22 сакавіка грамадскасць адзначыла Сусветны дзень водных рэсурсаў
Чалавек больш чым напалову складаецца з вады. Нават на анатамічным узроўні існаванне без гэтай жыватворнай вільгаці немагчыма. А літаральна ўчора грамадскасць адзначыла Сусветны дзень водных рэсурсаў, таму менавіта вада як нядаўняя імянінніца і стане прадметам нашай гутаркі. Пытанні з гэтай нагоды адрасуем Людміле ШАЎКУНОВАЙ, начальніку аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем водных рэсурсаў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
– Людміла Віктараўна, ці задавальняе сённяшні стан воднага басейна вобласці спецыялістаў-эколагаў?
– Напэўна, кожны ведае, што каля 3 працэнтаў тэрыторыі вобласці занята вадой. Запасаў паверхневых і падземных вод хапае для задавальнення патрэб насельніцтва і народна-гаспадарчага комплексу рэгіёна. Сёння ўдзельнае водаспажыванне складае 109 літраў у суткі на чалавека – гэта самая нізкая лічба ў краіне, але яна цалкам адпавядае еўрапейскім нормам. Ды калі з колькаснымі паказчыкамі ўсё ў парадку, то ў пытаннях якасці варта ўлічваць і такі важны фактар, як гаспадарчая дзейнасць чалавека. Часта адходы нашай жыццядзейнасці трапляюць прама ў рэкі, ствараючы небяспеку для нас саміх жа. Тым не менш, у апошнія гады сітуацыя на водных аб’ектах Брэстчыны стабілізавалася. Гэтаму паспрыялі і мерапрыемствы дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”, і шматлікія рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў.
– Не сакрэт, што ачышчальныя збудаванні – адно з самых балючых пытанняў і для жыхароў вобласці, і для эколагаў…
– Праблема, сапраўды, існуе. Сёння ў вобласці функцыянуюць 32 ачышчальныя збудаванні біялагічнай ачысткі са скідам сцёкаў у водныя аб’екты. На жаль, большасць з іх, асабліва ў сельскай мясцовасці, знасіліся і тэхнічна састарэлі. Вырашыць далікатнае пытанне, вядома ж, дапаможа мадэрнізацыя старых і будаўніцтва новых аб’ектаў. Літаральна летась была завершана рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у Івацэвічах. Аналагічныя рамонтныя работы вядуцца сёння у Бярозе і Баранавічах. У Высокім Камянецкага раёна працуюць над развіццём сістэмы водаадвядзення. Гэта неабходна для падключэння неканалізаванай часткі горада на ачышчальныя збудаванні. Грандыёзныя пераўтварэнні чакаюць таксама гарадскія ачышчальныя збудаванні ў Брэсце: яны ўключаны і ў дзяржаўную праграму “Чыстая вада”, і ў міжнародную праграму “Рэгіён Балтыйскага мора” PURE (праект па гарадскім скарачэнні эўтрафікацыі). Праект рэалізуецца з мэтай змяншэння забруджвання Балтыйскага мора азотам і фосфарам. Яго агульны кошт знаходзіцца ў межах 450 тысяч еўра, але 90 працэнтаў фінансавання ўзяў на сябе Еўрасаюз.
– А што запланавана ў рамках праграмы “Чыстая вада” на 2012 год?
– У рамках мерапрыемстваў па забяспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой запланавана будаўніцтва і рэканструкцыя станцый абезжалезвання ў Ляхавічах, Ганцавічах, Кобрыне, Косава Івацэвіцкага раёна і іншых. У Століне, Жабінцы, Камянцы, Пружанах, Бярозе чакаецца рамонт і будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў.
Акрамя таго, рэалізацыя комплексу мерапрыемстваў гэтай праграмы па-ранейшаму будзе накіравана на зніжэнне страт вады пры яе транспарціроўцы насельніцтву, а таксама на памяншэнне скіду недастаткова ачышчаных сцёкаў у воды Брэстчыны, забеспячэнне гарадоў і вёсак развітымі сістэмамі водаадвядзення. Як і летась, працягнем наглядную дзейнасць за якасцю вод, будзем сачыць за станам прыбярэжных палос і водаахоўных зон, працаваць над развіццём экатурызму, кантраляваць працэнт забруджвання рэчак і азёр. Сюды ж уваходзіць і выяўленне нядобрасумленных водакарыстальнікаў.
– Ці часта брастаўчане парушаюць закон у галіне водакарыстання? За якія дзеянні чалавек можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці?
– У прыродаахоўным заканадаўстве вадзе прысвечана 7 артыкулаў. Гэта бурэнне свідравін ці эксплуатацыя іх без адпаведных дакументаў, забруджванне паверхневых або падземных вод, забор вады звыш ліміту, самавольнае будаўніцтва дамб, плацін, каналаў, парушэнне ўмоў на спецыяльнае водакарыстанне, невыкананне прадпісанняў, выдадзеных тэрытарыяльнымі органамі і іншае. Летась за нежаданне “сябраваць” з законам на службовых і юрыдычных асоб было складзена 507 пратаколаў, а агульная сума штрафаў дасягнула звыш 87 мільёнаў рублёў.
– Увогуле, ці прынята на Брэстчыне адзначаць Сусветны дзень вады? Якімі мерапрыемствамі ён часцёй за ўсё суправаджаецца?
– Безумоўна, не забываем пра гэты дзень, але пераважная большасць нашых мерапрыемстваў традыцыйна прыходзіцца на лета. Гэты час ідэальна падыходзіць для шматлікіх рэйдаў па водаахоўных зонах і палосах. Падчас акцый на свежым паветры спецыялісты абласнога камітэта прыродных рэсурсаў разам з валанцёрамі займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый каля вады. Цудоўнай практыкай стаў і конкурс на лепшае ўладкаванне зон адпачынку на вадаёмах. Акрамя таго, сумесна са студэнтамі БрДУ імя А.С. Пушкіна падтрымліваем рэалізацыю праекта пад назвай “Якасную калодзежную ваду – у кожны сельскі дом”. Ён накіраваны на школьную інвентарызацыю і пашпартызацыю калодзежаў і крыніц, а яшчэ – на правядзенне абласнога семінара і падрыхтоўку метадычных матэрыялаў па гэтай тэме.
Што да крыніц – адна з іх, дарэчы, не так даўно была знойдзена ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна. Смачная вада з крынічкі карыстаецца ў мясцовага насельніцтва асаблівым попытам, таму кіраўніцтва сельскага Савета даслала нам ліст з просьбай дапамагчы ўзаконіць і ўзяць на баланс гэты маленькі цуд прыроды.
– Кожны з нас так ці інакш уплывае на стан водных артэрый вобласці – а гэта значыць, і на якасць пітной вады. Што неабходна зразумець і чаго не варта рабіць, каб не нашкодзіць ні сабе, ні наваколлю?
– Брастаўчане павінны памятаць пра элементарную культуру побыту і вучыцца рацыянальна выкарыстоўваць ваду. Пачынаць варта з простага: напрыклад, не забываць закрываць кран, калі чысцім зубы, каб свежая вада, трапляючы ў каналізацыю, не змешвалася з бруднай. Усё, што мы маем сёння, – гэта вынік нашых адносін з навакольным асяроддзем. Часта людзі скардзяцца на тое, як брудна каля рэк, але ж гэтае смецце пакідаем мы самі. Чысціня ўласнай прасторы залежыць толькі ад нас. Карацей кажучы, якое насенне – такія і плады. Толькі шкада, што пажынаць іх прыходзіцца ўжо не аднаму асобна ўзятаму “герою”, а цэлай планеце.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.