Беларусь

КАМСАМОЛУ – 95! Маладосць. Рамантыка. Адказнасць


29 кастрычніка камсамолу споўніцца 95 гадоў. Цяжка пераацаніць усё тое, што было створана за дзесяцігоддзі некалькімі пакаленнямі моладзі для эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця краіны, разгрому фашызму, пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, міжнароднай інтэграцыі і ўмацавання інтэрнацыянальнага сяброўства. Камсамольцы станавіліся героямі, вучонымі, майстрамі мастацтваў, ваеннымі, дыпламатамі, дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі. На працягу апошніх нумароў газеты  “Народная трыбуна” расказвала пра дзейнасць абласной камсамольскай арганізацыі і лёсы людзей, якія былі ля вытокаў яе станаўлення і развіцця. Сёння вельмі важна пераняць бясцэнны вопыт самай буйной і моцнай калісьці маладзёжнай арганізацыі. Многія нашчадкі камсамольцаў і цяпер працягваюць іх добрую справу ўжо ў сучасным фармаце камсамола – Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі. Безумоўна, шмат ужо зроблена, аднак яшчэ больш добрых спраў наперадзе. Дык цікава, што, на думку нашчадкаў камсамольцаў, варта пераняць сучаснай моладзі?

Ірына  ЗАМАРОЗНАЯ,  начальнік  аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай  работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама:
– Як і ў многіх сем’ях, у маёй таксама ёсць камсамольцы. Маці, напрыклад, у свой час была сакратаром райкама камсамола ў Гомельскай вобласці. Думаю, што пераемнік арганізацыі – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – узяў самае лепшае ад камсамольскага руху. Сёння актыўна развіваецца валанцёрства – раней, безумоўна, гэты кірунак не так называўся, але мэты засталіся такімі ж. Маладзёжныя атрады аховы правапарадку –  таксама працяг камсамольскіх традыцый.
Увогуле, вялікая частка многіх праектаў сучаснай маладзёжнай суполкі мае глыбокія камсамольскія карані. Пры гэтым нельга не заўважыць, што сучасная моладзь ярка і крэатыўна дапаўняе пачатую амаль стагоддзе таму справу.
Святлана МІРЧУК,  старшыня абласной арганізацыі  ГА “Беларуская рэспублі-канская піянерская арганізацыя”:

– Маладзёжны запал і многія добрыя якасці мне перадаліся ад бацькоў, якія былі камсамольцамі. Вельмі хочацца, каб сённяшняя моладзь ведала, што такое сапраўднае сяброўства, падтрымка ў цяжкую хвіліну і камандны дух. Па рабоце даводзіцца назіраць, як змаглі захаваць сяброўства камсамольцы яшчэ 70-80-х гадоў. Яны даўно ўжо выйшлі з камсамольскага ўзросту, аднак і цяпер не пакідаюць адзін аднаго, заўсёды дапамогуць, з радасцю сустрэнуцца пагаварыць за жыццё і ўспомніць камсамольскія гады. Яны з нецярпеннем чакаюць надыходзячага свята і беражліва захоўваюць памяць пра камсамольскае юнацтва.

Аляксандр ЗАНЬКА,  першы  сакратар Ганцавіцкага райкама ГА “БРСМ”:
– Мае бацькі былі актыўнымі камсамольцамі, маці нават з’яўлялася сакратаром камсамольскай арганізацыі камбіната бытавога абслугоўвання. Мне давялося стаць пераемнікам камсамольскіх традыцый. Здаецца, БРСМ ужо вылучыў для сябе, якія кірункі дзейнасці найбольш
падыходзяць пад сучасныя рэаліі: студэнцкія атрады, маладзёжныя атрады аховы правапарадку, дабрачыннасць і валанцёрства.
На мой погляд, для таго, каб сучасным юнакам і дзяўчатам было цікава ў маладзёжнай арганізацыі, варта шукаць новыя кірункі і формы работы. Заўважу толькі, што цяперашнія члены суполкі могуць пазайздросціць  адказнасці і арганізатарскім здольнасцям камсамольцаў. Нават праз гады яны з цеплынёй і павагай расказваюць пра камсамол, заўсёды з радасцю сустракаюцца з сябрамі, якіх ім падарыў камсамол.

Людміла  ЧЫРУН,  першы  сакратар Кобрынскага райкама ГА “БРСМ”:
– У нашай сям’і не адно пакаленне мае права называцца камсамольцамі. Бацькі, бабуля і дзядуля былі членамі маладзёжнай арганізацыі. Іх камсамольскія білеты сталі сямейнай рэліквіяй і сапраўднай каштоўнасцю.
На мой погляд, моладзі ХХI стагоддзя не хапае ранейшых цвёрдасці, рашучасці і ўпэўненасці. Хацелася, каб юнакі і дзяўчаты былі больш ініцыятыўнымі, актыўнымі і менш меркантыльнымі. Менавіта духоўнае багацце, шырокі кругагляд, рознабаковы ўнутраны свет і жаданне быць карысным для навакольнага свету – вось бясцэнная спадчына камсамола.

Запісала
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля