Ці магчыма моладзі ў сучасных рэаліях знайсці кампраміс паміж прэстыжнай, але няцяжкай працай і высокім заробкам?
Вядома ж, касма-наўтамі ды настаўнікамі сённяшняя моладзь ужо не марыць стаць. У юнакоў і дзяўчат ХХI стагоддзя больш прагматычны погляд на жыццё. Настолькі прагматычны, што прымушае задумацца аб прафесіяналізме і кампетэнтнасці многіх будучых спецыялістаў.
На адной з сустрэч са студэнтамі, будучымі журналістамі, у нас атрымаўся даволі цікавы дыялог, аднак пасля, калі я папрасіла задаваць пытанні, была расчаравана ў сваіх суразмоўцах. Першым пытаннем усёй аўдыторыі (!) стаў памер майго заробку. Не скажу, што гэта з’яўляецца нейкай таямніцай ці абразіла мяне такое парушэнне этыкету і субардынацыі, але стала сумна. Што гаварыць пра ўсю моладзь у цэлым, калі творчая яе частка ўжо ў пачатку свайго прафесійнага шляху лічыць грошы, не задумваючыся аб тым, што і як яна будзе рабіць?..
І нядрэнна ж тое, што маладыя думаюць пра фінансы і пралічваюць жыццё на некалькі крокаў. Толькі непрыемна ўразіла, што грошы яны хочуць атрымаць хутка і многа. А за што плаціць? Адна дзяўчына спытала ў мяне, колькі яна атрымала б ганарару за заметку з рок-канцэрта. Давялося асадзіць яе сустрэчным пытаннем: ці пераканана яна ў тым, што газета надрукуе яе опус? Дзяўчыне і ў галаву не прыйшло, што над яе “сырым” матэрыялам журналісту, карэктару і рэдактару прыйдзецца папрацаваць, можа, больш, чым над сваім. “Кантрольным выстралам” для мяне стала інфармацыя, што суразмоўніца яшчэ і не друкавалася нідзе…
У той жа час выклікае спачуванне і адначасова павагу сітуацыя адной з гераінь былых публікацый. Дзяўчына Юлія працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, пасля школьных урокаў займалася рэпетытарствам з абітурыентамі, а па начах – карэктурай у літаратурным выдавецтве. А яшчэ, прызналася Юля, ёй даводзілася час ад часу вязаць світары, шкарпэткі ды шапкі на продаж. Усіх намаганняў хапала на тое, каб аплачваць здымнае жыллё, камунальныя паслугі, харчаванне і больш-менш модна апрануцца. Надоўга яе сіл не хапіла, таму прыйшлося вярнуцца ў райцэнтр да бацькоў.
А можа, мела рацыю будучая журналістка, калі пытала пра заробак, каб дарэмна не губляць час на вучобу невысокааплачваемай спецыяльнасці? Хто ведае… Атрымліваецца, што раней пры выбары будучай прафесіі і ВНУ ці каледжа абапіраліся на свае здольнасці і інтарэсы, а цяпер – на памер заробку.
Памятаеце анекдот: калі вам не хочацца раніцай ісці на працу, зазірніце ў часопіс “Форбс”: не знайшлі там свайго прозвішча – моўчкі ідзіце працаваць. Хаця і высокія даходы для некаторых – не галоўная мэта. У будынку рэдакцыі арандуе офіс прыватная фірма. Супрацоўнік Алег, мой знаёмы, працаваў там менеджарам. У гутарцы з суседам па паверсе выпадкова даведалася, што заробак у яго разы ў два большы, чым у мяне. А менш чым праз год ён звольніўся. Падчас перапіскі ў сацыяльных сетках ён расказаў, што працаваць у падначаленні – гэта “не яго”, і дадаў: “Чаму я павінен слухаць чыесьці каманды?!” Цікава і тое, што пайшоў ён на меншы заробак. Вось і як зразумець тут маладога спецыяліста?
Яшчэ адной вечнай праблемай з’яўляецца малы працоўны вопыт. Вядома ж, недахопам многіх працадаўцаў з’яўляецца пажаданне ўзяць на працу маладога і адразу вопытнага работніка. І зноў жа – анекдот. Аб’ява ў газеце: “Арганізацыя прыме на працу маладую жанчыну 25 гадоў, з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, вопытам работы – не менш чым пяць гадоў і пажадана ўжо з дарослымі дзецьмі”.
Жарты жартамі, а часта ж бывае так і ў рэальнасці. Большасць выпускнікоў ВНУ, якія па тых ці іншых прычынах не трапілі пад размеркаванне, не могуць знайсці першае працоўнае месца. Ці не надта шукаюць?
К
алі верыць апошнім да-дзеным, апублікаваным у сродках масавай інфармацыі, дык колькасць прапанаваных цэнтрамі занятасці вакансій перавышае колькасць беспрацоўных. Другое пытанне, што гэта за вакансіі. У асноўным – вадзіцелі, рабочыя, прадаўцы… Калі пашанцуе, можна знайсці вакансію інжынера ці бухгалтара. І ўсё роўна… адмовіцца. Нават з вялікім запасам энтузіязму пражыць на 1,5-2 мільёны доўга, а галоўнае – дастойна, не атрымаецца. Ды і не хочацца!
Ужо даўно ў нас востра стаіць праблема з недахопам урачоў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Масава едуць працаваць за мяжу будаўнікі. Нарасхват IT-спецыялісты і вучоныя. Затое эканамістаў, юрыстаў і філолагаў менш не становіцца. Апошнім часам вышэйшыя навучальныя ўстановы павялічваюць наборы на спецыяльнасці, выпускнікі якіх найбольш запатрабаваны, і наадварот. Аднак толькі такім чынам на сітацыю не паўплываць.
П
а савецкіх фільмах і аповядах бацькоў ведаю, што раней у школах праводзіліся сустрэчы вучняў з вядомымі людзьмі, героямі працы і з некаторымі бацькамі аднакласнікаў. Дарослыя расказвалі пра свае прафесіі. Вядома ж, змяніўся час – змяніліся акцэнты, аднак чаму не паклікаць на сустрэчу, напрыклад, да вучняў сярэдняй школы бацьку-індывідуальнага прадпрымальніка ці чыноўніка, а можа, і фатографа ці журналіста, якія б расказалі пра сваю работу? Дарэчы, аўтар гэтых радкоў таксама выбрала прафесію пасля выпадковай сустрэчы з журналістам падчас школьных заняткаў.
Слова “прафарыентацыя” часта гучыць у грамадстве, але не мае той вагі, якую павінна мець. Менавіта сарыентаваць дзяцей, дапамагчы раскрыць свае схільнасці і, безумоўна, спланаваць фінансавыя прэтэнзіі павінна сучасная прафарыентацыя. На жаль, сённяшнія падлеткі маюць вельмі далёкае ўяўленне аб многіх прафесіях і тым больш аб тым, як гэта – працаваць і зарабляць грошы.
Сярод апошніх павеваў навацый у адукацыі – навучанне фінансавай граматнасці. Праект, бясспрэчна, цікавы і карысны. А можа, адначасова і прафесіянальнай арыентацыяй заняцца на сур’ёзным узроўні? Такія ўрокі не патрабуюць вялікіх фінансавых укладанняў, навучальных праграм, а вынікам могуць стаць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія будуць патрэбныя на радзіме, а не дзесьці за мяжой.
А як мяркуеце вы, паважаныя чытачы? Можа, вам ёсць што прапанаваць ці расказаць па тэме? Калі праблема працаўладкавання закранула вас ці знаёмых, пішыце на наш паштовы ці электронны адрас, якія ўказаны на апошняй старонцы. Запрашаю да дыскусіі і спадзяюся на водгукі.
Дзяжурная па дыскусіі
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.