Ці дапаможа вырашыць праблему актыўнага і пасіўнага курэння ў Беларусі забарона курыць у грамадскіх месцах?
ПРЫСЛУХАЦЦА ДА КАРЛСАНА
Памятаеце вядомую цытату Карлсана з мультфільма: “Ваша курэнне можа згубна адбіцца на маім здароўі”? Дык варта ўзгадаць яе, калі знаходзіцеся побач з курцом ці самі зацягваецеся дымком побач з тымі, хто не курыць. Здаецца, вечнай будзе спрэчка паміж аматарамі зацягнуцца цыгарэтай і людзьмі, якія не бачаць у гэтым ніякага сэнсу. Сутыкненне інтарэсаў першых і другіх становіцца ўсё больш частай з’явай, а ў апошні час праблема актыўна абмяркоўваецца на дзяржаўным узроўні.
Напрыканцы мінулага года Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала прапанову аб забароне курэння ў грамадскіх месцах. У прыватнасці, прапанавана пашырыць пералік месцаў, дзе нельга будзе курыць: напрыклад, бары і рэстараны.
“Некалькі год таму Беларусь далучылася да антытытунёвай канвенцыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і будзе ісці ў гэтым кірунку па прыкладзе суседзяў у Еўропе. Расія таксама ўмацоўвае антытытунёвыя меры, скарачаючы колькасць месцаў для курэння”, – адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя падчас адной з апошніх прэс-канферэнцый.
“ЗА” І “СУПРАЦЬ”
Хоць на вуліцах яшчэ не штрафуюць, а ў некаторых кафэ ёсць спецыяльныя столікі для курцоў, першыя ластаўкі антытытунёвай кампаніі з’явіліся і ў нашым рэгіёне. Узгадаем два прэцэдэнты, якія выклікалі шырокі рэзананс і, варта адзначыць, падзялілі грамадства на два лагеры – “за” і “супраць”.
Вядома ж, нямала сярод курцоў моладзі. Больш чым год таму Міністэрства адукацыі забараніла курэнне ва ўстановах адукацыі любога тыпу і на іх тэрыторыі. У той жа час загадам рэктара Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт быў прызнаны “тэрыторыяй вольнай ад курэння”. Аднак адмаўляцца ад шкоднай звычкі студэнты не сталі і толькі перадыслацыраваліся ў суседнія двары, чым выклікалі абурэнне мясцовых жыхароў. У выніку адміністрацыі ўстановы прыйшлося пайсці насустрач і абсталяваць курыльні, хоць і за ўніверсітэцкай тэрыторыяй.
– Вучуся на завочным аддзяленні, падчас сесіі не курыць ну ніяк не атрымліваецца, –
расказаў Міхаіл Шавянюк, студэнт БрДТУ. – Мне 30 гадоў, і даводзілася круціцца каля чужых пад’ездаў ці яшчэ дзе, каб выкурыць цыгарэту. Добра разумею, што магу пашкодзіць навакольным дымам тытуню. Каб гэтага не адбылося, цывілізаваным выйсцем з сітуацыі бачу абсталяванне курыльняў у розных установах у нашым горадзе. Толькі таму, што няма месца, я курыць не кіну.
Ускалыхнулі інтэрнэт-суполку выпадкі пакарання медыцынскага персаналу за курэнне ва ўстановах аховы здароўя. Калі адносна медыкаў (незалежна – урач ці санітарка) дзейнічаюць меры дысцыплінарнай адказнасці, напрыклад, пазбаўленне прэміі, дык з пацыентамі сур’ёзней. Курцоў, якіх злавілі, могуць нават выпісаць з бальніцы. Прычым разбірацца з парушальнікамі даводзіцца нават супрацоўнікам міліцыі ці санітарна-эпідэміялагічнай службы. Шмат незадаволеных такім “рэжымам” знайшлося ў брэсцкіх бальніцах. На розных інтэрнэт-рэсурсах час ад часу з’яўляюцца абураныя каментарыі наконт таго, што забарона курыць у бальніцы – гэта “парушэнне правоў чалавека”, “незаконна” ці проста “глупства”.
Зразумела, што пацыенты адразу не кінуць курыць, і можна нават уявіць, як цяжка даводзіцца курцам у такой “ізаляцыі”. А як жа пацыенты і медыкі, якія не кураць? Наўрад ці знойдзецца ў бальніцы ці паліклініцы, ды і ўсюды, добраахвотны пасіўны курэц. Дыхаць цыгарэтным дымам – гэта таксама і “парушэнне правоў чалавека”, і “незаконна”, і проста “глупства”. Тут міжволі у кожным прачнецца Карлсан…
У ЦЯГНІКУ – НІ-НІ!
Сярод апошніх непрыемных навін для курцоў – забарона курэння ў беларускіх цягніках. Курыць можна толькі ў цягніках далёкага накіравання. Раней перакур можна было рабіць у тамбуры, супрацьлеглым ад купэ правадніка канцы вагона. У кастрычніку 2012 года Беларуская чыгунка ўвяла вагоны для тых, хто не курыць, а ў 2013-м – увогуле забарону на курэнне.
– Пра новыя правілы многія яшчэ не чулі, – расказала праваднік Людміла Семянюк. – Робім заўвагі, расказваем пра забарону, аднак рэакцыя розная. Часам нават неадэкватная. Часта курцы зачыняюцца ў туалеце і кураць там…
Забарона курэння ў цягніках не з’яўляецца чымсьці новым. І раней, запаліўшы цыгарэту ў тамбуры падчас прыпынку, можна было, напрыклад, пачуць заўвагу ад праходзячага міма міліцыянера. Цяпер жа заўвагай справа не скончыцца.
Шчыра кажучы, не з’яўляюся прыхільніцай жорсткіх мер, а таму магу толькі паспачуваць курцам, якія едуць, напрыклад, з Брэста ў Мінск на электрацягніку рэгіянальных ліній. Шлях да сталіцы зойме амаль 7 гадзін (!).
“СУКЕНКА” ДЛЯ НЕКУРЦОЎ
І падумаць не магла, што ёсць яшчэ людзі, а дакладней – кіраўнікі, якія гатовыя плаціць грошы за тое, каб навакольныя (маю на ўвазе падпарадкаваных асоб) вялі здаровы лад жыцця. У адной з прыватных юрыдычных сталічных кантор дырэктар выплачвае квартальныя прэміі супрацоўнікам, якія… не кураць. Сума з’яўляецца камерцыйнай тайнай, аднак, па словах адной з супрацоўніц і па сумяшчальніцтве маёй сяброўкі, на новую сукенку можа хапіць.
– Не бачу нічога неардынарнага ў такой арганізацыі працы, – расказаў па тэлефоне Юрый, дырэктар канторы. – Мой бізнес з’яўляецца адносна маладым, даводзіцца напружана працаваць, а перакуры забіраюць даволі шмат часу. Да таго ж, праца наша звязана з людзьмі, а калі ад майго супрацоўніка будзе патыхаць цыгарэтамі, – гэта не ўсім прыемна. З’явілася такая ініцыятыва невыпадкова. Я сам прыхільнік здаровага ладу жыцця і адмоўна стаўлюся да тытуню і алкаголю. У бізнес укладзены мой капітал, і я вырашаю, як распараджацца прыбыткамі. Хтосьці сабе яхты купляе, а я даплачваю работнікам, якія не толькі добра працуюць, але і не маюць шкодных звычак. Калі хочаце, гэта такая мая сацыяльная праграма.
Прыемны субяседнік і вельмі сціплы чалавек, Юрый рашуча адмовіўся называць у газеце сваё прозвішча. Ён спаслаўся на тое, што не трэба рабіць з яго нейкага героя і вельмі шкадуе, што яго ініцыятыва выклікае непаразуменне сярод калег і з’яўляецца нейкім феноменам для прэсы.
У ПОШУКАХ КАМПРАМІСУ
Зразумела, нельга знайсці рашэнне праблемы, якое б задаволіла на сто працэнтаў абодва бакі, а, вядома ж, для таго і быў прыдуманы калісьці філосафамі знакаміты кампраміс. Забараняць ці не? Татальна ці часткова? Якім павінна быць пакаранне для парушальнікаў забароны? І ці варта шукаць індывідуальны падыход да курцоў і ўваходзіць у іх часам няпростае становішча?
На гэтыя і іншыя пытанні паспрабуем адказаць у дыскусіі, да якой запрашаем нашых чытачоў. Калі пачынала я са слоў Карлсана, дык завяршыць хацелася б простым і вядомым кожнаму заклікам ката Леапольда: “Давайце жыць дружна!” А для гэтага трэба шукаць той самы кампраміс…
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.
Факты для роздуму
Забарона курэння ў грамадскіх месцах у Англіі прывяла да рэзкага зніжэння ўзроўню захворвання на астму сярод дзяцей. Калі раней колькасць хворых павялічвалася кожны год на два працэнты, дык цяпер упала на 12 працэнтаў. Даследаванне праводзілі вучоныя Імперскага каледжа Лондана.
***
У Расіі больш за 80 працэнтаў чалавек супраць поўнай забароны курэння ў грамадскіх месцах. Людзі лічаць, што для курцоў павінны быць абсталяваны спецыяльныя месцы. Апытанне правёў “Левада-Цэнтр”.
***
Амаль месяц ва Украіне дзейнічае закон аб забароне курэння ў грамадскіх месцах. Актывісты праекта “Украіна без тытунёвага дыму” і журналісты сцвярджаюць, што закон дзейнічае не заўжды і не ўсюды. Часцей за ўсё выкурыць цыгарэту за кубачкам кавы могуць “правераныя” кліенты.
***
У Германіі курыць на вакзалах можна ў спецыяльна адведзеных месцах, якія акрэслены чырвонай лініяй, а ў аэрапортах курцы атрымліваюць асалоду ад цыгарэт у невялікіх шкляных кабінках. Некаторым барам і пабам пашчасціла адстаяць права на курэнне для сваіх наведвальнікаў. Аб гэтым інфармуе партал “Жыццё ў Германіі”.
***
Як паведамляе інтэрнэт-партал meddaily.ru, у Кітаі забаронена курыць у тэатрах, кафэ, барах, рэстаранах, гасцініцах і на вакзалах. На офісы забарона не распаўсюджваецца. Працадаўца абавязаны папярэдзіць сваіх супрацоўнікаў, аднак ён не мае права забараніць ім курыць на рабочых месцах.
Як Вы лічыце, ці дапаможа забарона курыць у грамадскіх месцах вырашыць праблему актыўнага і пасіўнага курэння ў Беларусі?
Так
Не
Просмотреть результаты
Loading …
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.