Беларусь

Вырвацца з цемры


Інваліды па зроку могуць набыць новыя жыццёвыя навыкі, калі грамадства дапаможа ім паверыць у свае сілы

Завяршыўся традыцыйны месячнік “Чалавек з белай палкай”. Беларускае таварыства інвалідаў па зроку ў чарговы раз паспрабавала прыцягнуць увагу грамадства да праблем тых, хто з-за розных абставін страцілі зрок, а разам з ім – і асабістую незалежнасць. Трапіўшы ў цемру, гэтыя людзі губ-
ляюць не толькі жыццёвыя навыкі і ўменні – магчымасць рабіць раней такія звыклыя рэчы: хадзіць у магазін, чытаць кнігі, вучыцца ці працаваць у ранейшым калектыве. Але, як сцвярджае старшыня праўлення абласной суполкі ГА “БелТІЗ” Ірына Юрэня, усё магчыма выправіць, калі, па-першае, стварыць безбар’ернае асяроддзе і, па-другое, даць інвалідам па зроку магчымасць рэабілітацыі.
Пацвярджэннем таму стаў месячнік, вынікі якога на прэс-канферэнцыі ў аблвыканкаме падвялі актывісты грамадскага аб’яднання, сацыяльныя партнёры “БелТІЗ”, прадстаўнікі прадпрыемстваў Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Але цэнтральнай у абмеркаванні стала тэма “Развіццё маладзёжнага руху ў сістэме ГА “БелТІЗ”. Між іншым, у грамадскім аб’яднанні распрацоўваюць Канцэпцыю развіцця маладзёжнага руху на 2014-2015 гады, таму што апошнім часам адзначаецца павелічэнне колькасці маладых інвалідаў па зроку і дзяцей-інвалідаў.
Прынамсі, аб магчымасцях сляпых і людзей са слабым зрокам яскрава сведчыць конкурс “Самы рэабілітаваны”, які прайшоў у абласной арганізацыі “БелТІЗ” і сёлета. Яго ўдзельнікі на ўласным прыкладзе паказалі, што можна і ў прасторы выдатна арыентавацца, і хатнюю работу выконваць, і вучыцца, і творчасцю займацца. Трэба толькі правільна засвоіць прадуманую рэабілітацыйную праграму. А яшчэ неабходна, каб наша грамадства таксама ў рэшце рэшт пачало вучыцца жыць з такімі людзьмі і правільна ім дапамагаць. На апошні фактар скіраваны, напрыклад, спецыяльны праект Кобрынскай раённай арганізацыі “БелТІЗ”  “Невідушчы соцыум: рэалізацыя правоў і магчымасцей”. Старшыня праўлення суполкі Валянціна Смяховіч упэўнена: “Пачынаючы з членаў сям’і, трэба людзей вучыць, як правільна дапамагаць інваліду па зроку”. У абласным праўленні арганізацыі сёлета стартаваў праект па прасторавай арыентацыі – для інвалідаў па зроку распрацоўваюць спецыяльныя зручныя маршруты, каб людзі ўпэўнена адчувалі сябе на вуліцы. Будзе мець працяг і акцыя “Хачу вучыцца”. Падчас яе нядаўна “БелТІЗ” “інспектаваў” ВНУ на прадмет магчымасці навучання ў іх інвалідаў па зроку. У Брэсце акцыя прайшла ва ўніверсітэце імя А.С. Пушкіна і паказала, што пры наяўнасці пэўных умоў (напрыклад, адаптыўнага цэнтра інфармацыйных тэхналогій) усё ж чалавеку з сур’ёзнымі зрокавымі праблемамі давядзецца сутыкнуцца ў вышэйшай навучальнай установе з пэўнымі цяжкасцямі: недастаткова яркім асвятленнем, адсутнасцю вучэбнай літаратуры, прызначанай для чытання сляпымі і людзьмі са слабым зрокам і інш.  Цяпер “вузкія месцы” відавочныя, а БрДУ імя А.С. Пушкіна, дзе ўжо вучацца 9 інвалідаў па зроку, праблемныя пытанні вырашыць.
Адаптацыяй інвалідаў па зроку да працоўнай дзейнасці найбольш займаюцца прадпрыемствы “БелТІЗ”. У нашай вобласці іх два –
УП “Вертэкс-Брэст” у абласным цэнтры і УП “ЭлКіс” у Пінску. На пінскім прадпрыемстве надаюць вялікую ўвагу рэабілітацыйнай рабоце – у спецыяльна абсталяваным кабінеце вучаць сваіх работнікаў арыентацыі ў прасторы, чытанню па Брайлю…
У грамадскай суполкі інвалідаў па зроку шмат аднадумцаў. Арганізацыю падтрымліваюць камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленне спорту і турызму. Наладжваецца супрацоўніцтва з БРСМ.
Так, варта было б больш дапамагаць інвалідам па зроку ў набыцці сучасных сродкаў рэабілітацыі. Хутчэй вырашаць жыллёвыя пытанні. Ствараць не толькі безбар’ернае асяроддзе, але і псіхалагічную бяспеку для тых, каму вочы не могуць дапамагчы быць незалежнымі ад іншых. Арганізоўваць новыя працоўныя месцы, тым больш што дзяржава кампенсуе наймальніку затраты на абсталяванне месцаў для работы інвалідаў па зроку ці стварэнне ўмоў для іх працоўнай дзейнасці. Але на прэс-канферэнцыі прагучала яшчэ адна, на мой погляд, вельмі важная думка: на Берасцейшчыне шмат людзей, неабыякавых да праблем інвалідаў па зроку. Важна культываваць у грамадстве менавіта такія адносіны, каб не было ніводнага чалавека з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, у якога гэта абмежаванасць ператваралася б у непера-адольную псіхалагічную праблему. З цемры можна і трэба вырывацца!
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля