27 студзеня – Дзень беларускай навукі
На геаграфічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна актыўна працуе студэнцкае навуковае таварыства
Усё, што вакол нас, было некалі вынай-дзена, адкрыта, сканструявана. Яно – прадукт навуковай творчасці механікаў, дойлідаў, хімікаў. Але не меншае значэнне маюць навукі, якія дапамагаюць нам жыць у суладдзі з прыродай. Гаворачы пра гэта, я маю на ўвазе, перш за ўсё, геаграфію.
Цэнтрам геаграфічнай адукацыі ў рэгіёне з’яўляецца геаграфічны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна. Яго гонарам, своеасаблівай візітоўкай студэнты і выкладчыкі не без падстаў лічаць вучэбны кабінет геалогіі. Сабраная тут калекцыя мінералаў, горных парод і акамянеласцей па сваім багацці і разнастайнасці ў рэспубліцы саступае толькі Музею землязнаўства БДУ. Навуковымі даследаваннямі ў гэтым кабінеце займаюцца і члены студэнцкага навуковага таварыства “Атлас”, якое працуе на факультэце.
– Нядаўна прыемная навіна прыйшла з Мінска, – гаворыць Кацярына Маскаленка, кіраўнік таварыства. – Усе чатыры работы, адпраўленыя на 18-ы Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў, атрымалі дыпломы I ступені.
Многія цяперашнія актывісты студэнцкага навуковага таварыства (СНТ), як высветлілася, свае першыя “адкрыцці” зрабілі яшчэ ў школе. Так што агульнапрызнаны дэвіз усякага даследчыка “Усё стаў пад сумненне” яны пачулі задоўга да таго, як пачалі займацца ў СНТ.
А яшчэ студэнты-старшакурснікі з захапленнем расказвалі пра вучэбныя практыкі, экскурсіі і навуковыя экспедыцыі. Кожная такая экспедыцыя – гэта не толькі палаткі, песні ля кастра да самага ранку, але і доследы, збор гербарыяў, кантрольныя замеры…
Сфера навуковай зацікаўленасці загадчыка кафедры фізічнай геаграфіі Аксаны Градуновай – гідралогія, а найбольш значны навуковы праект, які рэалізаваны сумесна са студэнтамі факультэта і вучнямі вясковых школ вобласці – “Якасную ваду – у кожны сельскі дом”. На базе сярэдніх і базавых школ былі створаны групы, у якія ўваходзілі вучні і настаўнікі-куратары. Імі ў адпаведнасці з распрацаваным бланк-пашпартам былі сабраны звесткі пра 23 тысячы (!) студняў, якія знаходзяцца ў 11 раёнах вобласці. Усе яны абазначаны на плане мясцовасці, на цяперашні момант студэнты рыхтуюць адпаведную базу дадзеных.
Выяўлена многа закінутых калодзежаў – цяпер МНС заклапочана тым, каб зрабіць іх каптаж. Ёсць матэрыял для роздуму і іншым службам. Па матэрыялах даследавання ва ўніверсітэце была наладжана выніковая навуковая канферэнцыя.
У 2011 годзе Аксана Градунова як малады спецыяліст атрымала грант Рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў на вывучэнне крыніц Берасцейшчыны. Два гады таму была сфарміравана навукова-даследчая група пад кіраўніцтвам Аксаны Іванаўны.
Справядліва будзе сказаць, што першымі працу ў гэтым напрамку пачалі выкладчыкі ўніверсітэта Віктар Карпук і Аляксандр Грыбко яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя. Але з таго часу многае змянілася. З’явіліся камп’ютарныя тэхналогіі, лічбавае фота. Адкрыты і новыя крыніцы. Напрыклад, раней лічылі, што ў Маларыцкім раёне іх няма зусім, а на цяперашні час вядома пра дзве: Пажэжынская крынічка –
на 20-м кіламетры аўтадарогі з Брэста на Макраны, а другая – каля вёскі Высокае.
На цяперашні час навукова-даследчай групай апісана звыш ста крыніц. Вельмі многа, па словах кіраўніка групы, дапамагаюць мясцовыя жыхары. Напрыклад, у Пінскім раёне пакуль знайшлі дарогу да адной з крыніц, вяскоўцы расказалі яшчэ пра тры. Самая ж вядомая крыніца на тэрыторыі нашай вобласці – ля вёскі Ясянец Баранавіцкага раёна. Калі ў іншых вада спакойна выходзіць на паверхню, то ў ёй, адзінай, некалькі патокаў вады з шумам вырываюцца з-пад зямлі.
Назва студэнцкай навуковай групы, якой кіруе кандыдат геаграфічных навук Алег Такарчук, мае назву “Гідраэколаг”. У полі зроку даследчыкаў – узаемаадносіны “вада і чалавек”. Асаблівая ўвага надаецца “жыццю” малых (менш за 100 км) рэк. Яны найбольш адчувальныя да забруджвання. Калі ў таго ж Заходняга Буга ці Прыпяці плынь здольная сама ў пэўнай ступені разбавіць нечыстоты, то ў малых рэк і ручаёў такой магчымасці няма. Пры гэтым уся сістэма кантролю, ці, як цяпер кажуць, маніторынгу, якасці вады скіравана на буйныя рэкі, у той час як 60 працэнтаў бруду, па сведчанні навукоўцаў, трапляе ў іх з прытокаў. Гэта нібыта крывяносная ці нервовая сістэма чалавека: нарыў –
на руцэ, а павышаецца тэмпература ўсяго цела.
Спачатку навуковая група стварае гідраэкалагічную мадэль раёна. На ёй вылучаецца басейн ракі, які вывучаецца з розных пунктаў гледжання: якія населеныя пункты і сельскагаспадарчыя аб’екты побач, чым адметны грунт басейна, ці ёсць прамысловыя прадпрыемствы… Усе дадзеныя заносяцца ў камп’ютар. З яго дапамогай вызначаюцца месцы, дзе мэтазгодна зрабіць аналіз вады.
Трэба сказаць, што праца навуковай групы толькі пачынаецца, але ўжо цяпер зразумела, што не адно пакаленне студэнтаў геафака будзе мець магчымасць ратаваць малыя рэкі роднага краю.
Праблемы развіцця турызму ў Брэсцкай вобласці даследуе навуковая група, якой кіруе намеснік дэкана па навуковай працы кандыдат гістарычных навук Аляксандр Панько. Ёсць і канкрэтныя дасягненні. Летась выпускніца факультэта Марына Купракова на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ атрымала дыплом I ступені. Яе даследаванне было прысвечана такой перспектыўнай тэме, як вывучэнне прыдатнасці рэк для водна-спартыўнага турызму. Сама Марына актыўна займаецца спортам, таму здолела прайсці па рэках нашай вобласці на байдарцы не адзін дзясятак кіламетраў. Студэнткай-дыпломніцай зроблена таксама абгрунтаванне і інфармацыйнае забеспячэнне маршрута па рацэ Капаюўка (гэта на поўдні Брэсцкага раёна).
На факультэце плануецца актыўна задзейнічаць студэнтаў – у першую чаргу тых, што атрымліваюць спецыялізацыю “Турызм”, –
у рэалізацыі праекта “Веласіпедны маршрут “Слядамі прыбужскіх таямніц”, вядучым партнёрам якога з’яўляецца Вышэйшая дзяржаўная школа ў горадзе Бяла-Падляска (Рэспубліка Польшча). Да канца наступнага года павінен быць распрацаваны маршрут працягласцю каля 600 км па тэрыторыі Бяльскага павета Люблінскага ваяводства і Брэсцкага, Камянецкага раёнаў нашай вобласці…
Атрымалася, што ўсе мае суразмоўцы так ці іначай выходзілі на “гідралагічныя” праблемы. Думаецца, што гэта зусім не выпадкова, бо вада – само жыццё. А жывыя, з празрыстай і чыстай вадой рэкі, крыніцы і калодзежы – наша чыстае сумленне перад нашчадкамі. Будзем спадзявацца на тое, што цяперашнія маладыя даследчыкі-географы зробяць усё, каб прырода роднага краю не пакутавала ад наступстваў цывілізацыі, што праца ў студэнцкім навуковым таварыстве дапаможа ім яшчэ мацней палюбіць родны край.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.