцелем. Сын вадзіцеля аўтобуса Канстанціна Пракопчыка Віталь – муляр. Іосіф Велікаселец – рамшчык, а яго сын Вадзім таксама муляр. Браты Канстанцін і Сяргей Шыленка – машыністы экскаватара, а Кавыліны – муляры.
На фота: Дзяніс Пілюцік
Самай жа прадстаўнічай дынастыяй у ПМК-21 з’яўляецца сям’я Соладаў. Юрый Солад працуе вадзіцелем, яго жонка Таццяна – начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела, пляменнік Андрэй – прараб, а дачка Таццяна – эканаміст. І няхай дзеці выбралі не тую спецыяльнасць, што ў бацькоў, усе яны – стваральнікі, бо шчыруюць на ўзвядзенні аб’ектаў, якія неабходны сельскай гаспадарцы і людзям, што жывуць і працуюць у вёсцы.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Пружанскі раён.
На фота: Сяргей Ліцкевіч, Анатоль Ліхтар, Мікалай Ярома
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.