Былы ваенны лётчык стварае ў Бярозе Музей беларускай авіяцыі
У 1955 годзе ва ўкраінскім горадзе Камсамольск нарадзіўся хлопчык. Упершыню ён убачыў самалёт у кіеўскім аэрапорце Жуляны. Тады Васілёк Шульга не мог нават вымавіць слова “самалёт” ці “аэраплан”. Але, напэўна, з тых часоў і захапіўся авіяцыяй.
Больш свядомая цікавасць да неба ўзнікла, калі Васіль пайшоў у пяты клас. Недалёка ад бабулінай вёскі праходзілі палёты авіяцыі супрацьпаветранай абароны: СУ-9 ляталі на малой вышыні.
– Самалёты – раз і – пуууф – праносяцца. Я зрабіў назіральны пункт на куратніку, узяў у бацькі фотаапарат. Калі перавярнуць яго адваротным бокам, праз акуляр ён дае павелічэнне. Павялічвае разы ў паўтара-два, але я ўсё роўна спрабаваў разгледзець лётчыка, – смяецца Васіль Іванавіч і актыўна размахвае рукамі, спрабуючы паказаць палёт самалёта.
Ваенныя палёты паўплывалі на выбар прафесіі. У бібліятэцы мясцовага клуба Васіль знайшоў кніжку. Як цяпер успамінае, называлася яна “Вам – взлет” Анатоля Маркушы. Па формуле, якую вывеў аўтар, пяцікласнік стварыў сваю мадэль самалёта.
– Я разумеў, што падняцца ў неба цяжка, але паспрабаваў зрабіць невялікія крылы з дроту. Пасля накрыў іх газетамі, зрабіў профіль – усё, як трэба. Мне было цікава: ці паляціць? Не, не паляцеў, ды моц адчувалася, –
расказвае Васіль Іванавіч пра сваю першую спробу адолець аэрадынаміку.
З пятага класа ён чытаў кнігі пра авіяцыю і разумеў: каб быць лётчыкам, трэба мець добрае здароўе. І таму Васіль пачаў займацца лёгкай атлетыкай. Велізарныя намаганні і стараннасць (трэніроўкі чатыры разы на тыдзень) не прайшлі дарма: у 1972 годзе юнак паступіў у Харкаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя С.І. Грыцаўца.
– Выкладчыкі навучылі нас усяму, што ведалі самі. У кабіне ваеннага самалёта знаходзіцца больш за 300 прыбораў, рычагоў, кнопак, неабходна назубок ведаць, што, як і для чаго дзейнічае. Калі разбудзяць ноччу, то ў лічаныя секунды ты павінен адказаць на любое пытанне па прыладзе самалёта, – узгадвае Васіль Іванавіч.
У 1976 годзе па размеркаванні Васіль Шульга прыбыў у Бярозу ў 927-ы знішчальны авіяцыйны полк. Праз некалькі год лётчыкаў палка накіравалі ў Афганістан. Васіль Іванавіч быў камандзірам звяна ў Шындандзе і Кандагары. Ён прызнаецца: было цяжка. Прыходзілася змагацца і з кліматычнымі ўмовамі – з сакавіка па кастрычнік на небе ніводнага воблачка. “Цень пад пяткамі”, – казалі лётчыкі. Да таго ж, полк нёс людскія страты ад малярыі, тыфу, гепатыту, таму ваенным прыходзілася падмяняць адзін аднаго. 28-гадовы камандзір звяна зведаў на вайне шмат: бачыў здрадніцтва, мацаваў сяброўства, абедаў гарачым баршчом з “чырвонай рыбы” (гатавалі з кансерваванай кількі), выкарыстоўваў вярблюджую калючку і як напітак, і як лячэбны сродак. За час, калі Васіль Іванавіч быў у Баграме, ён ажыццявіў 154 баявыя вылеты, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Лётчык вярнуўся ў Бярозу, але так сталася, што давялося развітацца з дарагім сэрцу заняткам. Васіль Іванавіч ужо ў мірны час быў узнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць”. Двойчы катапульціраваўся. У авіяцыі існуе традыцыя – трэцяга свістку не чакаюць. Прыйшлося звольніцца і паехаць ва Украіну. Там былы лётчык меў прыватны бізнес, але Бяроза заўсёды заставалася ў думках… Аднойчы ён вырашыў вярнуцца.
Васіль Іванавіч захапіўся зборам матэрыялаў па гісторыі беларускай авіяцыі. У галерэі мастацтваў былы лётчык арганізаваў “Афганскі пакой” – пакой па гісторыі авіяцыі. У ім Васіль Іванавіч стварыў стэнд “Баграм – Шынданд – Кандагар”. Выставіў сваю старую курсанцкую форму і лётны камбінезон. Тут можна пабачыць афганскія карты, дакументы, гільзы і лётную кніжку падпалкоўніка Шульгі.
– Я стаў займацца гісторыяй авіяцыі, бо гэта цікава. Дапамагаў у адкрыцці мемарыяльнай дошкі памяці Героя Савецкага Саюза Генадзя Мікалаевіча Елісеева, які чатыры гады служыў у Бярозаўскім палку. У нашым музеі ёсць лётная кніжка Елісеева… Увогуле, матэрыялаў шмат, але многія экспанаты знаходзяцца ў гаражы –
выстаўляць няма дзе. Абяцалі даць у Чырвоных казармах вялікія пакоі пад Музей авіяцыі, а пакуль проста назапашваю матэрыял аб ваенна-паветраных сілах Беларусі і іх дзейнасці ў час Вялікай Айчыннай вайны, – дзеліцца планамі на будучыню лётчык.
Васіль Іванавіч і сёння “хварэе” небам. Ён вельмі спадзяецца, што ў Бярозе з часам з’явіцца годная экспазіцыя ў гонар беларускіх авіятараў.
Крысціна ЗЯЛЁНКА,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ,
г. Бяроза.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.