5 студзеня – Дзень работнікаў сацыяльнай абароны
Міласэрнасць, прыстойнасць, неабыякавасць
Гэтыя якасці спалучаюцца ў асобе Любові Хоміч, якая 22 гады абслугоўвае адзінокіх састарэлых жыхароў вёскі Арэхава Маларыцкага раёна
Так ужо ўладкавана наша жыццё: за дзяцінствам прыхо-дзяць юнацтва і маладосць, затым настае сталасць, а за ёй – і старасць. Менавіта яна робіць некалі здаровых і моцных людзей нядужымі, нярэдка прыносіць адзіноту. Добра, калі гэты адрэзак часу чалавек праводзіць у коле дзяцей і ўнукаў, якія атуляюць клопатам і цяплом, аблягчаюць душэўныя і фізічныя пакуты.
Ды толькі далёка не ўсім так шанцуе. Нехта не стварыў сваю сям’ю, а ў кагосьці дзеці выраслі і разляцеліся па свеце, нібы птушкі, і не могуць быць разам з бацькамі. Тады палачкай-выручалачкай для іх становяцца сацыяльныя работнікі. Міласэрныя, спагадлівыя і прыстойныя, бо чэрствыя і абыякавыя да чужых праблем, як правіла, на гэтай рабоце не затрымліваюцца.
Зараз на Брэстчыне больш за 2 тысячы сацыяльных работнікаў абслугоўваюць амаль 10 тысяч адзінокіх састарэлых грама-дзян. Два-тры разы на тыдзень спяшаюцца яны па знаёмым маршруце да сваіх бабуль і дзядуль, якія з нецярплівасцю іх чакаюць. І не столькі для таго, каб даць нейкае даручэнне – больш для таго, каб пагаманіць аб жыцці, расказаць пра тое, што баліць і хвалюе, часам – гады маладыя ўспомніць. А пасля ўжо вяртаюцца да хлеба надзённага і іншых тавараў першай неабходнасці, якія трэба купіць у магазіне.
Неаднойчы за гады працы сацыяльным работнікам даводзілася выслухоўваць шчырыя споведзі сваіх падапечных і Любові Хоміч з вёскі Арэхава Маларыцкага раёна. Многія ўжо адышлі ў іншы свет, а яна дагэтуль памятае іх. Нягле-дзячы на тое, што ў кожнай з яе падапечных свая жыццёвая гісторыя і далёка не “салодкі” характар, Любоў Раманаўна ніколі не крыўдзілася на іх. Увогуле ж, усе яе кліенткі –
добразычлівыя, нечым падобныя на казачных, ахайныя бабулькі, як Антаніна Андрэеўна Бягеза, якія да апошняга сябе і сваё жыллё стараюцца даглядаць самі. І толькі калі зусім занядужаюць, просяць сацыяльнага работніка памыць у доме падлогу ці прынесці дроў.
Любоў Хоміч не хавае, што ў сацыяльную службу яе прывяла не запаветная мара, а таму, што падыходзіў графік работы: жанчына сама выхоўвала дваіх дзяцей, якіх не было з кім пакінуць (пазней, калі сын з дачкой падраслі, яны разам з мамай хадзілі дапамагаць яе падапечным). Ды і маці, цяпер ужо нябожчыца Марыя Харытонаўна Вярчук, адгаворвала: маўляў, цяжкая гэта работа, не зможаш ты даглядаць адзінокіх састарэлых людзей. А яна – змагла! Прычым не толькі даглядаць, але і стаць для іх блізкім чалавекам, якому можна даверыць не толькі грошы на хлеб, але і сябе. І гэта не проста словы.
Яшчэ летась у адзін з прыездаў на сваю маленькую радзіму я наведала цётку. Немаладая ўжо бацькава сястра скардзілася на здароўе, на тое, што самой і падлогу ўжо цяжка памыць, і па хлеб у магазін схадзіць. Цяпер Антаніна Лявонцьеўна Амельянчук таксама ў ліку падапечных Любові Хоміч і вельмі задаволена сваім сацыяльным работнікам: маўляў, зычлівая, добрая, душэўная… А мне падумалася: цудоўна, што ў нашай краіне шмат прафесіяналаў, для якіх міласэрнасць – не проста слова, а штодзённая праца. Праца руплівых рук і спагадлівай душы.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Маларыцкі раён.
Тэрыторыя спагады
У цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Баранавіч заўсёды прыйдуць на дапамогу ў няпростай жыццёвай сітуацыі
Паўлу Саханаву – 22. За ўсё сваё жыццё ён не вымавіў ні слова, але таксама, як і ўсе, радуецца кожнаму дню, добраму надвор’ю і засмучаецца з-за няўдач. У яго жыцці нямала праблем, з якімі дапамагаюць спраўляцца самыя блізкія людзі – яго бацькі і спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г. Баранавічы.
Практычна з нараджэння Паўлу паставілі дыягназ – затрымка маўленчага развіцця. Для бацькоў гэта прагучала як прысуд. Але яны ніколі не адчайваліся. З часам адправілі сына ў звычайную школу, каб ён не адчуваў сябе адзінокім і ў той жа час вучыўся, можа быць, не столькі навукам, колькі элементарным нормам жыццядзейнасці. “Гэта было няпроста, – кажа Таццяна Віктараўна, мама. – Мой сын меў патрэбу ў пастаяннай падтрымцы, у многіх выпадках яму неабходна была дапамога, але я хацела, каб ён навучыўся прымаць яе ад розных людзей. Атрымалася добрая школа жыцця, хоць і суровая”.
Паша хадзіў на ўрокі, слухаў настаўнікаў, па-свойму меў зносіны з аднагодкамі, але, на жаль, так і не загаварыў. Таццяна Віктараўна прызнаецца: “Часам нам усім бывае вельмі цяжка, але я не скарджуся Богу, што менавіта ў маёй сям’і нарадзілася дзіця-інвалід. Заўсёды імкнуся даць сыну дастаткова ўвагі і стаўлюся да яго як да звычайнага нармальнага чалавека. Я прыйшла да гэтага не адразу. Не лічу яго становішча трагедыяй. Часам зусім забываю, што ў сына сур’ёзная праблема са здароўем. Ён дапамагае мне з уборкай, лёгка спраўляецца з пыласосам, выносіць смецце; калі трэба, дапамагае перанесці нейкі цяжар”. А яшчэ з мамінай дапамогай Паша навучыўся карыстацца камп’ютарам і цяпер можа слухаць розную музыку, гуляць у камп’ютарныя гульні.
Аднак па стане здароўя Павел не можа ўладкавацца на працу, яму цяжка выконваць на працягу доўгага часу пэўныя функцыі. Што рабіць? На дапамогу прыйшоў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Баранавічы, на базе якога працуе творчая майстэрня. Менавіта там Павел і знайшоў сабе занятак. За 4 гады ён асвоіў розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Супрацоўнікі цэнтра ставяцца да сваіх падапечных як да родных дзяцей. Таму маладыя людзі, якія прыходзяць сюды, часова забываюць аб сваіх хваробах.
“Аднолькавых людзей у свеце няма, – кажа Таццяна Саханава. –
І калі чалавек адрозніваецца ад астатніх – гэта не значыць, што ён дрэнны і іншыя могуць паказваць на яго пальцам. Мне вельмі хацелася б, каб такіх людзей не баяліся і не саромеліся, каб ставіліся да іх як да звычайных здаровых людзей. Так, як робяць гэта нашы сацыяльныя работнікі”.
У Баранавічах пражывае каля 9 тысяч інвалідаў. Лічба не малая. Вялікую дапамогу ім аказвае тэрытарыяльны цэнтр, дзе маладыя людзі могуць не толькі знайсці сабе цікавую справу, але і асвоіць нескладаную працу ў паліграфічнай майстэрні. Акрамя таго, яны з задавальненнем наведваюць тэатральную студыю, паспяхова выступаюць са сваімі спектаклямі не толькі ў горадзе, але і ўдзельнічаюць у конкурсах. У аддзяленні дзённага знахо-джання для інвалідаў працуе 9 гурткоў і клубаў па інтарэсах: “Рытміка і музыкатэрапія”, “Фарбы жыцця”, “Цуды сваімі рукамі” і іншыя. Сустрэча “У коле сяброў”, віктарына “За здаровы лад жыцця”, конкурсная праграма “Мая сям’я – мая радасць”, удзел у рэспубліканскай спартландыі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў г.п. Мір, экскурсіі, дабрачынныя акцыі – не пералічыць тых спраў, якія сваім выхаванцам дапамагаюць здзяйсняць сацыяльныя работнікі. Яны шчодра дзеляцца дабрынёй з усімі, хто звяртаецца ў цэнтр па дапамогу. Гэта, насамрэч, своеасаблівая тэрыторыя спагады. Цяжка ўявіць жыццё Паўла і яго сям’і, а таксама дзясяткаў іншых сем’яў, калі б
такога цэнтра не было. Людзі засталіся б са сваёй бядой сам-насам. Таму Таццяна Саханава ад усяго сэрца дапамагае іншым падапечным цэнтра, аказваючы фінансавую падтрымку асобным праектам сацыяльнай установы.
Першапачаткова дзённае аддзяленне наведвалі 20 інвалідаў ва ўзросце ад 18 да 21 года, цяпер іх 81. Гарадскі выканаўчы камітэт выдзеліў цэнтру яшчэ адзін будынак па вуліцы Гагарына на тысячу квадратных метраў. Там у хуткім часе плануецца адкрыць новае памяшканне аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і пенсіянераў. “Нас гэта вельмі радуе, – кажа дырэктар гарадскога ТЦСАН Алена Герман, – бо колькасць маючых патрэбу ў нашай дапамозе расце. Я лічу, што людзей з абмежаванымі магчымасцямі не варта ізаляваць. Трэба, каб навакольныя ўспрымалі іх як роўных. Моладзь жа неабходна актыўней прыцягваць да добраахвотніцкага руху. Гэта практычны і дзейсны сродак выхавання міласэрнасці, людскасці”.
У нашым свеце кожны чалавек мае права на шчасце. І ў любога з нас ёсць магчымасць дапамагчы некаму падняцца нават у горы.
Ірына ДЗЕЙКАЛА,
г. Баранавічы.
Фота з архіва ТЦСАН.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.