“Autos” – значыць “сам”
Асаблівыя дзеці маюць асаблівы погляд на свет, але ставіцца да іх па-людску атрымліваецца не ва ўсіх
Так ужо здаралася ў жыцці не раз: грамадства замоўчвала нейкую праблему, ігнаравала яе, пакідаючы сам-насам з цяжкасцямі тых, хто непасрэдна трапляў у складаную сітуацыю. Цывілізацыя хоча здзяйсненняў, адкрыццяў, перамог. Тых, хто не можа знайсці кантакт са светам, нібы забывае… Вось прыкладна ў такое становішча і трапілі асаблівыя дзеці. Яны, прыйшоўшы ў гэтае жыццё, аказаліся на “галёрцы”. Толькі апошнім часам аб праблеме аўтызму сталі гаварыць так адкрыта, як, напрыклад, на семінарах для бацькоў дзяцей-аўтыстаў у абласным цэнт-
ры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Асаблівыя дзеці – асаблівы погляд на свет. Іх аб’ядноўвае аўтызм –
няўменне мець зносіны, адарванасць ад знешняга свету, паглыбленасць у сабе. Слова гэтае паходзіць ад лацінскага “autos” – што значыць “сам”. Гэта такое парушэнне развіцця, пры якім узнікаюць праблемы ў фарміраванні сацыяльных кантактаў са знешнім светам і іншымі людзьмі.
На працягу доўгага часу (ды і цяпер здараецца) урачы, ставячы дыягназ “аўтызм”, рэкамендавалі бацькам аформіць адмову ад дзіцяці. Трапляючы ў сістэму дзяржаўнага забеспячэння, такія дзеці станавіліся нябачнымі для грамадства. На іх ставілася таўро “неперспектыўных, няздольных да навучання”, яны ізаляваліся ад грамадства, не атрымлівалі адукацыю, спецыяльную падтрымку. У выніку дзеці пазбаўляліся магчымасці адаптавацца ў навакольным свеце. Калі ж сям’я не адмаўлялася ад свайго малога, то яе жыццё вельмі ўскладнялася: для такіх дзяцей не было ніякіх спецыялізаваных дзіцячых устаноў.
Але ж такім дзецям можна дапамагчы! Толькі для гэтага трэба як мага раней пачаць спецыяльныя заняткі, карпатлівую карэкцыйную работу, якая дапаможа пашырыць магчымасці асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак жыць у грамадстве, вучыцца ў школе, выяўляючы незвычайныя здольнасці, якімі часта валодаюць аўтычныя дзеці. Напрыклад, уменне маляваць. Такую спецыфічную творчасць адносяць да аўтсайдарскага мастацтва – мастацтва старонніх. Ніхто з дзяцей-аўтыстаў спецыяльна не вучыцца маляваць і не лічыць сябе мастаком. Іх карціны не столькі паказваюць знешні свет, колькі адлюстроўваюць унутраны свет стваральнікаў, іх асаблівае ўспрыманне.
Сумесныя намаганні ды ўпартасць прафесіяналаў і бацькоў, якія адстойваюць правы сваіх нестандартных дзяцей, дапамаглі змяніць становішча. Цяпер у многіх развітых краінах (і наша не выключэнне) аўтычныя дзеці маюць магчымасць навучацца ў звычайных школах, ствараюцца і спецыяльныя комплексныя ўстановы, у якіх вя-дзецца адпаведная развіваючая і карэкцыйная работа. І ўсё ж…
Спецыялісты сцвярджаюць: за апошнія 8 год у нас вырасла амаль у тры разы колькасць дзяцей, якія маюць агульныя расстройствы развіцця, у тым ліку і аўтызм. Летась у Беларусі выяўлена 700 дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Немагчыма ж адмежавацца ад асаблівых дзяцей! Неабходна займацца ўключэннем іх у грамадства. Часам у гэтым даводзіцца пераконваць бацькоў, якія, здараецца, не хочуць, каб аб іх ведалі іншыя. Далёка не ўсе педагогі ў дзіцячых садках і школах гатовыя ўзяцца за навучанне такіх дзетак. Прычына? Часам – маральная чэрствасць, часцей – адсутнасць неабходнай спецыяльнай падрыхтоўкі для работы з такім кантынгентам.
Для таго, каб людзі ведалі і разумелі, хто такія аўтысты, што гэта за хвароба, трэба больш інфармаваць не толькі бацькоў асаблівых дзяцей, але і грамадства цалкам. Так, сёння дзейнічаюць бацькоўскія таварыствы і асацыяцыі, што бяруць на сябе інфармаванне людзей, дапамогу сем’ям, у якіх растуць аўтычныя дзеці. Але, мабыць, недастаткова проста інфармацыі аб гэтай хваробе ды ўсведамлення факта, што такія дзеці існуюць. Трэба распавесці пра яе так, каб ні адзін бацька, ні адна маці не былі супраць, што такое дзіця будзе хадзіць у садок з іх малым. Пагадзіцца павінны і выхавальнікі, і настаўнікі, каб незвычайныя дзеці маглі спакойна наведваць не толькі спецыялізаваную школу, але і агульнаадукацыйную.
Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.