“Паралельны” свет: як тэатр аб’яднаў крэатыўную моладзь
Баранавіцкі ўзорны тэатр-студыя “Паралель” пад кіраўніцтвам Ларысы Сартаковай аб’ядноўвае крэатыўную моладзь з розных куткоў Беларусі і замежжа
Хоць Баранавічы не могуць пахваліцца прафесійным тэатрам, як, напрыклад, Брэст ці Мінск, аднак ёсць у горадзе неардынарная трупа, паклоннікаў у якой не менш, чым у сталічных артыстаў. На спектаклях тэатра-студыі “Паралель” заўсёды аншлаг. Людзі розных узростаў прыходзяць на выступленні тэатра, каб атрымаць асалоду ад гульні артыстаў, зместу спектакляў і, безумоўна, крэатыўнай падачы нават сусветна вядомых сюжэтаў.
– Выступленняў “Паралелі” заўсёды чакаюць, многія тэлефануюць, каб даведацца, калі будзе той ці іншы спектакль, – расказвае загадчык аддзела мастацкай творчасці Палаца дзіцячай творчасці Тамара Салапанава. – Сапраўдную творчую атмасферу ў калектыве стварае кіраўнік Ларыса Сартакова. Яна вучыць юнакоў і дзяўчат любіць тэатр.
Немалаважна, што “Паралель” дапамагла многім разабрацца ў сабе, стаць лепшым і нават знайсці сваё месца ў жыцці. Ларыса Яўгенаўна – выпускніца рэжысёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, яна таксама таленавіты педагог.
Гісторыя тэатра-студыі “Паралель” пачынаецца ў 1997 годзе. Нарадзіўся гэты праект у сярэдняй школе №7.
Назва таксама выбрана невыпадкова. Справа ў тым, што ў спектаклях была задзейнічана ўся паралель восьмых класаў. З часам творчаму маладзёжнаму запалу вучняў, а таксама заснавальніка і кіраўніка “Паралелі” Ларысы Сартаковай у межах адной школы стала цесна.
Пастаяннай “прапіскай” тэатра-студыі стаў Палац дзіцячай творчасці. І пацягнулася моладзь да тэатральнага мастацтва. Не адно пакаленне прайшло праз творчую школу “Паралелі” і не змагло развітацца з любімым тэатрам.
– Цяжка нават палічыць, колькі чалавек задзейнічана ў тэатры, – падзялілася ўражаннямі Ларыса Сартакова. – Нашы выпускнікі прыязджаюць з розных куточкаў Беларусі і нават з-за мяжы дзеля ролі ў спектаклі. Усе сур’ёзна адносяцца да гэтай справы. Некаторыя звязваюць прафесію з тэатрам, а многія, нават выбіраючы зусім не творчыя спецыяльнасці, “аддушыну” знаходзяць у “Паралелі”.
Цяпер у тэатры-студыі займаюцца больш чым 70 чалавек. У асноўным, гэта школьнікі і студэнты ва ўзросце ад 7 да 23 гадоў. У рабоце над спектаклямі задзейнічаны і дарослыя акцёры: выпускнікі і педагогі.
Смела можна сказаць, што візітнай карткай “Паралелі” і найбольш “раскручаным” з’яўляецца спектакль “Ваўкі”, аднак як у гледачоў, так і ў саміх артыстаў ёсць свае любімыя пастаноўкі. У рэпертуары тэатра – больш за 30 спектакляў па творах класічнай літаратуры, сучасных замежных і рускіх аўтараў.
– П’есы выбіраю сама, – працягвае Ларыса Яўгенаўна. – Як? Ведаеце, павінна балець! Калі закранаюцца нябачныя стрункі душы – дык гэта тое, што неабходна. Здаралася так, што моладзь ніяк не хацела ставіць нейкі спектакль, а калі пачыналі рэпеціраваць, усе проста ўлюбляліся ў яго. Быў выпадак, калі дзеці мяне ўгаварылі і нават прымусілі паставіць спектакль “Збег абставін”. Атрымалася весела і цікава.
З году ў год расце ўзровень выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў тэатра-студыі. Для гэтага прахо-дзяць рэгулярныя заняткі па акцёрскім майстэрстве, сцэнічным руху, харэаграфіі. У 2000-м тэатр-студыя атрымаў званне “ўзорны”.
– Дзякуючы творчай дзейнасці ў тэатры, давялося пабываць за мяжой, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, – расказаў Іван Церах. – Асабліва запомнілася паездка ў Германію. А яшчэ прыемна, калі нашу працу высока ацэньваюць мэтры тэат-ральнай індустрыі і крытыкі. Значыць, недарэмна ўсё гэта робіцца. А для таго, каб дасягнуць поспеху, неабходна не баяцца быць смешным і шмат працаваць над сабой. Добрым прыкладам для мяне з’яўляецца артыст Дзмітрый Пяўцоў.
Думку многіх юных артыстаў “Паралелі” выказаў Аляксандр Пяткоў. Усім без выключэння падабаецца быць сярод аднадумцаў і проста неардынарных людзей. У такой атмасферы здзяйсняецца цуд мастацтва, за якім з асалодай назіраюць гледачы.
На рахунку тэатра-студыі “Паралель” столькі розных узнагарод, што пералічваць усе не мае сэнсу. Атрыманы яны за лепшыя спектаклі для дзяцей і падлеткаў, за харэаграфію, аднак усё больш – за перамогу ў конкурсах.
Павел Сітнік, напрыклад, пераехаў у Баранавічы з Бярозы. Даведаўшыся, што ёсць магчымасць трапіць у тэатр, скарыстаў яе. Цяпер не ўяўляе жыцця без “Паралелі” і любімых танцаў. Вераніка Карсакова з 11-ці гадоў па прыкладзе старэйшага брата захапілася тэат-ральным мастацтвам. І няхай пакуль у яе няма галоўных роляў, дзяўчына марыць і спадзяецца, што зорны час яшчэ наперадзе. Аляксей Войцех прыйшоў у “Паралель” з гуртка “Спадчына”. Ілья Малафей займаўся бальнымі танцамі, а цяпер марыць стаць журналістам. Па яго словах, на занятках у тэатры-студыі можна навучыцца зносінам з людзьмі, не баяцца быць у цэнтры ўвагі і адчуваць сябе ўпэўнена сярод людзей.
– Раней увогуле займаўся футболам, аднак з лёгкасцю пераключыўся на тэатр, – расказаў Кірыл Жаўнярэвіч. – “Паралель” – гэта маё ўсё. Кожны спектакль – маленькае жыццё. Асабліва падабаецца пастаноўка “Дзембельскі цягнік”. Цяжкая па змесце, але лёгкая для ўспрымання гісторыя маладых салдат, якія трапілі на вайну і не вярнуліся, кранае і гледачоў, і артыстаў. Не магу нават перадаць усіх эмоцый, якія выклікае спектакль, – гэта варта ўбачыць.
Акрамя юных артыстаў, у нараджэнні кожнага спектакля задзейнічана каманда спецыялістаў. Асвятленне, касцюмы, грым – усё ствараецца і прыдумваецца не адзін дзень. Так, знайсці пластычнае рашэнне для спектакля і паставіць харэаграфію – задача Вольгі Скамарох. Па словах харэографа, юнакі і дзяўчаты ахвотна адгукаюцца на яе прапановы і гатовыя прыўносіць свае ноткі ў пастаноўку.
Тэатр-студыя “Паралель” не абмяжоўвае сваю дзейнасць толькі пастаноўкай спектакляў. У актыве калектыву – тэатралізаваныя праграмы, канцэрты, удзел у культурным жыцці горада. Аб планах і задумках артысты шмат не расказваюць, а толькі запрашаюць на будучыя прэм’еры.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Баранавічы.
Фота з архіва
тэатра-студыі “Паралель”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.