У Брэсце пройдзе акцыя “Без гэтага можна жыць”
Па ініцыятыве абласной пракуратуры ў Брэсце пройдзе прафілактычная акцыя “Без гэтага можна жыць”
“Ужо колькі разоў казалі свету…” Гэта вядомая фраза надзвычай актуальная ў пытанні барацьбы з курэннем, п’янствам і наркаманіяй. Мноства звестак аб іх шкодзе можна знайсці ў розных крыніцах інфармацыі. Аднак праблема застаецца і сярод дарослых, і, на жаль, сярод падлеткаў. Напрыклад, за 9 месяцаў 2013 года ў вобласці за распіццё спіртнога ў грамадскіх месцах або за з’яўленне ў такіх месцах ў стане алкагольнага ап’янення да адказнасці прыцягнута 899 падлеткаў; з аднаго да 11-ці павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Тым не менш, па інфармацыі пракурора вобласці Івана Наскевіча, на Брэстчыне назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых падлеткамі на 34,6 працэнта (з 361 да 236) і адміністрацыйных правапарушэнняў – на 4,6 працэнта (з 2755 да 2627).
Каб інфармацыя аб шкодных звычках, якія часта з’яўляюцца прычынай злачынстваў і правапарушэнняў, сапраўды паўплывала на маладых лю-дзей, дзяржаўныя органы і грамадскія арганізацыі вынаходзяць новыя спосабы яе данясення да моладзі.
Па ініцыятыве абласной пракуратуры ў Брэсце ў лістападзе і снежні будзе праводзіцца акцыя “Без гэтага можна жыць”. Кожнае ведамства падрыхтавала сваю праграму, каб падлеткі ведалі, дзе цікава можна праводзіць вольны час і добра ўсвядомілі наступствы злоўжыванняў.
Так, УУС сумесна з упраўленнем спорту і турызму аблвыканкама правядуць конкурс “Спорт асобага прызначэння”. Гэта ваенна-спартыўнае мерапрыемства, дзе падлеткі пройдуць своеасаблівы “курс маладога байца”, паспаборнічаюць на вытрымку і ўменне абыходзіцца са зброяй. Удзел могуць прыняць усе жадаючыя з усіх школ горада, спісы ўжо фарміруюцца. А пераможцы будуць удзельнічаць у фінальных спаборніцтвах па страйкболе ў спарткомплексе “Дынама”.
Упраўленне Міністэрства па на-дзвычайных сітуацыях па Брэсцкай вобласці 12 – 15 лістапада каля кінатэатра “Беларусь” і 26 – 29 лістапада каля гіпермаркетаў “Карона” і “Еўраопт” правядзе цэлае шоу: размесціць пажарную, аварыйную, выратавальную тэхніку, арганізуе конкурсы, прапануе салодкія пачастункі замест цыгарэт, правядзе кіналекторый.
Таксама ў рамках гарадской акцыі ладзяцца конкурс на лепшае пытанне пракурору, выстаўка-конкурс сацыяльнай рэкламы “Маладзёжны погляд” (дзе ўсе жадаючыя могуць паказаць свае плакаты, відэаматэрыялы, лозунгі і слоганы на гэтую вострую тэму), турніры па баскетболе, дартсе, міні-футболе, інфармацыйныя акцыі.
Пераможцы сустрэнуцца з удзельнікамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, атрымаюць падарункі і дыпломы.
Лілія КАШТАНЮК, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.