“Аквамарын” для Століна
У райцэнтры адкрылі сучасны фізкультурна-спартыўны комплекс і выпрабавалі яго абласной спартакіядай “Вертыкаль”
З лацінскай мовы “аквамарын” перакладаецца як марская вада. Сінявата-зялёны мінерал з’яўляецца разнавіднасцю берылу, распаўсюджанага і ў ювелірнай справе. А зусім нядаўна неверагодна прыгожы камень абзавёўся яшчэ адным не менш каштоўным цёзкам і набыў новае значэнне. Менавіта “Аквамарынам” назвалі свежанькі фізкультурна-спартыўны комплекс у Століне, які ўрачыста адкрылі напрыканцы мінулага тыдня. Ды не проста адкрылі, але выпрабавалі фінальнымі спаборніцтвамі XIV абласной спартакіяды “Вертыкаль” сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў улады.
Назву для новенькага аб’екта шукалі агульнымі намаганнямі сталінчан. Сярод чытачоў раённай газеты “Навіны Палесся” быў арганізаваны конкурс, дзе з мноства прапанаваных варыянтаў выбралі найбольш трапны – “Аквамарын”.
Для шматлікіх жыхароў самага вялікага раёна вобласці спартыўны “асілак”, сапраўды, стаў грандыёзным падарункам. У першую чаргу, з-за наяўнасці аж двух басейнаў колеру аквамарыну: для дзетак, якія жадаюць навучыцца плаваць, і дарослых, якія даўным-даўно гэтае жаданне здзейснілі. Між іншым, раней у райцэнтры ўвогуле не было такой магчымасці: нешта падобнае на басейн функцыянавала ў лазні ды невялічкі “жабнік” існаваў у адным з дзіцячых садкоў горада. Зараз жа багатая інфраструктура спартыўнага комплексу дазволіць адкрыць аддзяленне плавання, дзе ўмацоўваць здароўе з дапамогай водных пра-цэдур змогуць усе жадаючыя.
– Зусім нядаўна ў нас нават не было ўласнай базы, – падзяліўся Анатоль Семянчук, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. – Дзеці вымушаны былі займацца ў спартыўных залах агульнаадукацыйных школ, а з будаўніцтвам “Аквамарына” з’явілася цудоўная магчымасць адначасова праводзіць заняткі адразу па пяці відах спорту для больш чым 100 чалавек у гадзіну.
Акрамя басейна мясцовыя аматары здаровага ладу жыцця павінны будуць ацаніць і прасторную спартыўную залу на 200 гледачоў, сучасную трэнажорную залу, памяшканні для настольнага тэніса і більярда, залы для гульні ў шахматы і шашкі, саўну. На набыццё абсталявання для “Аквамарына”, якога не хапала, столінская ДЮСШ атрымала сертыфікат на 50 мільёнаў рублёў ад Міністэрства спорту і турызму Беларусі. Адным словам, робіцца ўсё магчымае, каб таленавітыя трэнеры і педагогі з райцэнтра змаглі выхаваць яшчэ адну Надзею Астапчук ці Алену Копец – не зважаючы на фінансавы аспект пытання.
– Калі прымалі рашэнне аб будаўніцтве гэтага комплексу, разлічвалі толькі на свае сродкі, – расказаў кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар. – Праект каштаваў каля 70 мільярдаў рублёў, але гэта нішто ў параўнанні з тымі задачамі, якія возьме на сябе шматфункцыянальны спартыўны аб’ект. Ён будзе цудоўным плацдармам для развіцця водных і гульнявых відаў спорту. Вулічная інфраструктура комплексу – тэнісны корт, пляцоўкі для гульні ў валейбол, баскетбол, міні-футбол, хакей – стварае выдатныя ўмовы для заняткаў у летні перыяд. А калі чалавек зацікавіцца фізічнай культурай, у яго проста не будзе часу на дрэнныя звычкі. Спорт, да таго ж, садзейнічае згуртаванню калектываў, і спартакіяда “Вертыкаль” таму пацвярджэнне. Памятаю першыя спаборніцтвы, калі людзі ставіліся да ідэі іх правядзення з нейкай насцярожанасцю, не надта хацелі ўдзельнічаць. Потым спартакіяда ўвайшла ў звычку і нарадзіла яшчэ адну добрую традыцыю…
Ну, а ў тым, што хутка ў жыхароў Століншчыны таксама з’явіцца мноства выдатных спартыўных традыцый, сумнявацца не прыходзілася: усё было відаць па шчаслівых тварах прысутных. Для людзей адкрыццё спартыўнага аб’екта стала знамянальнай падзеяй: такі падарунак яны заслужылі – за свае працавітыя рукі і безжурботны настрой. А той, хто ўмее добра працаваць, як любіць паўтараць старшыня аблвыканкама, павінен добра адпачываць. Цяпер жыхары раёна з радасцю рэалізуюць гэтую прывілею, але кожны па-свойму.
Васіль Андрэйчык, напрыклад, абяцае прыйсці сюды разам са шматлікімі дамачадцамі: жонку адправіць на заняткі па фітнесе, сам паспрабуе сілы на трэнажорах, а дзетак запіша ў плавальную секцыю. Студэнтка Юлія асабліва радуецца з’яўленню на базе комплексу даволі ўтульнай піцэрыі – дарэчы, таксама адзінай у горадзе. Тут, па меркаванні дзяўчыны, аднолькава добра адпачываецца і ў коле сям’і, і ў кампаніі сябровак, і сам-насам з каханым, а выбар прапанаваных дэсертаў і кактэйляў не горшы, чым у кафэ абласнога цэнтра. Старшакласнікі Віктар і Дзмітрый задаволеныя тым, што пайграць у більярд ці паплаваць цяпер можна нават у выхадныя.
У дадатак да пералічанага, аб’ект паспяхова справіцца з яшчэ адной ускладзенай на яго задачай – правядзеннем спаборніцтваў раённага і абласнога ўзроўняў. Гэта ўжо даказаў фінал абласной спартакіяды “Вертыкаль”. Ён, па словах галоўнага суддзі спаборніцтваў, начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Эрнеста Нікалайчука, прайшоў на самым высокім узроўні, а тых эмоцый, якімі ўдзельнікі падмацаваліся падчас спартыўных баталій, з лішкам хопіць на ўвесь працоўны год.
Звычайна, былі ў той дзень і пераможцы, і пераможаныя, але выйграла ў выніку здароўе кожнага з удзельнікаў, як трапна заўважыў старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. Тым не менш, большасць галоўных узнагарод дасталася самай шматлікай каман-дзе аблвыканкама. Адно “золата” ў яе скарбонку асабіста паклаў і Канстанцін Сумар – ён аказаўся мацнейшым у дартсе сярод старшынь выканаўчых камітэтаў.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Столін.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.