23 чэрвеня на Брэстчыне прайшла спартакіяда школьнікаў на прызы Прадстаўніцтва НАК Беларусі

23 чэрвеня на Брэстчыне прайшла спартакіяда школьнікаў на прызы Прадстаўніцтва НАК Беларусі

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Нават надвор’е аказалася добразычлівым да юных удзельнікаў абласной спартакіяды на прызы Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці. Спаборніцтвы атлетаў-пачаткоўцаў – удзельнікаў клубаў “Юны алімпіец” – праводзяцца ўжо ў сёмы раз, але кожны раз па-свойму непаўторны і запамінальны. Цудоўнай нагодай сустрэцца зноў і паспрабаваць сілы ва ўпартай барацьбе стала святкаванне Міжнароднага алімпійскага дня. Яго дэвізам абралі просты, але вельмі трапны заклік: “Рухайся. Вывучай. Адкрывай”.
Менавіта прага новых адкрыццяў з’яўляецца той цудадзейнай сілай, што прыводзіць знакамітых спартсменаў да вышэйшых прыступак п’едэстала. А школьнікаў з усіх куточкаў вобласці, якія сабраліся ў той дзень каля стэлы “Алімпійская слава Брэстчыны” ў абласным цэнтры, яна натхніла на першыя крокі ў любімую справу.
– І няхай гэтыя крокі ў вялікі спорт пакуль што невялічкія, але яны моцныя і ўпэўненыя, – адзначыў на цырымоніі адкрыцця спартакіяды Леанід Цупрык, намеснік старшыні аблвыканкама і па сумяшчальніцтве старшыня Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці.
Падбадзёрылі юных атлетаў – вучняў 7-8 класаў – красамоўныя дасягненні на чэмпіянатах свету і Еўропы землякоў, якія ў гэты дзень таксама былі сярод гасцей і нават атрымалі прэзенты з рук Леаніда Цупрыка ды Алены Белаконенка, выканаўчага дырэктара Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці.
Добрага старту і выніковага фінішу камандам пажадалі знакамітыя берасцейцы, чые перамогі ўпісаны залатымі літарамі ў спартыўную гісторыю нашай краіны. Гэта і алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка, якая заўжды лічыцца чаканым госцем на ўсіх спартыўных мерапрыемствах вобласці, і Ірына Кулеша, чыя “бронза” на Гульнях-2012 у Лондане зноў прадэманстравала неверагодны патэнцыял беларускіх атлетаў.
Аднак гэта далёка не адзіныя трафеі, здабытыя спартсменамі вобласці на галоўных спаборніцтвах сучаснасці. За даволі працяглую гісторыю існавання Алімпійскіх гульняў у іх паўдзельнічала каля 100 берасцейцаў. Наша скарбонка скаланулася 21 раз ад звону медалёў самага рознага гатунку.
А на гэтай спартакіядзе “бронза” дасталася камандзе СШ №16 г. Брэста, “срэбра” ўзялі юныя алімпійцы з Мокраўскай СШ Пружанскага раёна, а “золата” павезлі дамоў спартсмены з пінскай СШ №14. Але незалежна ад вынікаў і духу саперніцтва любыя спартыўныя спаборніцтвы ў першую чаргу вучаць сапраўднаму сяброўству, што, дарэчы, і сімвалізуюць знакамітыя алімпійскія кольцы.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Буйнейшая ў краіне гандлёвая сетка “Еўраопт” прырасла ў Брэсце яшчэ адным супермаркетам

Следующая запись

У Брэсце прайшла Міжнародная духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш “Брэст праваслаўны”