17 снежня амаль стагоддзе таму на свет з’явіўся айчынны кінематограф

17 снежня амаль стагоддзе таму на свет з’явіўся айчынны кінематограф

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Якраз у гэты дзень у далёкім 1924-м сваю дзейнасць пачало дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі “Белдзяржкіно”. З моманту яго нараджэння прынята весці адлік гісторыі нацыянальнага сінематографа.
У некаторых з нас паняцце “айчыннае кіно” ўвогуле не выклікае эмоцый, у той час як іншыя ахвотна пералічваюць любімыя стужкі, створаныя на радзіме. Карацей кажучы, калі пабудаваць асацыятыўны рад з ежай, дык для кагосьці гэта сапраўдны дэсерт, а для некага – нішчымная страва. Па праўдзе, у нацыянальным кінематографе хапае і першага, і апошняга, але напярэдадні свята прынята згадваць толькі станоўчае пра “імянінніка”.
Наконт прыярытэтаў у нацыянальным кіно ахвотна выказалася Тамара Кажушка, дырэктар кінатэатра “Мір” у абласным цэнтры. Дарэчы, “Мір” даўно набыў папулярнасць як кінатэатр сямейнага тыпу, а таму зусім не дзіўна, што сярод любімых у Тамары Іванаўны фільм, які цалкам адпавядае лепшым традыцыям сямейнага прагляду, – “Рыжык у Залюстэр’і” Алены Туравай.
– Яркая, маляўнічая стужка хоць і арыентавана пераважна на юнага гледача, але не пакідае абыякавымі і дарослых кінаманаў, – дзеліцца Тамара Кажушка. – Якраз той рэдкі выпадак, калі сімпатыі дзяцей і іх бацькоў абсалютна супадаюць. Выдатныя акцёрскія работы, добрыя спецэфекты вылучаюць гэты фільм з ліку аналагічнай прадукцыі. Да таго ж, гэта першы айчынны прадукт з выкарыстаннем камп’ютарнай графікі, што для студыі “Беларусьфільм” увогуле нетыпова. З ліку “дарослага” кіно немагчыма не адзначыць пранізлівую драму “Ваўкі”, знятую Аляксандрам Колбышавым па матывах аднайменнай аповесці свайго калегі Аляксандра Чакмянёва.
Апошнюю карціну кіналюбы горада над Бугам павінны добра памятаць: літаральна тры гады таму выдатная работа Аляксандра Колбышава атрымала Гран-пры Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў у Брэсце.
Дарэчы, дзень нараджэння айчыннага сінематографа ў вобласці не пройдзе незаўважаным і адзначыцца шэрагам цікавых кінапраглядаў.
– З 14 па 20 снежня кінавідэасетка вобласці правядзе Тыдзень беларускага кіно, у межах якога будуць трансліравацца апошнія работы студыі “Беларусьфільм”, – расказвае Вячаслаў Шахлевіч, генеральны дырэктар КУП “Брэстаблкінавідэапракат”. –  Гледачы ўбачаць стужкі, якія даўно палюбіліся прыхільнікам нацыянальнага кіно: “На спіне ў чорнага ката”, “Ваўкі”, “На ростанях”, “Украсці Бельмандо”, “Сляды апосталаў”. Для самых маленькіх кіналюбаў падрыхтавана індывідуальная праграма: ім пакажуць “Прыгоды Несцеркі” і “Рыжык у Залюстэр’і”. У наступным годзе з нецярпеннем чакаем выхаду ў пракат новага фільма Алены Туравай – “Кіндэрвілейскі прывід” па матывах навелы Оскара Уайльда і шчыра спадзяёмся, што сустрэчы з новымі героямі будуць яркімі і запамінальнымі.
Дарэчы, на маніторах, усталяваных у фае кінатэатра “Мір”, фактычна ў рэжыме нон-стоп будзе дэманстравацца кароткаметражка “Час патрыётаў”, якая пазнаёміць наведвальнікаў з гісторыяй айчыннага кіно і цікавымі асобамі ў ім.
Калі гаварыць пра бліжэйшую будучыню – у ёй таксама знойдзецца месца для новых праектаў патрыётаў нацыянальнага кінематографа. Так, у надыходзячым 2014-м абласны кінавідэапракат абавязкова набудзе некалькі актуальных кінанавінак – напрыклад, узгаданага “Кіндэрвілейскага прывіда”, а яшчэ сумесны расійска-беларускі фільм “Роля” Канстанціна Лапушанскага, які зараз даволі паспяхова ўдзельнічае ў разнастайных кінафестывалях.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Куды прыводзяць мары?

Следующая запись

У Брэсцкім тэатры лялек адбылася прэм’ера спектакля “Самазванец”