Беларусь

  • Главная
  • Акцыі
  • Напярэдадні 69-й гадавіны вызвалення Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ветэраны горада Брэста наведалі Маларыцкі раён

Напярэдадні 69-й гадавіны вызвалення Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ветэраны горада Брэста наведалі Маларыцкі раён


У складзе дэлегацыі былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы розных прадпрыемстваў: “Белтэлекам”, ЦУМ і іншых, а таксама прадстаўнікі БРСМ.
Гасцей сардэчна вітаў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Бойка. Першы прыпынак – святая крынічка ў Пажэжына, дзе можна акунуцца ў гаючай вадзе. Мясцовыя жыхары раяць у першую чаргу прамыць вочы – з даўніх часоў лічылася, што крынічка вылечыць ад хвароб вачэй.
Потым ветэраны ўсклалі кветкі да магілы сям’і Героя Савецкага Саюза Андрэя Кіжаватава. Яго маці, жонка, трое дзетак, а таксама яшчэ 26 жонак камандзіраў Брэсцкай крэпасці былі знойдзены ворагам і расстраляны. Пра жахлівую падзею нагадвае помнік, які ўстаноўлены ў 1970 годзе Маларыцкім райкамам камсамола.
У ДУ “Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы сустрэў дырэктар Мікалай Мішчанка, які выслухаў гасцей і сам распавёў аб працы цэнтра. Пад апекай установы знаходзіцца больш за 6000 чалавек. Усе пяць аддзелаў цэнтра актыўна дапамагаюць ветэранам, інвалідам, адзінокім пажылым людзям. Непасрэдна пра такіх жыхароў клапоцяцца сацыяльныя работнікі, ім дапамагаюць валанцёры БРСМ. У Велікарыце ўчастковая бальніца была перапрафілявана ў бальніцу сястрынскага догляду, куды накіроўваюць інвалідаў і ветэранаў. У раёне пяць урачэбных амбулаторый, і медыкі выязджаюць на дом – пажылому чалавеку няма неабходнасці ехаць у райцэнтр. Свой заказ яны могуць пакінуць нават паштальёну, які сходзіць у краму ці аптэку. А для ветэранаў, якія жадаюць працаваць, адводзіцца некалькі сотак зямлі, дзе можна зрабіць свае градкі. Для дзяцей-інвалідаў існуе дом дзённага знаходжання. Тут з імі займаюцца спецыялісты – разам яны ствараюць разнастайныя вырабы, выстава якіх была прадэманстравана гасцям. “Мы стараемся рабіць усё магчымае, каб нашы падапечныя не адчувалі сябе забытымі і адзінокімі”, – зазначыў Мікалай Мішчанка.
Займальную экскурсію для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы правёў Пётр Ківачук, настаўнік гісторыі Мельніцкай базавай школы. Менавіта ён у 1980-м стварыў у роднай школе музей баявой славы, дзе за 32 гады паспела пабываць 7220 чалавек, якія дакрануліся да бессмяротнага подзвігу яго адважных аднавяскоўцаў. Адчувалася, што Пётр Ківачук – чалавек, які ведае і любіць сваю справу. Такім цікавым, шматгранным быў ягоны аповяд.
Разам з настаўнікам ветэраны накіраваліся на СЗАТ “КварцМелПрам”, дзе іх чакаў дырэктар прадпрыемства Віктар Андрыеўскі. Яно вядзе сваю гісторыю з 2008 года. Менавіта тады “Кварц-МелПрам” увайшло ў склад групы кампаній “Трайпл” і пачало актыўную дзейнасць па асваенні радовішча “Хаціслаўскае”.
“Наша прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску будаўнічых матэрыялаў, а менавіта – вырабаў з сілікатнага бетону. Сілікатнай цэглы ў нас больш за 20 найменняў. Выпускаем каляровую цэглу – колер можа быць любым. Таксама вырабляем русціраваную і колатую цэглу, газасілікатныя блокі. Зараз працягваецца будаўніцтва трэцяга завода па вытворчасці вапны. Увогуле, на прадпрыемствах задзейнічана 350 чалавек”, – распавёў Віктар Андрыеўскі.
На гэтым пазнавальная паездка не скончылася –  дэлегацыя накіравалася ў аздараўленчы спартыўны цэнтр “Жамчужына”. Тут ёсць усё: два басейны –  дзіцячы і для дарослых, саўна, джакузі, два тэнісныя корты, возера, цір, велатрэкавая дарожка, скейтборды напракат і 22 гектары зямлі. А для пенсіянераў і інвалідаў на “заплыў” у басейне выдзелены свой час і зроблены прыемныя скідкі. На базе комплексу заснавана спартыўная школа, трэніруюцца дзеці з усяго раёна.
Апошнім прыпынкам стала школа №2. У яе незвычайная гісторыя. У 1944 годзе, адразу пасля вызвалення Маларыты ад нямецкіх акупантаў, тут быў створаны дзіцячы дом, у 1962 годзе ён стаў школай-інтэрнатам, якая калісьці прымала ўдзел нават у выставах ВДНГ СССР і ВДНГ БССР. І толькі ў 1977 годзе прынята рашэнне аб стварэнні на яе базе СШ №2. На базе школы існуе музей “Патрыёт”, матэрыял для якога збіралі яшчэ вучні школы-інтэрната – для гэтага яны нават ездзілі да маршала Аляксандра Васілеўскага. Акрамя музея, школа славіцца сваімі вучнямі, якія з дапамогай вопытных кіраўнікоў шыюць, вяжуць, робяць вырабы з розных матэрыялаў, – усім былі раздадзены прыгожыя сувеніры.
Развітваючыся з гасціннай Маларытчынай, разам з Пятром Ківачуком і Уладзімірам Бойкам ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, прадстаўнікі БРСМ усклалі кветкі да Кургана Славы – тым бясстрашным людзям, якія змагаліся за свабоду роднай зямлі, ахвяравалі сабой дзеля нашага бесклапотнага, шчаслівага жыцця…
Дар’я НІКАНЧУК,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ,
Маларыцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля