Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • У горадзе Луцку (Украіна) прайшла прэзентацыя кнігі перакладаў брэсцкіх пісьменнікаў на ўкраінскую мову і кнігі перакладаў валынскіх паэтаў і празаікаў на беларускую мову

У горадзе Луцку (Украіна) прайшла прэзентацыя кнігі перакладаў брэсцкіх пісьменнікаў на ўкраінскую мову і кнігі перакладаў валынскіх паэтаў і празаікаў на беларускую мову


Рэгулярныя стасункі паміж Валынню і Берасцейшчынай на ўзроўні літаратурных аб’яднанняў бяруць пачатак з верасня 1975 года, калі пісьменнікі Брэста, Луцка і Львова сустрэліся ў сялянскай сядзібе Марфы Паўлаўны – маці першага беларускага касманаўта Пятра Клімука. Ад таго ўжо і няблізкага часу ладзяцца амаль штогадовыя восеньскія літаратурныя сустрэчы берасцейцаў і валынян. Апошнія гады яны сталі яшчэ больш  частымі, бо пісьменнікі Берасцейшчыны – заўсёды жаданыя госці на паэтычным свяце “Лісова пісня”, якое апошнія 10 год праходзіць на Ковельшчыне ў першую нядзелю жніўня (акурат гэтай парою ў 1911 годзе Леся Украінка завяршыла напісанне сваёй знакамітай драмы-феерыі).
Пасля сяброўскіх сустрэч у мінулыя гады звычайна з’яўляліся падборкі вершаў у літаратурна-мастацкіх часопісах краін-суседак. І вось нарэшце плёнам літаратурнага супрацоўніцтва сталі кнігі. У Луцку ў выдавецтве “Терен” іх выйшла адразу дзве – “Берестейське багаття” (творы паэтаў і празаікаў Берасцейшчыны ў перакладзе на ўкраінскую мову) і “Думы і песні Валыні” (творы паэтаў і празаікаў Валыні ў перакладзе на беларускую мову). Абодва выданні пабачылі свет пры фінансавай падтрымцы Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Не будзе перабольшваннем сказаць, што паспяховая рэалізацыя да-дзенага арыгінальнага праекта – знакавая падзея ў культурным жыцці беларуска-ўкраінскага памежжа…
Трымаю ў руках з густам выдадзеныя томікі. На вокладцы кожнага з іх – палескія краявіды: возера, чараты і сонечная дарожка на ва-дзе аздабляюць кнігу перакладаў на беларускую мову; сонечныя промні на лясной сцяжыне – на вокладцы ўкраінскамоўнай кнігі. Абодва выданні маюць прыкладна аднолькавы аб’ём – каля 230 старонак. У іх змешчаны фотаздымкі аўтараў і біяграфічныя звесткі, адлюстраваны найбольш яркія моманты літаратурнага жыцця. Зборнікі забяспечаны прадмовамі ўкладальнікаў. Да ўсяго ў кнізе “Думы і песні Валыні” змешчаны артыкул Уладзіміра Калесніка пра творчасць найбольш вядомых майстроў слова валынскага краю 80-ых гадоў мінулага стагоддзя, большасць з якіх і да нашага часу актыўна працуе.
Калі гаварыць пра колькасны склад  аўтараў кожнага са зборнікаў, то  берасцейцы пераклалі на беларускую мову вершы і апавяданні 34 валынскіх літаратараў, валыняне на ўкраінскую – 43 берасцейскіх. Нашы калегі палічылі неабходным уключыць у “Берестейске багаття”  творы тых пісьменнікаў прыбужскага краю, якія пакінулі ўжо гэты свет, але ў свой час многа зрабілі для ўмацавання братэрскіх сувязей – Міколы Купрэева, Ніны Мацяш, Міхася Рудкоўскага, Васіля Сахарчука, Яўгеніі Янішчыц… І ўсё ж асноўнае месца ў зборніку займаюць творы сучасных берасцейскіх паэтаў і празаікаў – Зінаіды Дудзюк, Алеся Каско, Анатоля Крэйдзіча, Міколы Пракаповіча…
Пра тое, каб у зборнікі перакладаў не трапілі прахадныя, неабавязковыя творы, паклапаціліся рэдактары-ўкладальнікі. З боку валынян – гэта вядомыя пісьменнікі (у свой час яны ўзначальвалі абласное аддзяленне нацыянальнай пісьменніцкай суполкі) Васыль Гэй і Ніна Горык. З беларускага боку адказнасць на сябе ўзялі паэт Алесь Каско і аўтар гэтых радкоў – празаік, аглядальнік газеты “Народная трыбуна”.
Няма сумнення адносна таго, што новыя кнігі з цікавасцю будуць сустрэты філолагамі, усімі прыхільнікамі мастацкага слова. Яны дапамогуць  чытачам па абодва бакі мяжы ўсвядоміць адметнасць сённяшняга жыцця літаратурнай Валыні і літаратурнай Берасцейшчыны. Творчасць яднае людзей не горш, чым дыпламатычныя пратаколы. Шкада толькі, далёка не кожны, хто пажадае, зможа набыць зборнікі перакладаў. Тыраж кожнага адно- сна невялікі – 500 экзэмпляраў. Надзвычай зацікавіліся кнігамі валынскія бібліятэкі, якіх тут больш за чатыры сотні. Але, як бы там ні было, украінскія сябры запэўнілі, што і брэсцкія чытачы ў крыўдзе не застануцца…
А наперадзе – новыя праекты і дамоўленасці. У ідэале, усё лепшае, што напісана і выда-дзена ў кожным з нашых рэгіёнаў, павінна быць перакладзена на мову суседзяў. То няхай яно так і будзе: літаратары-суседзі блізкія тэмамі, іх хвалююць адны і тыя ж духоўныя праблемы, і ў той жа час у кожнага – адметная манера пісьма, творчы почырк.
У цяперашняй Еўропе 50 працэнтаў кніжнага рынку – перакладная літаратура. Для нас, беларусаў, літаратура суседніх краін – гэта агромністы духоўны пласт, асваенне якога толькі пачынаецца.  Рабіць гэта варта ў тым ліку  і для таго, каб яшчэ больш палюбіць сваё, роднае. А дзве новыя кнігі – як два крылы, што прыўзнялі палескае (беларускае і ўкраінскае) слова на новую вышыню.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
г. Валынь – г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля