Час для паскарэння

Час для паскарэння

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Перад кіраўнікамі рэгіёнаў, службаў і прадпрыемстваў пастаўлена дакладная задача: максімальна выправіць сітуацыю там, дзе гэта магчыма зрабіць
Асноўнае пытанне чарговага пасяджэння, якое правёў у панядзелак першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук, – аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны і выкананні абласнога бюджэту за 9 месяцаў 2013 года. Яно было разгледжана з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна, першага намесніка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Базанава, Віктара Валюшыцкага, Аляксандра Зазулі, Валянціна Мілашэўскага, Аляксандра Юркевіча.
Перад тым, як даць слова дакладчыку – старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Леаніду Мартынюку, Міхаіл Іванавіч заўважыў, што “ў цэлым устойлівасці ў тэмпах росту няма”. Валавы рэгіянальны прадукт дасягнуў 103,3 працэнта – гэта другі паказчык у краіне. Тым не менш, не хаваў занепакоенасці першы намеснік кіраўніка вобласці, прагнозны паказчык па ВРП – 109,9 працэнта – пакуль яшчэ не склаўся. Не радуе і той факт, што вышэй  за даведзенае заданне назіраецца рост экспарту тавараў, зніжаюцца аб’ёмы сельгаспрадукцыі, існуюць пэўныя праблемы ў прамысловасці – у прыватнасці, тэкстыльнай і швейнай вытворчасці…
Міхаіл Юхімук сканцэнтраваў увагу на наяўнасці звышнарматыўных запасаў гатовай прадукцыі на прадпрыемствах, яны апошнім часам павялічыліся на некалькі працэнтаў. Не задавальняе кіраўніцтва вобласці і рост колькасці стратных прадпрыемстваў (на сённяшні дзень іх 156 – гэта на 3-4 пункты больш у параўнанні з мінулагоднім адпаведным перыядам). Наконт гэтага Міхаіл Іванавіч зазначыў: “Было праведзена некалькі нарад. І калі заслухоўвалі кіраўнікоў – вынікала: ёсць рэзервы. Але не было сур’ёзнага кантролю. Крокі, якія робяцца, недастатковыя, – падагульніў выступоўца. – Засталося два месяцы да канца года. Задача для ўсіх – максімальна выправіць сітуацыю”.
У сваю чаргу Леанід Мартынюк, адзначыўшы выкананне двух паказчыкаў – па экспарце тавараў і намінальнай сярэднямесячнай зарплаце, спыніўся на праблемных пытаннях, якія замаруджваюць дынамічнае развіццё рэгіёна. Гэта і вялікія складскія запасы на шэрагу прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, і рост колькасці таварных пазіцый у імпартазамяшчэнні, і прыкметны спад у сельскай гаспадарцы, і невыкананне задання па прамых замежных інвестыцыях…
Былі заслуханы старшыні Ганцавіцкага, Жабінкаўскага, Іванаўскага, Лунінецкага, Столінскага раёнаў, таксама кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў, работа якіх выклікае трывогу. У сваім выступленні віцэ-прэм’ер краіны Анатоль Калінін заўважыў, што пачутыя ім тлумачэнні недастаткова пераканаўчыя, і параіў кіраўніцтву вобласці ўздзейнічаць на адказных службовых асоб, што называецца, рублём – за невыкананне прагнозных паказчыкаў зніжаць заробак, і, маўляў, такі рычаг – самы дзейсны.
Анатоль Калінін, у цэлым характарызуючы эканамічную сітуацыю Беларусі, засяродзіў увагу на стратных прадпрыемствах: калі ў рэспубліцы іх 9,6 працэнта, дык на Брэстчыне больш – 13,1.
“Іх трэба ці аб’ядноўваць, ці перапрафіляваць”, – лічыць намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі. Адносна тэмпаў росту заработнай платы ён нагадаў меркаванне Прэзідэнта: зарплату варта зарабляць, а для гэтага прадпрыемства павінна працаваць эфектыўна. Анатоль Калінін таксама закрануў пытанне аб рабоце будаўнічага комплексу, эканоміі рэсурсаў, у тым ліку імпартных складальнікаў, запасах гатовай прадукцыі, развіцці малога і сярэдняга бізнесу, павелічэнні колькасці зваротаў берасцейцаў у рэспубліканскія дзяржорганы. Напрыканцы Анатоль Калінін заўважыў, што Брэсцкая вобласць заўжды была адной з вядучых у краіне – так што ёсць усе магчымасці, маецца патэнцыял для таго, каб гэтую пазіцыю захаваць. А Міхаіл Юхімук, звяртаючыся да кіраўнікоў рэгіёнаў, паставіў перад імі задачу прааналізаваць сітуацыю па кожным недавыкананым прагнозным паказчыку і да канца года прыняць вычарпальныя меры для яе выпраўлення. Варта памятаць: даведзеныя заданні ніхто не адмяняў, а значыць – трэба працаваць на вынік.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“Аквамарын” для Століна

Следующая запись

Старшы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Марына Кудрашова ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”