“Будучыню выбіраем сёння”
Пад такім дэвізам у Белаазёрскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы электратэхнікі прайшоў парад прафесій
На пляцоўцы перад галоўным корпусам каледжа кіпела праца: жвава, цікава і захапляльна навучэнцы рэкламавалі свае прафесіі.
Кірыл Мацяш, Ілья Хаванскі і майстар вытворчага навучання Пётр Бухта з дапамогай стэнда дэманстравалі майстэрства ў мантажы электрычных схем. Як па ўзмаху чароўнай палачкі, на стэндзе запальваліся лямпачкі, ажывалі схемы, а патэнцыяльныя абітурыенты захоплена сачылі за працэсам.
За вялікімі ахоўнымі экранамі чаравалі зваршчыкі. Мерныя, упэўненыя рухі – і роўненькія швы моцна злучалі металічныя пласціны. Гэта Арцём Каровін і Яўген Буранко віртуозна давалі майстар-клас па электразварцы…
А завяршылі парад прафесій будучыя кухары. Фігурная нарэзка гародніны, работа з цестам не пакінулі абыякавымі гасцей свята. Кожнаму з іх, напэўна, хацелася пастаяць побач з сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы – майстрам Людмілай Яцкевіч і навучэнкамі Анастасіяй Сулімай і Міраславай Ганчук – ды паспрабаваць сябе ў якасці кулінара.
Усім вядома, што шлях да прафесійнага майстэрства ляжыць праз творчасць. Гэтую аксіёму пацвердзілі і майстар-класы. Адным з іх стала лепка з гліны – своеасаблівая “фішка” дадатковай адукацыі ў каледжы. Дзмітрый Дайнека і Андрэй Качына выдатна авалодалі гэтым майстэрствам. Дэкаратыўныя пано, алоўніцы і іншая сувенірная прадукцыя, нібы ў казцы, “нараджаліся” ў іх спрытных руках.
Тэхніка дэкупажу пакуль не вельмі шырока выкарыстоўваецца ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, але Алена Чайчыц і Анастасія Цыральчук пад кіраўніцтвам выкладчыка Святланы Ківатыцкай выявілі крэатыўнасць і прадэманстравалі нядрэнны эстэтычны густ. Тое ж самае можна сказаць і пра тэхніку роспісу па дрэве. Багатая фантазія і руплівасць Анастасіі Жук, Юліі Снітко і майстра Валянціны Мацяш прыцягвалі дзясяткі здзіўленых позіркаў. На бярозавых спілах расцвіталі фіялкі, ландышы, з’яўляліся чароўныя ўзоры. Па-добраму зайздросцілі ім дарослыя і дзеці ды ўздыхалі: “Вось бы мне так навучыцца”. А дзяўчынкі абаяльна ўсміхаліся: “Прыходзьце – абавязкова навучым!”
У сапраўднага беражлівага гаспадара ўсё знаходзіць ужыванне. Здаецца, што можна зрабіць са старой газеты? На макулатуру – і ўсё тут?! Ды не! Вазы, цукарніцы, скрыначкі, вянкі – усё гэта можна стварыць з газетных трубачак. Рамантыкай, сонцам і лесам веяла і ад работ, створаных пры дапамозе сухацветаў, лістоў, травы. Яны належаць таленавітым рукам Паліны Шуставай і майстра Надзеі Хічовай, якія правялі майстар-клас па флордызайне.
Грандыёзная падрыхтоўка да свята, у якой удзельнічаў увесь педагагічны калектыў установы, дала свой плён: выпускнікі гарадскіх і вясковых школ ахвотна наведвалі дэманстрацыйныя пляцоўкі парада прафесій ды выбіралі свой лёс.
– Да нас ідзе моладзь, нам давяраюць бацькі, – адзначыла Святлана Літоўчык, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. – Педагагічны калектыў беражліва і прафесійна выхоўвае і навучае сваіх падначаленых. А гарадскім жыхарам прадстаўлена цудоўная магчымасць атрымаць адукацыю, не пакідаючы межы роднага Белаазёрска.
Дарэчы, у гэты ж дзень сваю работу пачала прыёмная камісія і каледж прыняў першыя дакументы.
Галіна ПЫЖ’ЯНАВА,
метадыст Белаазёрскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.