З праблем і набыткаў дашкольнай адукацыі пачаў справаздачны даклад начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіл Ціханчук. Як заўважыў Міхаіл Андрэевіч, у апошнія гады назіраецца тэндэнцыя “амала-джэння” ясельных груп: 8700 дзяцей ва ўзросце ад года да двух наведваюць дашкольныя ўстановы. У мінулым годзе колькасць месцаў у іх павялічылася на 930, але пытанне яшчэ чакае свайго канчатковага вырашэння (напрыклад, у Маскоўскім раёне горада Брэста дашкольныя ўстановы могуць наведваць толькі 82,1 працэнта дзяцей).
Без збояў працуе ў вобласці сістэма агульнай сярэдняй адукацыі. Ужо трэці год запар расце колькасць першакласнікаў (летась іх было 16131, а годам раней – толькі 14907). Працягваецца камп’ютарызацыя школьных бібліятэк – на цяперашні час гэта 89,5 працэнта. І ў той жа час камп’ютарная аснашчанасць не можа вырашыць праблем якасці навучання. Усім нам хацелася б, каб у вобласці было больш “зорак”. Праўда, колькасць вучняў, якія набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні па асобных прадметах 100 балаў, павялічылася летась удвая (37 чалавек), але ж на заключным этапе прадметных алімпіяд брастаўчане атрымалі ўсяго 56 дыпломаў, у той час як, напрыклад, у гродзенцаў іх – 98.
Дыскусію ў зале выклікала пытанне аб профільным навучанні. Падводзячы яе вынікі, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык зазначыў, што профільная адукацыя павінна быць накіравана на вырашэнне кадравых праблем у канкрэтным рэгіёне і яе трэба спалучаць з актыўнай прафарыентацыяй. На думку Леаніда Аляксан-дравіча, неабходна і надалей падымаць прэстыж рабочых прафесій.
Прыемна ўсведамляць, што ў Брэсцкай вобласці самая нізкая дзіцячая злачыннасць па рэспубліцы. У той жа час работнікаў адукацыі хвалююць сацыяльна праблемныя сем’і. “Каб не дапусціць бяды, – перакананы Леанід Цупрык, – неабходна адразу даць гора-бацькам зразумець, што пастаноўка сям’і на ўлік як сацыяльна небяспечнай – гэта не простая фармальнасць: наперадзе чакае суд, калі яны не возьмуцца за розум”.
На парадку дня калегіі было таксама абмеркаванне пытанняў спецыяльнай адукацыі, абароны жыцця дзяцей, праблем матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння школ, спорту і турызму. Прадметная размова вялася пра выпадкі парушэння працоўнага заканадаўства ва ўстановах адукацыі, кадравую палітыку, працу са зваротамі грамадзян…
Па выніках працы за год шэрагу педагогаў вобласці ўручаны ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі, а намеснік кіраўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Людміла Былінская ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Главная На першым плане 29 студзеня прайшла калегія ўпраўлення адукацыі аблвыканкама
от8 февраля, 2019
29 студзеня прайшла калегія ўпраўлення адукацыі аблвыканкама
