Цеплыня гаючых рук
Карціны мастака Канстанціна Нікалайчука не толькі зачароўваюць выдатнай тэхнікай і зместам, але і маюць спрыяльнае біяполе
Канстанцін Канстанцінавіч адразу падкрэсліў, што ўсю гісторыю яго жыцця і творчасці можна назваць “выпрабаванне каханнем”. Гэта цяпер Канстанцін Нікалайчук разам з жонкай Нінай жыве ў вёсцы Знаменка Брэсцкага раёна. Маюць, як яны самі кажуць, звычайны пенсіянерскі ўклад жыцця.
А пачалося ўсё калісьці з першай вялікай любові. Гадоў у 13-14 падлетак Косця з брэсцкай рабочай сям’і закахаўся ў “арыстакратку” Люду. Так зачаравала яго дзяўчына, што запаланіла ўсе думкі і нават ноччу прыходзіла ў снах. Гулялі разам, Косця дапамагаў з заданнямі па чарчэнні. Часта маляваў сваю музу. З ранняга дзяцінства хлопчык захапляўся маляваннем, любіў пісаць партрэты.
Хутка надышоў час выбіраць будучую спецыяльнасць. Бацька Косці настойваў на медыцыне: маўляў, заўсёды будзе заслужаным і паважаным чалавекам. Вось толькі душа не ляжала да яе ў творчага Косці. Магчыма, з-за гэтага спецыяльна ён “праваліў” уступныя іспыты ў Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію, хоць скончыў школу з адной чацвёркай. Пасля былі вучоба ў Адэскім мастацкім вучылішчы імя Грэкава, служба ў арміі – медсанбаце, і вучоба ў Крымскім інстытуце.
Людміла паехала па размеркаванні ў Івацэвічы ды… выйшла замуж. А Канстанцін вярнуўся ў Крым і пачаў будаваць жыццё па-новаму. І ўсё ж такі лёс звязаў яго з медыцынай. На “выдатна” Канстанцін Нікалайчук скончыў Сімферопальскі медыцынскі інстытут. Працаваў у студэнцкіх атрадах, займаўся навуковай работай па праблеме электракардыялогіі, напісаў 12 навуковых работ. Удзельнічаў у міжнародных сімпозіумах і канферэнцыях. Залатым рукам унікальнага доктара не было спакою. І нават карціны выходзілі з-пад пэндзля мастака ўсё часцей. Вось толькі шчасця чалавечага не было.
Праз гады зноў з’явілася ў яго жыцці Людміла. З мужам у яе не атрымалася, з другім – таксама. Быццам у кінастужцы, былыя пачуцці ўспыхнулі з новай сілай. Новы перыяд творчасці пачаўся і ў мастацкай справе. Шчаслівы шлюб. Нягледзячы на прысуд урачоў, Людміла нарадзіла дваіх сыноў. А праз 13 гадоў усё скончылася… Развод. З пустатой і вялікім болем у сэрцы Канстанцін вярнуўся ў Брэст у 1980 годзе. Маляваў, думаў, дапамагаў бацькам, шукаў работу па спецыяльнасці.
У той жа час на яго жыццёвым шляху сустрэлася Ніна. Толькі ажаніўшыся другі раз, Канстанцін Канстанцінавіч прыйшоў да высновы, што каханне – гэта не запал і бура эмоцый, а ў першую чаргу –
павага і добрыя адносіны паміж мужам і жонкай. Ён і цяпер, праз гады, называе сваю Ніну анёлам-ахоўнікам, без якога наўрад ці што атрымалася б. А вынікам іх светлага саюза стала нараджэнне доўгачаканай дачкі.
Канстанцін Нікалайчук стаў намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце, урачом функцыянальнай дыягностыкі санаторыя “Бярэсце”. Пасля курсаў павышэння кваліфікацыі працаваў урачом псіхатэрапеўтам. Менавіта падчас гэтых курсаў у Харкаве лектары і калегі заўважылі неардынарныя здольнасці доктара Нікалайчука. Незвычайнае цяпло і энергетыка Канстанціна Канстанцінавіча тварылі цуды. Потым, падчас сеансаў лячэння, пацыенты пачалі заўважаць, што без усялякіх медыкаментаў іх хваробы адступалі. Такі дар у сям’і Канстанціна Нікалайчука перадаваўся праз пакаленні, яго мелі бабуля і маці.
– Даводзілася чуць ад людзей, што яны доўгі час ездзілі на лячэнне па бальніцах і санаторыях, а я дапамог ім за некалькі сеансаў: вадзіў рукамі на адлегласці сантыметраў 10 і адчуваў іх цеплыню, аддаючы сваю, – расказаў Канстанцін Нікалайчук. – Успамінаецца выпадак, калі ўдзячная бабуля, якой дапамог вылечыць спіну, у знак падзякі прыслала пасылкай… тры кілаграмы грэчкі.
Гэта быў час славы Кашпіроўскага, Чумака, Джуны і іншых лекараў, лячэбная моц якіх дзейнічала па-за прасторай і часам. З’яўленне экстрасэнса на Брэстчыне не было нейкай сенсацыяй. Людзі пацягнуліся да цуду. І такіх людзей, каму сваім Божым дарам дапамог Канстанцін Канстанцінавіч, – больш чым паўтысячы. Сілай свайго ўздзеяння і цеплынёй гаючых рук ён лечыць фізіялагічныя праблемы і душэўныя. А ўвесь вольны час доктар аддае жывапісу. Пейзажы, партрэты, нацюрморты. Яго карціны, напісаныя акварэллю, дэманстраваліся на разнастайных выставах. Дыпломаў, а таксама ўзнёслых водгукаў не пералічыць. Аматары мастацтва закідалі мастака заказамі.
Акрамя жыццёвых сюжэтаў ад мастака Нікалайчука, у гісторыю ўвайшлі карціны, прысвечаныя ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. З карцін глядзяць ветэраны, і так рэальна перададзены іх эмоцыі, што і сёння адчуваюцца боль і жах вайны.
Здаецца, Канстанціну Нікалайчуку па сілах напісаць любую карціну. Некаторыя работы ўпрыгожваюць і яго кватэру: пераважна маляўнічыя пейзажы, нацюрморты і шмат яркіх кветак. У невялічкай майстэрні, што знаходзіцца ў падвале дома, назбіралася важкая спадчына. Разам з аўтарскімі работамі ёсць і копіі сусветна вядомых карцін. У цэнтры імправізаванай экспазіцыі падчас майго візіту былі вядомыя “Сланечнікі” Вінсента Ван Гога.
– З-за нездавальняючага стану здароўя сёння менш часу ўдзяляю жывапісу: малюю гадзіну-дзве – і дамоў, – прызнаўся Канстанцін Канстанцінавіч. – Аднак заказы на карціны ўсё роўна ёсць. Быў выпадак, калі некалькі работ купіў адзін чыноўнік, павесіў іх у дзіцячым пакоі – і дзеці, па яго словах, перасталі прастуджвацца. А справа ў тым, што карціны маюць лячэбнае біяполе.
Адной з любімых тэм Канстанціна Канстанцінавіча з’яўляюцца коні. Ён малюе гэтых прыгожых і высакародных жывёл з асаблівай цеплынёй. Сам мастак нарадзіўся ў год, сімвалам якога з’яўляецца конь, –
можа, таму такая блізкая яму гэта тэма.
Сустрэча з Канстанцінам Нікалайчуком працягвалася не адну гадзіну. Гутарка настолькі захапіла мяне, што ўсё навокал быццам перастала існаваць. Хочаце – верце, а хочаце – не, самаадчуванне і настрой пасля гутаркі былі на ўсе сто. Таму на развітанне ўсё ж такі спытала ў свайго героя:
– А цяпер лечыце сваім нетрадыцыйным метадам?
– Безумоўна! Дар нікуды не дзеўся…
Вольга МАШНОВА, “НТ”,
Брэсцкі раён.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.