Беларусь

Магія “жывых” сцен


Своеасаблівая атмасфера “Пружанскага палацыка” трымае ў прыемным палоне не толькі мясцовых старажылаў, але і шматлікіх гасцей

На фота: Крысціна Глушко, Юрый Зялевіч, Наталля Пракаповіч, Марына Каўтунюк — калектыў «Пружанскага палацыка»
24 ліпеня музею-сядзібе “Пружанскі палацык” споўнілася 20 гадоў. За працяглы час свайго існавання культурна-асветніцкі аб’ект неаднойчы прыцягваў увагу грамадскасці і трапляў у самы вір разнастайных падзей. Адным з яркіх пацвярджэнняў гэтага можна назваць сёлетні фестываль эксперыментальнага мастацтва “Рэха ДАХу”, які прайшоў тут у чэрвені і сабраў мноства ўдзельнікаў і гасцей.
І хоць прататып незвычайнага эксперыменту – Міжнародны форум “ДАХ” – праводзіўся ўжо ў Берліне ды Мінску, пружанская імпрэза па сваёй энергетыцы і святочнай атмасферы не саступіла ні кроплі папярэднім гаспадарам фэсту. Арганізатары, сярод якіх – мастакі Зміцер Юркевіч і Аляксандр Родзін, а таксама аматары мастацтва з ліку прысутных не маглі не адзначыць, што сюды хочацца вяртацца зноў і зноў…

ПРА ПАДАРУНКІ, МАШЫНУ ЧАСУ І ВОЧЫ ЗЕМЛЯКОЎ

Нібы нейкая магічная сіла цягне ў гэтыя “жывыя” сцены. Жывыя яны таму, што адвеку не толькі маўкліва назіралі, але і прапускалі праз сябе гісторыю роднага мястэчка: у XIX стагоддзі сядзіба належала маршалку Валенцію Швыкоўскаму, пасля вайны ў будынку размяшчаўся дзіцячы сад, а потым – стаматалагічная паліклініка. Супраць магіі “жывых” сцен не выстаялі і вядомыя асобы – такія, напрыклад, як Юзаф Крашэўскі ці Напалеон Орда: з моманту ўзвядзення палаца яны неаднойчы гасцявалі тут. А сёння гэтая самая магія моцна трымае ў прыемным палоне невялічкі калектыў музея ў складзе дырэктара Юрыя Зялевіча, галоўнага захавальніка фондаў Наталлі Пракаповіч і двух навуковых супрацоўнікаў – Крысціны Глушко і Марыны Каўтунюк. Менавіта на плячах узгаданай чацвёркі ляжыць шматгаліновая дзейнасць установы, якая, між іншым, патрабуе поўнай самааддачы.
– Калі чалавек прыходзіць на працу ў музей, – разважае Юрый Сяргеевіч, – ён павінен разумець, што гэта зусім не лёгкі хлеб. Трэба адрываць ад сябе часцінку і пакідаць тут, бо музей – своеасаблівы храм. Былі такія, хто працаваў спусціўшы рукавы, але надоўга яны не затрымліваліся. Пабочныя людзі праходзяць, і толькі ўлюблёным у сваю справу прафесіяналам наканавана захоўваць і памнажаць усю тую прыгажосць, што знаходзіцца ў гэтых сценах.
Экскурсія па музеі літаральна ў імгненне вока адпраўляе наведвальнікаў у… XIX стагоддзе. Не, машына часу тут не экспануецца, затое па крупінках узноўлены інтэр’ер сядзібы, характэрны для таго перыяду: салон, кветкавая зала, зімовы сад і паляўнічы кабінет. Грант на адкрыццё першай чаргі незвычайнай экспазіцыі музей атрымаў у 2003 годзе са спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны. Другая чарга павінна з’явіцца акурат пасля капітальнага рамонту будынка, які запланаваны на бліжэйшыя тры гады. Аднак некаторая мэбля для будучых пакойчыкаў ужо закуплена і чакае свайго “зорнага” часу. Ацаніць яе змаглі ўсе тыя, хто прыйшоў сюды 2 жніўня, каб у лепшых традыцыях жанру – з выставамі, музыкай і феерверкам – адсвяткаваць другі дзясятак “Пружанскага палацыка”.
Калі гаварыць мовай лічбаў, дык у музейных фондах “прапісалася” звыш 6 тысяч экспанатаў – 33 калекцыі, прадстаўленыя ў 13 экспазіцыйных залах, плюс часовыя выставы. Калектыў музея не прыхоўвае свайго гонару наконт некаторых экспазіцый і мае на гэта ўсе падставы: ну хто з калег можа пахваліцца, напрыклад, самай вялікай калекцыяй твораў народнага майстра Рэспублікі Беларусь Міколы Тарасюка?! Падобная ёсць толькі ў самога разьбяра, ураджэнца вёскі Стойлы, а ў “Палацыку” прадстаўлены дзесьці 100 самабытных драўляных экспанатаў, выкананых у фірменным стылі творцы.
На асаблівую ўвагу наведвальнікаў прэтэндуе і калекцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Юзафа Крашэўскага, польскага пісьменніка, этнографа, гісторыка і публіцыста, які некаторы час жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан. Асновай унікальнай экспазіцыі сталі больш за 100 копій малюнкаў, фотаздымкаў і дакументаў, атрыманыя ў падарунак ад сапраўдных сяброў – мемарыяльнага музея Крашэўскага ў польскім Раманове. Стараннямі пружанцаў з кожным днём збор папаўняецца ўсё новымі прадметамі і на дадзены момант лічыцца самым буйным на прасторы СНД.
Чарговым прадметам гонару ў мясцовых музейшчыкаў лічыцца разьбярны абраз “Тайная вячэра” першай паловы XVII стагоддзя, выяўлены ў вёсцы Варанілавічы. З ім таксама можна было пазнаёміцца падчас адмысловай выставы з нагоды святкавання юбілею. Дарэчы, у гэты дзень супрацоўнікі музея паспрабавалі выставіць на ўсеагульны агляд тое, што не маюць магчымасці экспанаваць штодня: адрэстаўраваную зброю 1863 года, кавалачак гарадскога бруку XVI стагоддзя, меліярацыйныя слупы 30-х гадоў і іншае. А дзясяткі, можа, нават сотні зацікаўленых вачэй землякоў, прыкаваных да ўнікальных экспанатаў, без перабольшання сталі для музея-імянінніка самым найдаражэйшым падарункам.

ПРА ШАГАЛА І ПРУЖАНЫ

З шэрагу сюрпрызаў, што падрыхтаваў музей да свайго 20-га дня нараджэння, гэтаму было наканавана заінтрыгаваць не толькі спецыялістаў у галіне мастацтва. Расказваючы пра яго, дырэктар Юрый Зялевіч нават затрымаў дыханне.
– Толькі адзін дзень будзем паказваць дзве карціны невядомага мастака, але па знакамітых сюжэтах шагалаўскіх твораў, – расказаў ён напярэдадні. – Вызначыць дакладна, Шагал гэта ці не, мы не можам. Экспертам у такіх пытаннях з’яўляецца Шагалаўскі камітэт, што знаходзіцца ў Парыжы, ды адзін толькі выезд ягонага спецыяліста каштуе ад 10 тысяч еўра. Таму можам толькі здагадвацца…
І, як сведчыць гісторыя, небеспадстаўна. Аказваецца, Пружаны таксама маюць дачыненне да знакамітага мастака. Справа ў тым, што ў райцэнтры нарадзіўся адвакат Рыгор Гольдберг. У часы росквіту яго юрыдычнай дзейнасці адвакатам з ліку яўрэяў дазвалялася мець аднаго слугу, і Гольдберг узяў сабе ў памочнікі менавіта Марка Шагала. Дзякуючы свайму дабрадзею, мастак выехаў за межы Віцебска і нават за межы былой Беларусі. Ён апынуўся ў Пецярбургу, дзе пазнаёміўся з іншымі таленавітымі творцамі.

ПРА ЭКСКЛЮЗІЎ АД МЕЦЭНАТАЎ

Знешні і ўнутраны інтэр’ер “Палацыка”, між іншым, мог бы стварыць выдатныя дэкарацыі для нейкага лірычнага фільма. На думку адразу прыходзіць стужка Аўдоцці Смірновай “Два дні”, дзе ў кадры апынуўся амаль ідэнтычны музей. Па сюжэце, каб прыцягнуць увагу да сваіх праблем, кінематаграфічным музейшчыкам прыйшлося “ўзяць у палон” гарадскога чыноўніка. Аднак у Пружанах падобныя меры нават не разглядаюцца, бо музей атрымлівае належную ўвагу як з боку мясцовай улады, так і з боку неабыякавых землякоў.
Вось і славуты збор, прысвечаны Юзафу Крашэўскаму, дапамог папоўніць мясцовы прадпрымальнік, кіраўнік кампаніі “Буддомгруп”  Андрэй Лахніцкі: у адной з гараджанак ён набыў унікальную калекцыю твораў пісьменніка, сярод якіх сустрэліся сапраўдныя рарытэты. А літаральна летась яшчэ адзін Андрэй па прозвішчы Святліцкі з Бабруйска прэзентаваў музею медаль, адліты акурат да 50-годдзя творчай дзейнасці Крашэўскага.
Гэта далёка не адзіныя выпадкі, калі музейная скарбонка папаўнялася сапраўды эксклюзіўнымі рэчамі. На 580-годдзе райцэнтра Іван Чарнякевіч, член Саюза мастакоў Расіі і адзін з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, падарыў гораду тры карціны, якія таксама размясціліся ў экспазіцыйных залах сядзібы. Сваё месца тут знайшоў і шыкоўны раяль канца XIX стагоддзя, прэзентаваны таксама земляком – кіраўніком фірмы “Беломнимед” Барысам Бокшам.

ПРА МАРЫ, КАВЯРНЮ І МЁД

Пружанцы, па словах Юрыя Зялевіча, асаблівыя людзі, якія цікавяцца культурным жыццём і гісторыяй свайго краю. З той толькі адметнасцю, што гэту гісторыю яны жадаюць тварыць самастойна. Таму супрацоўнікі “Пружанскага палацыка” пільна прыслухоўваюцца да грамадскай думкі, а самыя цікавыя ідэі спрабуюць прадставіць у якасці варыянтаў развіцця музейнай сеткі раёна.
Іх насамрэч шмат: музей, прысвечаны яўрэям у будынку былой сінагогі, музей беларускай вёскі з тыповым жыллём і печчу, самабытны музей лесу, музей-майстэрня ганчара, дзе прысутныя змаглі б пазнаёміцца з вырабамі з чорнай керамікі, якімі Пружаншчына некалі славілася. Добра, калі б ваенна-патрыятычны комплекс з’явіўся і ў вёсцы Слабудка на базе былой ваеннай часці, лічаць пружанскія краязнаўцы. Неабходнасць такая ўзнікла, калі ўнікальныя казармы, пабудаваныя з цэглы Брэст-Літоўскай крэпасці, пачалі разбураць.
Яшчэ адна ініцыятыва датычыцца вёскі Папялёва, дзе некаторы час жыў пісьменнік Мікола Купрэеў. Папялёўскі перыяд творцы, адзначыў Юрый Зялевіч, часта параўноўваюць з Болдзінскай восенню Пушкіна. У мястэчку захаваўся будынак Купрэева, у якім нават шпалеры на сценах “дажылі” да нашых дзён – здаецца, выдатны матэрыял для стварэння новага турыстычнага аб’екта накшталт дома літаратара.
Што да “Пружанскага палацыка” – ёсць ідэя пачаць музеефікацыю прысядзібнага парку. Музейныя старажылы мараць абсталяваць гаспадарчы двор у стылістыцы XIX стагоддзя, куды можна было б
перамясціць этнаграфічную экспазіцыю, а таксама ўладкаваць належным чынам калекцыю твораў Міколы Тарасюка. Словам, стварыць у межах сядзібы такі сабе кавалачак вёскі. Мараць музейшчыкі і пра асобную мастацкую галерэю – каб у часовых выстаў нарэшце з’явілася ўласная экспазіцыйная зала, пра музей Юзафа Крашэўскага ў Доўгім, куды б пераехала вялікая калекцыя адпаведных экспанатаў…
Магчыма, у будучым “Пружанскі палацык” паўстане перад сваімі наведвальнікамі менавіта такім – сучасным паркавым комплексам з развітай інфраструктурай, дзе знайшлося б месца і для ўтульнай кавярні, і для невялічкага гатэльчыка на некалькі нумароў. Магчыма, тут будуць разліваць мёд уласнай вытворчасці ці ўсталююць у адной з гаспадарчых пабудоў печ і пачастуюць свежымі, духмянымі пірагамі. Гэта будзе не праз год і не праз два, але ў перспектыве цалкам магчыма. І тады магія “жывых” сцен стане яшчэ больш ачышчальнай, а прыемны палон, у які літаральна з першых крокаў трапляе кожны госць, не адпусціць увогуле.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Пружаны.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля