Беларусь

238 “ключыкаў”


У Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці ўчарашнія школьнікі атрымліваюць прафесію і вучацца быць добрымі людзьмі

Нават і не ведаю, што я чакала ўбачыць за парогам прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, але дакладна не лірычную па настроі фотавыставу. У холе ля стэндаў шчыравала, як пазней высветлілася, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ і кіраўнік ліцэйскага атрада валанцёраў Аксана Мірчук – са сваімі памочнікамі заканчвала афармляць выставу “Сваёй зямлі вянкі сплятаю”. У ліцэі прайшоў фотаконкурс з аднайменнай назвай, а работы яго ўдзельнікаў змаглі ўбачыць і таварышы па вучобе, і педагогі, і госці навучальнай установы. На здымках – краявіды роднай старонкі, пераважна пейзажы Маларытчыны: азёры, лясы, райцэнтр, вёскі. Ну не маглі мы з фотакарэспандэнтам прайсці міма такой прыгажосці! Выбралі сваіх фаварытаў, а пазней з рэдакцыі ў ліцэй перадалі дыпломы Юрыю Леўчуку ў 278-ю групу, Дзмітрыю Герасімуку ў 64-ю і Дзмітрыю Курганюку ў 274-ю з фармуліроўкай: “За паэтычнае ўвасабленне сродкамі фотамастацтва хараства Беларусі ў фотаконкурсе “Сваёй зямлі вянкі сплятаю”.
– Зацікавіць навучэнцаў грамадска карыснай дзейнасцю імкнёмся літаральна з першых дзён знахо-джання ў ліцэі, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галіна Стасюк. – Дапамагаюць традыцыі і навацыі. А фотаконкурсы на розныя тэмы ў нашых хлопцаў надзвычай папулярныя.
У Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці вучацца на трактарыстаў-машыністаў, вадзіцеляў аўтамабіляў, электразваршчыкаў ручной зваркі, слесараў па рамонце сельгасмашын і абсталявання. Тэорыю замацоўваюць на практыцы ў сваіх майстэрнях ды ў базавых сельгаспрадпрыемствах раёна. А каб іх выпускнікі адчувалі сябе ўпэўнена на рынку працы, у ліцэі прапаноўваюць камбінаваныя спецыяльнасці. Напрыклад, не знойдзе юнак па нейкай прычыне працу шафёра – дык у яго ў запасе ёсць кваліфікацыя электра-зваршчыка.
Думаюць тут  і над тым, чым заняць вольны час навучэнцаў. Папулярны ў хлопцаў гурток тэхнічнай творчасці Сяргея Кавалевіча. І творчасць гэта даволі сур’ёзная. А як жа іначай сказаць, напрыклад, пра сабраны матацыкл, перароблены ў пікап старэнькі “Масквіч”, змайстраваны цыркулярны станок?
Ужо некалькі год у ліцэі паспяхова працуюць валанцёры Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, створаны клубы па інтарэсах, дзейнічае арганізацыя грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Гэта ліцэісты дапамаглі выхаванцам аддзялення дзённага знахо-джання для маладых інвалідаў Маларыцкага ТЦСАН упарадкаваць тэрыторыю цэнтра і пасадзіць невялікі сад. Яны ўдзельнічалі ў раённай інтэлектуальнай гульні “Афганістан. Каб памяталі…”, “круглым стале” “Моцныя духам” ра-
зам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і малалетнімі вязнямі фашызму, спаборніцтвах “Спорт – гэта здароўе”, гульні-віктарыне “Наша Беларусь”…
– Умовы для самавыяўлення ў нас ёсць, – кажа лідар БРСМ Аксана Мірчук. – Ты можаш працаваць у актыве маладзёжнай суполкі або стаць валанцёрам, быць байцом маладзёжнага атрада аховы правапарадку або ўдзельнікам сумеснай з праваслаўнай царквой праграмы выхаваўча-пазнавальнага кірунку. Развіваем творчасць ліцэістаў: абавязкова ладзім агляд мастацкай самадзейнасці “Вясёлка талентаў”.
Перагортваю план на гэты навучальны год: акцыя “Ветэран жыве побач”, конкурс плакатаў і насценгазет “Мы супраць курэння!”, экскурсія ў пагранкамендатуру “Маларыта”, конкурс вершаў і апавяданняў “Мне без Радзімы нельга…”. Галіна Стасюк каменціруе: “Атрыманне прафесіі, безумоўна, галоўная задача, але ж і выхаванне працавітасці, маральна-этычных якасцей, патрыятызму – абавязковы кампанент дзейнасці ліцэя”.
Зараз у навучальнай установе атрымліваюць прафесію 238 чалавек. Розных па ўзроўні агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі і выхавання. Розных па коле сваіх інтарэсаў. Так, з некаторымі бывае вельмі няпроста, але ў ліцэі ўпэўнены: зацікавіць можна кожнага, толькі трэба пашукаць асабісты “ключык”.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Маларыта.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля