Беларусь

19 студзеня – Дзень выратавальніка. Мужныя людзі – мужныя справы


Папярэджваючы аповяд аб тых, хто прыходзіць на дапамогу ў надзвычайных сітуацыях, хачу ўспомніць выпадак, які і зараз выклікае дрыжыкі. Адбыўся ён гадоў 10 таму ў суботу перад Вялікаднем. Тады ў мяне на кухні поўным ходам ішла падрыхтоўка да свята. Завяршальным акордам яе павінна была стаць запечаная курыца. А пакуль яна падрумяньвалася ў разагрэтай духоўцы, я вырашыла памыць лесвічную пляцоўку. Як толькі  дзверы за мной зачыніліся, зразумела, што ў кватэру на чацвёртым паверсе трапіць ужо не змагу, бо ключы засталіся  на тумбачцы. Пасля беспаспяховых спроб адчыніць дзверы стамескай і перабрацца на сваю лоджыю з кватэры ў другім пад’ездзе, калі мяне пачала ўжо ахопліваць паніка, суседка ўспомніла пра выратавальнікаў і дала ў рукі тэлефон. Супрацоўнікі Маларыцкага раённага аддзела МНС, які размяшчаецца непадалёку ад  дома,  адрэагавалі маланкава. Не прайшло і 10 хвілін, як спрытны малады чалавек у форме падняўся па лесвіцы на лоджыю, праз фортку пралез у кватэру, напоўненую чадам, адключыў газ і адчыніў мне дзверы. Дзякуючы аператыўнасці, зладжанасці дзеянняў і хуткасці выратавальнікаў, трагедыі не адбылося. А я абышлася лёгкім спалохам ды штрафам…
Пра нялёгкую і няпростую работу выратавальнікаў, пра  якасці, якімі яны павінны валодаць, і іншыя моманты адказнай прафесіі – гутарка карэспандэнта “НТ” з начальнікам абласнога ўпраўлення  Міністэрства па надзвычайных сітуацыях  Рэспублікі Беларусь Канстанцінам  ШАРШУНОВІЧАМ.

– Канстанцін Яўгенавіч, не ведаю, як у іншых, а ў мяне асабіста слова “выратавальнік” асацыіруецца з мужнасцю. Я не памыляюся?
– Ніколькі. Бо як яшчэ інакш можна назваць дзеянні чалавека ў сітуацыі, поўнай небяспекі? І не важна, дзе  яна склалася – на вытворчасці ці ў падвале дома, дзе для выратавальнікаў усё незнаёмае. Доля рызыкі ў нашай рабоце вельмі высокая. Не менш  цяжка бывае псіхалагічна, калі, напрыклад, даводзіцца ліквідаваць вынікі аварый ці пажараў  са смяротным зыходам. Для таго, каб вытрымаць убачанае, неабходны  не толькі сіла, воля і характар, але і, вядома ж, мужнасць. Былі выпадкі, калі з пяці  прынятых на службу двое праз год звальняліся.
–  Але ж  для выратавальнікаў не меншае значэнне ў рабоце маюць загартоўка, уменне хутка арыентавацца і аператыўна прымаць рашэнне ў  складанай сітуацыі.
– Так, для таго, каб байцы маглі маланкава ацэньваць сітуацыю і прадбачыць яе вынікі, вядзецца сістэматычная фізічная і баявая падрыхтоўка. Для гэтага ў нас ёсць спецыяльны трэніровачны комплекс  з наяўнасцю  ў ім гукавых эфектаў, дыму,  высокіх тэмператур, дзе ў вызначаным квадраце службоўцам  неабходна знайсці аварыйны ачаг, ацаніць сітуацыю і прыняць  правільнае рашэнне па яго ліквідацыі. Робім усё для таго, каб нашы спецыялісты былі ўніверсальнымі.
Справа ў тым, што на ўзбраенні  ў выратавальнікаў знаходзіцца шмат сучаснага і даволі складанага абсталявання. Наша задача – зрабіць так, каб кожны  ўмеў ім карыстацца і ў выпадку неабходнасці падмяніць свайго саслужыўца.
– Канстанцін Яўгенавіч, а як стаць выратавальнікам і трапіць на службу ў МНС?
– Афіцэры да нас прыходзяць пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў сістэмы МНС, а малодшы састаў – выратавальнікаў-пажарных – набіраем з юнакоў (пажадана пасля арміі), якія да службы прыступаюць пасля праходжання спецыяльных курсаў у Брэсце.
– У працяг тэмы: а што паўплывала на Ваш выбар стаць выратавальнікам?
–  Прыклад бацькі. Ён быў пажарнікам. Таму пасля заканчэння школы я без ваганняў паступіў у Львоўскае пажарна-тэхнічнае  вучылішча. І ніколі не пашкадаваў аб гэтым. Вучыцца было цікава не толькі таму, што падабалася, а яшчэ і таму, што тэорыю ў нас выкладалі сапраўдныя прафесіяналы. Пры гэтым яшчэ – вопытныя практыкі. Я і зараз успамінаю начальніка кафедры пажарнай прафілактыкі палкоўніка Вячаслава Іванавіча Мельнічука, які заняткі праводзіў у выглядзе дыскусій з абавязковым удзелам у ёй кожнага навучэнца. Усё было даходліва і зразумела. Пэўны адбітак на заняткі і ўсё, што адбывалася навокал, накладвалі і сцены вучылішча, якое размяшчалася ў старажытным замку.  А пра сам горад можна расказваць гадзінамі…
– Але вучоба закончылася, і выпускнік Шаршуновіч  з дыпломам…
– …Тэхніка-пажарнага вярнуўся ў Беларусь і два гады працаваў у Баранавіцкім раёне. Пасля разам з 14 калегамі я быў накіраваны для атрымання вышэйшай адукацыі ў  Маскоўскую акадэмію. Адтуль праз чатыры з паловай гады, акрамя дыплома інжынера пажарнай бяспекі, прывёз неймавернае мноства ўражанняў. Займаючыся непасрэдна вучобай і фізічнай падрыхтоўкай, мы з сябрамі знаходзілі час для наведвання тэатраў і музеяў Масквы, хадзілі на канцэрты і выставы. Для нас, хлопцаў з перыферыі, гэта была амаль казка. Яшчэ, падчас вучобы ў акадэміі, мы тры летнія месяцы працавалі ў лагеры МНС у Анапе.
– Канстанцін Яўгенавіч, ведаю, што да сённяшняй пасады Вы прайшлі ўсе ступені кар’ернага росту, працавалі ў такіх аддаленых рэгіёнах, як Ганцавічы і Лунінец. Магчыма, нешта запомнілася з тых далёкіх ужо часоў?
– (Усміхаючыся). І не толькі запомнілася – стала часткай майго жыцця. У Ганцавічах я сустрэў сваю другую палавінку. Дзяўчыну, падобную на актрысу Наталлю Белахвосцікаву,  запрыкмеціў на другі дзень работы ў Ганцавічах у сталоўцы, дзе абедалі з калегамі. Тады яшчэ сказаў хлопцам: “Вось бы мне такую жонку”. А праз некалькі дзён захварэў. І тады ў каменданта інтэрната ПМК, дзе жыў, пацікавіўся, ці няма сярод насельнікаў медыка. Той параіў звярнуцца ў пакой насупраць. Калі я пастукаў у дзверы, на парозе з’явілася тая самая дзяўчына са сталоўкі. Ды толькі не Наталля Белахвосцікава, а ўрач-тэрапеўт з прыгожым рускім імем  Марыя. Разам з ёй мы ўжо не адзін дзясятак гадоў, выгадавалі сына.
– Ён пайшоў па бацькавых слядах?
– Зараз Раман вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на архітэктурным факультэце. Як будзе далей – пакажа жыццё.
–  А настаўнікаў сваіх помніце?
– Вядома ж! Першы мой настаўнік – Іван Сямёнавіч Сыч, які  24 студзеня адзначыць 85-годдзе. Колішні начальнік пажарнай аховы многаму навучыў мяне. Прычым не толькі непасрэдна прафесіі. Калі мы першы раз прыехалі на практыку, Іван Сямёнавіч дзве гадзіны гутарыў з намі: тлумачыў, як весці сябе ў горадзе, у грамадстве, на рабоце.  Увогуле, мне шанцавала на настаўнікаў. Сярод іх – Уладзімір Васільевіч Санюковіч, які вёў практыку ў Баранавіцкім раёне пасля вучылішча. Строгі, але чалавечны. Пад яго кіраўніцтвам прайшоў добрую школу выратавальніка. Настаўнікам лічу і намесніка начальніка ўпраўлення Уладзіміра Іванавіча Лапіцкага. Гэтыя людзі навучылі не толькі прафесійнаму майстэрству, але і ўменню працаваць з калектывам. Іх навука і зараз дапамагае.
– Вас вучылі прафесіі і жыццю, а чаму Вы вучыце маладых?
– Засваенню асноў бяспекі і жыццядзейнасці. Разумееце, вельмі важна, каб нашы маладыя спецыялісты валодалі пажарнай культурай. Гэта дапаможа не толькі пазбегнуць непрадказальных сітуацый, але і без страт выходзіць з іх.
– І яшчэ. Ці не цяжка Вам сумяшчаць работу кіраўніка з абавязкамі дэпутата абласнога Савета?
– Наадварот. Зносіны з людзьмі па-за сферай службовай дзейнасці прыносяць шмат карысці. І  ў тым, што выбаршчыкі прыходзяць да свайго  дэпутата з праблемамі, я асабіста бачу элементы бяспекі. Узяць тое ж будаўніцтва тратуараў, навядзенне парадку на вытворчасці і  прыдамавых тэрыторыях. Ды і мадэрнізацыя вытворчасці нясе бяспеку.
Лічу, што толькі сумеснымі намаганнямі  мы зможам зменшыць непрадбачныя сітуацыі, якія ў большасці сваёй залежаць ад чалавечага фактару, і зменшыць страты ад іх.
– Дзякуй за гутарку. Са святам Вас, Канстанцін Яўгенавіч, і ўсіх выратавальнікаў вобласці!
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля