2014 – Год гасціннасці: Хлебасольства па-берасцейску
Пра хлебасольства беларусаў даводзілася не толькі чуць ад суседзяў расіян і ўкраінцаў, але і пастаянна адчуваць яго на сабе падчас творчых камандзіровак у розныя рэгіёны Берасцейшчыны задоўга да Года гасціннасці, якім аб’яўлены 2014-ы. Гэта дае падставу сцвярджаць: гасціннасць у беларусаў у крыві. І праяўляецца яна не ад выпадку да выпадку, а штодзённа, штогадзінна і штохвілінна. А гэта – наяўнасць і работа на вышэйшым узроўні сэрвісу і паслуг. Пра тое, з чым у Год гасціннасці ўступіла Берасцейшчына, гутарка карэспандэнта газеты з начальнікам упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Эрнестам НІКАЛАЙЧУКОМ.
– Эрнест Уладзіміравіч, гасціннасць беларусаў без перабольшання можна назваць візітнай карткай краіны, але відавочна, што толькі хлебасольствам турыстаў у краіну не прыцягнеш…
– Так, бо прафесійная гасціннасць – гэта не толькі цёплы прыём гасцей, прыгожая прырода і шматлікія помнікі, а яшчэ і нашы дарогі, месцы адпачынку, гасцініцы, пункты грамадскага харчавання, сувенірная прадукцыя, плацежныя тэрміналы і пункты абмену валют, аграэкасядзібы, дамы адпачынку, санаторыі, а таксама падрыхтаваныя кадры.
– Што з пералічанага мы можам зараз прапанаваць тым, хто хоча наведаць Брэстчыну ў якасці турыстаў?
– Пачну з таго, што ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады, якая рэалізуецца ў краіне, у вобласці зацверджаны мерапрыемствы па развіцці турызму, якія скіраваны на павышэнне турыстычнай прываблівасці і прыцягненне турыстычнага патэнцыялу на міжнародным рынку. З 2011 года на Брэстчыне створана амаль 300 аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры. Найбольш значныя сярод іх – 4-зоркавая гасцініца “Эрмітаж” у абласным цэнтры, 4-зоркавая турыстычная база на Белым возеры “Шале “ГрынВуд” у Брэсцкім раёне, “Сялянскі падворак” у музеі “Бездзежскі фартушок” у Драгічынскім раёне, эколага-асветніцкі цэнтр з месцамі размяшчэння ў заказніку “Прыбужскае Палессе”, агратурыстычны комплекс на рацэ Прыпяць у Столінскім раёне, гасцініца ў складзе грамадска-культурнага комплексу “Мікалаеўскі” ў аграгарадку “Жураўліны” на 40 месцаў, атэль “Ружанскі” на 50 месцаў у гарадскім пасёлку Ружаны, новыя спальныя карпусы ў санаторыях “Ружанскі” на 100 месцаў у Пружанскім раёне, “Белая Вежа” на 54 месцы ў Камянецкім раёне, 8 катэджаў сямейнага тыпу на 58 месцаў у санаторыі “Сонечны” ў Брэсцкім раёне, 5 домікаў сямейнага тыпу на 50 месцаў у аздараўленчым цэнтры “Колас” у Кобрынскім раёне, гасцініца на базе ДЮСШ па вяслярных відах спорту ў Кобрыне, зона адпачынку на возеры Мульное ў Іванаўскім раёне.
Каб не стамляць чытачоў мноствам лічбаў, дадам, што турыстычныя паслугі ў вобласці аказваюць усе гасцініцы, базы адпачынку і турыстычныя базы, санаторыі, агратурыстычныя комплексы, аграэкасядзібы, лесапаляўнічыя гаспадаркі, дамы паляўнічага, пункты пракату з турыстычным інвентаром, аб’екты харчавання і прыдарожнага сэрвісу, музеі, дамы рамёстваў і народнай творчасці, якія функцыянуюць на Берасцейшчыне.
– Раскажыце, калі ласка, чым можа парадаваць замежных турыстаў прыдарожны сэрвіс на аўтатрасах міжнароднага і рэспубліканскага прызначэння?
– У вобласці на аўтадарогах міжнароднага і рэспубліканскага прызначэння ў цяперашні час дзейнічае 65 аб’ектаў грамадскага харчавання. Для зручнасці падарожнікаў на ўсіх устаноўлены плацежныя тэрміналы, якія абслугоўваюць карткі ўнутранай плацежнай сістэмы “БелКарт”, міжнародных плацежных сістэм Visa, MasterCard, маюцца меню на рускай, беларускай і англійскай мовах, якія ўключаюць стравы нацыянальнай кухні. Ва ўсіх пунктах грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу прадаецца сувенірная прадукцыя.
Да таго ж, у нас атрымалі развіццё камплектаванне харчовых набораў у дарогу, запраўка тэрмасаў кіпнем, гарбатай і кавай, а таксама зарадка мабільных тэлефонаў, рэалізацыя тэлефонных картак. У вяснова-летні перыяд арганізавана работа летніх пляцовак: летась на 37 аб’ектах было больш за 1000 пасадачных месцаў.
– Але ж, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. У іншую краіну турысты звычайна едуць, каб не толькі адпачыць, але і пазнаёміцца з яе прыродай, спадчынай, помнікамі культуры і архітэктуры…
– Брэстчына ў турыстаў найбольш асацыюецца з мемарыяльным комплексам “Брэсцкая крэпасць-герой”. Але ў нас і ў іншых рэгіёнах ёсць што паглядзець. У Камянцы – гэта Белая вежа, у Пружанскім раёне – Ружанская брама, у Івацэвіцкім – сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Усяго ж
культурна-гістарычны патэнцыял Берасцейшчыны налічвае 760 помнікаў Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, якія ўключаны ў 102 турыстычныя маршруты. Асноўныя аб’екты турыстычнага паказу вобласці за 10 месяцаў мінулага года наведалі 1,15 мільёна чалавек. 180,2 тысячы з іх – замежныя грамадзяне.
Дарэчы, гісторыка-культурны, прыродны патэнцыял і аб’екты адпачынку ў нас выкарыстоўваюцца для правя-дзення 16 брэндавых мерапрыемстваў турыстычнага інтарэсу. Гэта традыцыйныя, якія сталі міжнароднымі, “Студзеньскія музычныя вечары”, тэатральны фестываль “Белая Вежа”, дзіцячы фестываль “Мы разам”, турыстычная выстава “Брэстчына турыстычная”, байк-фестываль “Залатое крыло” ў Брэсцкім раёне, пленэр ганчароў у вёсцы Гарадная ў Столінскім раёне, мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі ў Брэсцкай крэпасці, этнаграфічныя святы “Конікі” і “Купалле” на Століншчыне, “Фальклор без меж” – на Іванаўшчыне, музейныя – “На Мерачоўшчыне” ў Івацэвіцкім, “Ружанская брама” ў Пружанскім раёнах.
– А як на Брэстчыне развіваецца аграэкатурызм?
– Нягледзячы на тое, што гэта адносна малады кірунак у турызме, аграэкатурызм знайшоў сваю нішу і ў нас. У 2012 годзе аграсядзібы прынялі больш за 20 тысяч турыстаў, у тым ліку 3659 замежных грамадзян. Усяго ж у вобласці турыстычныя паслугі аказваюць 243 аграсядзібы: найбольшая іх колькасць – у Камянецкім, Брэсцкім, Кобрынскім і Баранавіцкім раёнах, а таксама 22 агратурыстычныя комплексы, якія створаны на базе СВК і фермерскіх гаспадарак. Найбольш удалы вопыт аграэкатурызму прадстаўлены на штогадовых міжнародных аграфестывалях “Мотальскія прысмакі” ў Іванаўскім, “Кузевічы” ў Баранавіцкім раёнах, на кулінарным фэсце “Палескія прысмакі” на базе аграсядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Кобрынскага раёна.
– Эрнест Уладзіміравіч, вядома, што вялікую ролю ў любой справе, у тым ліку і ў развіцці турызму, іграюць прафесіянальныя кадры і рэклама…
– На Брэстчыне турыстычнай дзейнасцю займаюцца 89 тураператараў, 121 атэставаны экскурсавод і 24 гіды-перакладчыкі. Маецца таксама 14 цэнтраў, якія прадстаўляюць турыстычную інфармацыю. Гэта турыстычна-інфармацыйныя цэнтры на базе “Цэнтркурорта” і трансгранічных ініцыятыў, 6 турысцка-інфармацыйных пунктаў, 6 эколага-асветніцкіх цэнтраў.
Што тычыцца рэкламы, то варта адзначыць, летась рэкламнай прадукцыі аб турыстычным патэнцыяле вобласці выдадзена 46 тысяч экзэмпляраў. Брашуры, буклеты на чатырох мовах распаўсюджваліся на шасці міжнародных форумах (тры з якіх праходзілі за мяжой), у інфармацыйных цэнтрах, падчас правядзення брэндавых мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў. Частка рэкламнай турыстычнай прадукцыі перададзена ў консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь у Польшчы, Расіі, Германіі, распаўсюджвалася таксама сярод дэлегацый, якія наведвалі Брэстчыну, на вакзалах, у цягніках міжнародных зносін, у гасцініцах, на аб’ектах прыдарожнага сэрвісу. Створаны таксама цыкл відэафільмаў пад рубрыкай “100 дарог Брэстчыны”, якія трансліравала Брэсцкая тэлерадыёкампанія, а турыстычныя прадпрыемствы выкарыстоўвалі для абслугоўвання турыстаў.
З мэтай рэкламы турыстычнага патэнцыялу вобласці адбыліся тры прэзентацыі за мяжой, у рамках
15-га Міжнароднага кірмашу-выставы “Брэст. Садружнасць-2013” праведзена 4-я турыстычная выстава “Брэстчына турыстычная-2013”. А яшчэ былі рэкламныя туры для айчынных і замежных журналістаў і тураператараў, семінары па абмене вопытам. Зараз у інтэрнэт-сетцы размешчана новая версія турыстычнага сайта ўпраўлення www.tour.brest.by з інфармацыяй аб памятных мясцінах, экскурсійных маршрутах, суб’ектах турыстычнай дзейнасці. На аўтадарогах таксама 415 дарожных знакаў і ўказальнікаў турыстычнай арыентацыі, таксама 285 інфармацыйных рэкламных стэндаў. У аб’ектах прыдарожнага сэрвісу размешчана 98 турыстычных карт з адзначанымі аб’ектамі турыстычнай інфраструктуры. Спадзяюся, што ў Год гасціннасці, які прымеркаваны да 70-годдзя вызвалення Беларусі і чэмпіянату свету па хакеі, яны акажуць нашым гасцям добрую паслугу, а вобласці прынясуць вялікія дывідэнды.
– Дзякуй за цікавую і змястоўную гутарку!
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.