Чаму адны прадпрыемствы працуюць эфектыўна, а другія – са стратамі?
Перш чым прыступіць да абмеркавання вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту вобласці за першае паўгоддзе сёлетняга года, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар адзначыў паступальнае развіццё эканомікі. Навідавоку – станоўчая тэндэнцыя па валавым рэгіянальным прадукце, які вырас на 4,3 працэнта да адпаведнага перыяду 2012 года. Па словах губернатара, усе асноўныя галіны эканомікі далі прырост: і прамысловасць, і будаўніцтва, і транспарт, і сувязь…
“Ды цяпер самая галоўная задача – паглядзець на эфектыўнасць нашай работы. Чаму адны прадпрыемствы працуюць эфектыўна, а другія – са стратамі?” – зусім не рытарычнае пытанне паставіў кіраўнік вобласці перад удзельнікамі пасяджэння. “Не ўсе выканалі прагнозныя паказчыкі, якія зацвердзілі, хаця час яшчэ ёсць, – заўважыў Канстанцін Сумар. – Але трэба дакладна вызначыцца, што нас чакае. У прыватнасці, шмат работы неабходна правесці па мадэрнізацыі. Тыя аб’ёмы, якія планавалі ў разрэзе кожнага прадпрыемства, не настолькі яшчэ аптымістычныя – таму хацелася б, каб на гэта была звернута пільная ўвага…”
У сваіх выступленнях першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук, намеснікі Якаў Бухавецкі і Віктар Сакоўскі канстатавалі не толькі факты – называлі прычыны, якія, на іх погляд, замаруджваюць развіццё пэўнай галіны эканомікі, аналізавалі сітуацыю, уносілі канкрэтныя прапановы.
Найбольшую колькасць прагнозных паказчыкаў і заданняў не выканалі гарады Баранавічы і Пінск, Баранавіцкі, Брэсцкі, Ганцавіцкі і Драгічынскі раёны. Асабліва праблематычныя прадпрыемствы для вобласці – прадпрыемствы рэспубліканскай формы падпарадкаванасці (менавіта у іх – больш за дзве трэці складскіх запасаў прадукцыі). 119 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў (а гэта – 49 працэнтаў!) не забяспечылі прырост валавой прадукцыі. Сур’ёзнае пытанне – якасць будаўнічых работ, якая залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку і ад самых простых – элементарнай дысцыпліны, належнага выканання сваіх абавязкаў.
Былі заслуханы многія кіраўнікі рэгіёнаў, у тым ліку старшыні Брэсцкага і Баранавіцкага гарвыканкамаў Аляксандр Палышанкоў і Віктар Дзічкоўскі, Ляхавіцкага раёна Дзмітрый Бурдук, Івацэвіцкага – Анатоль Ткачук…
“Ад нас залежыць вельмі многае, – сказаў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – Трэба, каб кіраўнікі рэгіёнаў і прадпрыемстваў неслі адказнасць за недапрацоўкі. А “калі б” ды “каб” у кішэню не пакладзеш. Неабходна прааналізаваць стан спраў і падумаць, як выправіць сітуацыю. Трэба бачыць перспектыву”, – падагульніў кіраўнік вобласці. Таму ў бліжэйшы час будуць зроблены вывады наконт далейшай працы тых кіраўнікоў, у якіх словы разыходзяцца са справамі. Тут жа Канстанцін Сумар запатрабаваў ад старшыні Камянецкага райвыканкама Андрэя Пісарыка неадкладна вызваліць ад пасады яго першага намесніка Івана Сямейку, нядаўна затрыманага супрацоўнікамі ДАІ за рулём аўтамабіля ў нецвярозым стане…
Таксама было разгледжана пытанне “Аб прымаемых мерах па павышэнні эфектыўнасці малочнай жывёлагадоўлі на прыкладзе Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў”. Яно вынесена на парадак дня невыпадкова: за прайшоўшае паўгоддзе зніжана валавая вытворчасць малака да мінулагодняга ўзроўню ў 9 раёнах. У Ляхавіцкім і Лунінецкім – больш чым на 6 працэнтаў, у Столінскім – на 4,1, у Ганцавіцкім і Жабінкаўскім – амаль на 2 працэнты. “Бессістэмнай работы не павінна быць, – заявіў кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар. – У полі прасцей ліквідаваць пэўны недахоп, у жывёлагадоўлі – куды цяжэй…” У прынятым рашэнні намечаны меры па павышэнні эфектыўнасці малочнай жывёлагадоўлі. Кантроль за яго выкананнем ускладзены на камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні і намесніка старшыні аблвыканкама Якава Бухавецкага.
У ходзе пасяджэння Канстанцін
Сумар уручыў дыпломы за лепшыя вынікі ў галіне эканоміі і беражлівасці кіраўнікам Іванаўскага райаграсэрвіса, СВК “Новае жыццё – 2003” Столінскага раёна, Кобрынскага сельскага будаўнічага камбіната, Брэсцкай кацельнай гаспадаркі і аддзела адукацыі Пінскага райвыканкама.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.