Беларусь

“Чорны” граніт, або Чаму сметанковае масла не можа быць пашахонскім сырам


Да чаго толькі не дадумваюцца некаторыя прадпрымальнікі, каб заманіць кліента. Нават на людской бядзе зарабіць імкнуцца.
Вось, напрыклад, чытаю абвестку ў адной газеце: “Кааператыў Н. прымае заказы на выраб помнікаў з граніту “габра” і граніту “лабладор”. Перакласці гэтую геалагічную абракадабру на нармальную мову немагчыма, бо адна горная парода не можа быць адначасова і іншай, як сметанковае масла не бывае расійскім ці пашахонскім сырам, а той, у сваю чаргу, ніколі не стане кефірам ці тварагом, хоць усе гэтыя прадукты так ці інакш звязаны з буйной рагатай жывёлай. Да таго ж, і самі назвы горных парод пішуцца на рускай мове не “габро”, а “габбро”, не “лабладор”, а “лабрадор”.
Даводжу да ведама вырабляльнікаў помнікаў і іх патэнцыяльных пакупнікоў: пры крышталізацыі вогненна-вадкага сілікатнага расплаву (магмы) у нетрах зямной кары ўтвараюцца глыбінныя магматычныя горныя пароды, якія па ўтрыманні ў іх крэмніевай кіслаты падраздзяляюцца на некалькі груп. Дык вось, прадстаўніком кіслых магматычных горных парод з’яўляецца граніт (утрыманне крэмнекіслаты 65 – 70 працэнтаў), а прадстаўніком асноўных магматычных горных парод – габра і лабрадарыт (утрыманне крэмнекіслаты 45 – 50 працэнтаў).
Дарэчы, лабрадарыт з’яўляецца палевашпатнай разнавіднасцю габра, які складаецца ў асноўным з мінералу лабрадору з характэрнай вясёлкавай ірызацыяй у ярка-сініх і блакітна-сініх адценнях, што надае гэтаму каменю асаблівую ўрачыстасць. Узгадаем некропальныя пліты з гэтай горнай пароды з імёнамі загінулых абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Сінія і блакітна-сінія “вочкі” лабрадору на чорным фоне лабрадарыту падкрэсліваюць прывабнасць паліраванай паверхні каменя. Тая ці іншая доля крэмніевай кіслаты вызначае ў канчатковым выніку мінеральны склад горнай пароды – а значыць, яе тэхналагічныя ўласцівасці, структуру і колер.
Што датычыцца апошняга, дык прадпрымальнікі, а часам услед за імі і асобныя СМІ нярэдка проста “адкрываюць Амерыку”. Я сам неаднаразова чытаў такія аб’явы: “Зробім помнікі з чорнага граніту”. Няпраўда! Чорнымі могуць быць чай, кава, ікра, ноч у Афрыцы ці суседская кошка. Але граніт – ніколі! Ён сустракаецца ў прыродзе толькі чырвоны ці чырвона-карычневы (з артаклазам), шэры ці светла-шэры (з альбітам ці аліксаглазам), нават зеленаваты (з амазанітам).
Напрыклад, з чырвона-карычневага граніту ў Брэсце выкананы помнік “Вартавым граніц”, стэла на плошчы Свабоды, пастамент да бюста лётчыка-касманаўта Пятра Клімука, з шэрага – пастаменты да помнікаў Мікалаю Гогалю, Адаму Міцкевічу, Менахіму Бегіну. Чорнага ж колеру горныя пароды, якія выкарыстоўваюцца ў якасці абліцовачнага каменю, у тым ліку і для вырабу помнікаў, – гэта габра, лабрадарыт, базальт, перыдацыт, дуніт, амфібаліт, піраксеніт і мармур. Апошні можа быць і іншых колераў – белым, крэмавым, шэра-блакітным.
Пра асаблівасці і ўласцівасці горных парод і мінералаў, якія ўваходзяць у іх склад, можна пісаць цэлыя кнігі, тым больш што многія помнікі і грамадскія будынкі ў Брэсце і іншых гарадах нашай краіны абліцаваны гранітам, гранадыярытам, лабрадарытам, габра, вулканічным туфам, гнейсамі і рознымі колерамі пафарбаваным мармурам. Аднак змешваць розныя па хімічным складзе ды паходжанні горныя пароды ў адну кучу і называць іх няправільна або з граматычнымі памылкамі не варта нават кааператарам і прадпрымальнікам, а тым больш журналістам. Я не заклікаю гэтых людзей, якія, у прынцыпе, робяць добрую справу для грамадства, дэталёва вывучаць спецыяльную галіну геалогіі – петраграфію, аднак, калі яны ўзяліся за гэтую работу, дык правільныя назвы горных парод, якія прымяняюць, ведаць проста абавязаны.
Альберт БАГДАСАРАЎ,
прафесар геалогіі.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля