15 чэрвеня – Дзень медыцынскіх работнікаў
У глыбінцы Палесся знаходзіцца адна з лепшых участковых бальніц рэспублікі
Галоўны ўрач Лунінецкай ЦРБ Ігар Невар сказаў пераканана: “У Чучавіцкай участковай бальніцы выдатная матэрыяльная база, цудоўны калектыў, які ўзначальвае Ганна Паўлаўна Галубовіч – прафесіянал высокага класа і чалавек душэўны, адданы медыцыне”. Пацвердзілі гэтую думку і выказванні пацыентаў, якія інакш, як “наш залаты доктар”, Ганну Паўлаўну і не называлі. Было відавочна, што яе любіць і паважае насельніцтва, а калегі лічаць за гонар працаваць разам.
У адной з самых аддаленых ад райцэнтра вёсак (ад Чучавіч да Лунінца – 50 кіламетраў) 30 год таму ў красавіку адкрылі новы будынак участковай бальніцы, а 1 жніўня сюды на працу пасля інтэрнатуры ў Брэсцкай абласной бальніцы прыехала выпускніца Мінскага медыцынскага інстытута. Ураджэнка Лунінецкага раёна, Ганна Паўлаўна з хваляваннем пачынала самастойную ўрачэбную практыку ў Чучавічах. Перажывала, ці атрымаецца, але ж
старалася. На маладзенькую доктарку зваліўся клопат і пра старых, і пра малых. Нават параіцца не было з кім – хіба што па тэлефоне з калегамі з райцэнтра, ды і то не заўсёды. Таму навучылася прымаць рашэнні самастойна.
Сёння плён працы – 30 год на адным працоўным месцы – не-аспрэчны: такога вопытнага доктара не ў кожнай гарадской медустанове зной-дзеш. Ганна Паўлаўна ведае “балячкі” не толькі чучаўлян, але і жыхароў пяці суседніх вёсак (радыус, як кажуць, зоны абслугоўвання бальніцы –
15 кіламетраў). Па памяці раскажа пра дыягназы, траўмы, аперацыі ці якія казусы, звязаныя з пацыентам, – толькі прозвішча назаві.
У бальніцы ўспамінаюць, як больш чым 10 год таму занядужала жанчына, якая гасцявала ў вёсцы ў бацькоў. Ганна Паўлаўна па сімптаматыцы разабралася, што ў той пазаматачная цяжарнасць. Бура, тэлефоннай сувязі няма, везці пацыентку ў райцэнтр рызыкоўна. Але не разгубілася доктар, праз паштовую службу выклікала хірургічную брыгаду. Аперыравалі ва ўчастковай бальніцы. Жыццё было выратавана. З тае пары штогод удзячная пацыентка віншуе Ганну Паўлаўну і яе калег з Днём медыцынскіх работнікаў.
За некалькі дзён да нашага прыезду ў Чучавічы здарыўся выпадак, на маю думку, паказальны. Адзін вясковец атрымаў траўму, але ўпарта не хацеў ехаць у бальніцу. “Хуткая” некалькі разоў прыязджала, а ён – адмаўляецца. Калегі кінуліся па дапамогу да Галубовіч. Яна сама паехала да пацярпелага (гэта быў пяты візіт медыкаў!). Цярпліва ўгаворвала, прасіла, потым зноў угаворвала мужчыну. Ён пагадзіўся з довадамі Ганны Паўлаўны. Пацыента забралі ў раённую бальніцу, пацвердзілі чэрапна-мазгавую траўму, прааперыравалі. Жывы застаўся чалавек. Яго сваякі адразу ва ўчастковую бальніцу прыйшлі: “Вы – наша выратавальніца!”
Словы правільныя. Дзясяткі, не – сотні разоў за 30 год урачэбнай практыкі чула доктар Галубовіч такія выказванні. Заўважае: “Ну што я магу? Адна, без калектыву – анічога. Без падтрымкі з райбальніцы, мясцовых улад таксама не абысціся. Перабольшваюць людзі мае заслугі, перабольшваюць”… Сціпласць урача, кіраўніка ўстановы аховы здароўя выклікае сімпатыю – за яе гавораць справы і водгукі пацыентаў. Ігар Невар, дарэчы, сказаў, што на Ганну Паўлаўну не тое што скаргі не было ці якіх крытычных заўваг, а нават абыякавых да медыка людзей ён не ведае – такая ступень даверу і павагі проста так не з’яўляецца.
Медыцынскі персанал бальніцы абслугоўвае амаль 3000 чалавек, у тым ліку – 500 дзяцей. Стацыянар на 25 ложкаў, амбулаторыя, фельчарска-акушэрскія пункты ў Баравіках і Малых Чучавічах – зона адказнасці вялікая. Ёсць пункт хуткай дапамогі з двума аўтамабілямі: брыгады дзяжураць ноччу, так што аператыўная медыцынская дапамога гарантавана кругласутачна. Амаль 100-працэнтны ахоп насельніцтва медыцынскімі аглядамі, зніжэнне агульнай смяротнасці, паспяховае выкананне шэрагу паказчыкаў – гэта важна. Але найважней той давер, з якім ідуць ва ўчастковую бальніцу тутэйшыя жыхары –
яны зусім не імкнуцца на лячэнне ў райцэнтр, бо ў сваёй бальніцы, як кажуць, на месцы ды ўзровень дапамогі добры. Тут і аналізы зробяць, і шэраг фізіятэрапеўтычных працэдур правядуць, і догляд належны забяспечаць. І да сваіх людзей даверу болей. “Так-так, калі пачынала працаваць, амаль усе медыкі прыезджыя былі, а зараз – з Чучавіч, з Велуты – мясцовых большасць, – кажа Ганна Паўлаўна. – Адказна вельмі суседцы той жа ўкол ставіць: зробіш абы-як – сорамна будзе ў вочы глядзець… Вось і стараюцца медсёстры, санітаркі, фельчары, акушэрка, вадзіцелі, повары. Людзей паважаць трэба, разумець і любіць сваю працу – вось галоўныя якасці медработніка”.
Так, бывае цяжка. Але праходзіць ноч, і новы дзень умацоўвае, адра-джае нібыта наноў жаданне працаваць, зноў і зноў дапамагаць людзям. Прызнанне Ганны Паўлаўны падкрэсліла шчырасць кіраўніка сельскай участковай бальніцы – рысу харатару, якую заўважыла літаральна з першых хвілін знаёмства з доктарам. Яна радуецца, што мае маладую напарніцу – год таму прыйшла ў калектыў урач агульнай практыкі Анастасія Ермаковіч. Пра калег, дарэчы, Ганна Паўлаўна можа расказваць бясконца: “Ах, якая пяюха наша санітарачка Тамара Муравейка! А старшая медсястра бальніцы Тамара Грыцкевіч вылучаецца адказнасцю. Мая ўчастковая медыцынская сястра Жанна Макейчык кветкамі захапляецца: букетамі ўсю бальніцу ўпрыгожыла. Акушэрка Ірына Гаргун выдатна справу ведае. Медсястра фізіятэрапеўтычнага кабінета Валянціна Гушчэня дакладна назначэнні ўрачэбныя выконвае. Ой, як шкада, што не магу пазнаёміць вас з нашым зубным спецыялістам – Валерый Анатольевіч Муравейка ў адпачынку, а такі ж прафесіянал выдатны, чалавек добры, ва ўсім дапамагае…”
Вымушана паставіць шматкроп’е, бо загадчык Чучавіцкай участковай бальніцы назвала ўсіх-усіх работнікаў, для кожнага добрае слова знайшла. Шкада, што газетная плошча абмежавана. Не крыўдуйце, шаноўныя лекары і іх памочнікі, пра вас не забылі, бо вы –
гэта і ёсць калектыў, які стаў згуртаванай камандай.
Чучавіцкая ўчастковая бальніца – тое першаснае звяно медыцыны, якое прынята называць фарпостам аховы здароўя. Найбліжэй да людзей. Найважней для іх. Выдатна, калі фарпост гэты дзейсны, расце, развіваецца, удасканальваецца прафесійна, пры гэтым захоўвае “чалавечы твар”. Такія не пройдуць міма нават дробязнай скаргі пацыента на самаадчуванне. Іх не спыняць адлегласці, прыродныя катаклізмы ці якія іншыя жыццёвыя калізіі. Для такіх, як доктар Галубовіч і яе каманда, ёсць важкія падставы ў прафесійнае свята ганарыцца прыналежнасцю да паслядоўнікаў Гіпакрата.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Лунінецкі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.