Галоўны ўрок настаўніка Міцкевіча, або Чаму можам навучыцца мы, нашы дзеці і сучасныя творцы ў Якуба Коласа
Баюся слова “заўсёды” – таму лепш скажу: я доўга буду ўзгадваць мінулую нядзелю – дзень, калі Ганцаўшчына святкавала
130-гадовы юбілей Якуба Коласа. І не толькі таму, што яго арганізатары – Ганцавіцкі райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў, аддзелы культуры і адукацыі, райспажыўтаварыства, Люсінскія сельскі Савет і школа – зрабілі ўсё, каб рамантычна-ўзнёслы коласаўскі дух лунаў у светлай празрыстасці паветра, каб мілагучнае роднае слова ўпэўнена ўладарыла на свяце і каб далей, у будучыню, пераходзіла памяць пра чалавека, з імем якога асацыіруецца ўстойлівы выраз “пясняр беларускага народа” і такія простыя, ды пранікнёныя радкі (здаецца – яны заўсёды існавалі): “Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!..” Усякі раз, калі ўдумна падыходзіш да жыцця і творчасці Коласа – дык, вобразна кажучы, на ростанях сваёй душы знаходзіш роздум пра адвечнае, адкрываеш новае ў навакольных людзях і свеце…
У далёкім 1902 годзе Кастусь Міцкевіч скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і прыехаў на працу ў Люсіна Пінскага павета Мінскай губерні. Хто б ведаў пра гэтую палескую глуш, якая потым стала шырока вядомай кожнаму адукаванаму беларусу як Цельшына, калі б не трылогія “На ростанях”! Тут будучы народны паэт, які “навукі семя засяваў”, правёў два гады. Праўда, спачатку вяскоўцы з недаверам сустрэлі маладога настаўніка: маўляў, нашы дзяды і бацькі пражылі без граматы, мы гэтак жывём, абыдуцца і нашы дзеці…
Ды толькі Канстанцін Міхайлавіч зноў і зноў ішоў да людзей, угаворваў, пераконваў. І калі сяляне адчулі, што настаўнік душой хварэе за будучае іх дзяцей, лёд, як кажуць, крануўся: 35 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі сталі першымі вучнямі Канстанціна Міцкевіча. І менавіта тут, у дрымучай, забітай вёсцы, малады чалавек спазнаў трапяткое каханне, якое наклала адбітак на ўсё далейшае жыццё. Гэтая шчымліва-ўзнёслая любоў знайшла адлюстраванне ў пачуццях любімых многімі коласаўскіх герояў – настаўніка Андрэя Лабановіча і прыгажуні Ядвісі…
Магчыма, феномен творчасці Якуба Коласа крыецца якраз у тым, што кожны з нас знаходзіць у бессмяротных, дасюль надзённых творах увасабленне сваіх мар і надзей, свайго ідэалу, да якога хочацца імкнуцца, якім даражыш. Не дзіўна, што сёння ў Люсіна пра класіка беларускай літаратуры нагадвае многае. Цэнтральнай кіламетровай вуліцы і чыгуначнаму прыпынку дадзена яго імя. Цягнецца ў сіняе неба алея, пасаджаная да 120-годдзя Якуба Коласа. Па жаданні мясцовага люду сельгаскааператыў завецца “Цельшына”. Шырока расчынены дзверы крам “Ядвіся” і “На ростанях”. За 30 гадоў свайго існавання літаратурна-этнаграфічны музей у той самай школе, аб будаўніцтве якой у 1948 годзе люсінцы прасілі дапамогі ў паэта, наведалі экскурсанты нават са Злучаных Штатаў Амерыкі, Польшчы, Расіі, Туркменістана, Казахстана. На месцы ж былой школкі ў 2002 годзе адкрыты памятны знак…
На юбілей роднага чалавека прыехалі тры пакаленні Міцкевічаў: малодшы сын Коласа – Міхась Канстанцінавіч (прататып галоўнага героя паэмы “Міхасёвы прыгоды”), унук Канстанцін Міхайлавіч і праўнучка Васіліна з мужам Яўгенам. Сын народнага паэта, якому ў студзені мінула 86, прызнаваўся:
– Гады бяруць сваё. Вядома, цяжкавата адклікацца на ўсе запрашэнні. Ды калі бачу адносіны людзей да бацькі, яго творчасці – хочацца хоць неяк прынесці ім радасць. Збіраюся і еду туды, дзе шануюць Коласа і мову… А ў мове, – разважаў Міхась Канстанцінавіч, – характар народа… Такой паэмы, як “Новая зямля”, няма ні ў расійскай, ні ва ўкраінскай паэзіі. Такога рамана, як мележаўскія “Людзі на балоце”, ніякі народ больш не мае. А гэтак глыбока, яскрава, як Васіль Быкаў адлюстраваў вайну, таксама ніхто не здолеў напісаць. І хіба што Крылова можна параўнаць з нашым Кандратам Крапівой… А ёсць жа яшчэ паэзія Пімена Панчанкі, Максіма Танка, ды і сучаснікаў Алеся Пісьмянкова, Леаніда Дранько-Майсюка… У творцаў – асаблівая адказнасць перад людзьмі. Іх творы павінны хваляваць чалавечую душу, узвышаць яе, прымушаючы імкнуцца да святла…
Гэтыя словы сына Коласа – пра асаблівую адказнасць творцаў перад людзьмі – як нельга лепш сведчаць аб прызначэнні пісьменнікаў у грамадстве. Вельмі высокім і пачэсным… Ды ці толькі ўсе з іх разумеюць гэта? Колькі разоў з прыкрасцю назірала, як іншыя пісьменнікі, забыўшыся пра высокія пачуцці, аб якіх ствараюць свае “шэдэўры”, у жыцці дэманструюць не проста непавагу і абыякавасць да тых, хто побач і прапагандуе іх творчасць – проста плююць у твары: і зняважлівымі словамі, і ганебнымі ўчынкамі.
Адчуваю, нехта запярэчыць: зоркам многае даравальна… Але ці ўсё?! Адно хочацца сказаць “зоркам”, якія не адчуваюць пад сабой зямлі (нярэдка з-за банальнага п’янства), для якіх сцерліся межы паміж добрым і дрэнным: вучыцеся ў Коласа людскасці і шчырасці, без якіх бы не жыў ён ва ўдзячнай памяці народа, як Настаўнік і Чалавек з вялікай літары. Ці не таму ён – сапраўды народны паэт?..
Жанчына сталага веку, Соф’я Канстанцінаўна Жалезная з суседняй вёскі Палонь, яна ж – унучка Міхалкі Занькі, першага вучня Канстанціна Міцкевіча, расказвала, што настаўніка Міцкевіча вельмі любілі сяляне, асабліва – дзятва. Бо адносіўся да людзей з павагай, уважліва слухаў іх аповяды пра жыццё, не хаваючы свайго спачування. І дзяцей стараўся вучыць гэтак, каб навука не здавалася недасягальнай – наадварот, вучні лёгка спасцігалі веды, без якіх жыццё сумнае ды беднае… “Мой дзед Міхалка стаў граматным чалавекам, –
з гонарам дзялілася пра свайго родзіча Соф’я Канстанцінаўна. –
Каб ведала, ясачка, як хацелася мне паглядзець на сына настаўніка, якога ўсё жыццё шанаваў мой дзед!” З вачэй жанчыны струменіла такое шчасце, што без слоў было зразумела: яе мара збылася. Яна расказала Міхасю Канстанцінавічу пра ўражанні свайго дзеда. А той слухаў яе з гэткай пільнай увагай, як некалі яго бацька ўбіраў у сябе аповяды люсінцаў-цельшынцаў.
Углядаючыся ў твары мясцовых жыхароў, вочы сына Якуба Коласа выпраменьвалі незвычайную цеплыню, захапленне іх талентамі. Ён з цікавасцю разглядваў вышыванкі, тканыя ручнікі, вырабы з саломкі. А падзівіўшыся на чыесьці агромністыя жоўтыя гарбузы, мовіў: “Вынікі ад сваёй працы прыносяць ні з чым непараўнальнае задавальненне”. І, маўляў, няважна дзе – у агародзе ці ў творчасці. А школьнікам – і ў Ганцавічах, і ў Люсіна – Міхась Канстанцінавіч наказаў: “На схіле сваіх дзён пажадаю дамагацца ведаў. Самае важнае ў жыцці – набыць добрую прафесійную падрыхтоўку. А для гэтага пераадольвайце сваю ляноту, рабіце высілкі, каб увабраць у сябе як мага больш ведаў… Без падмурку культурнага – музыкі, мастацтва, паэзіі, прозы – чалавек не можа аддаць людзям усё тое, што мог бы…”
Сімвалічна, што на коласаўскім свяце былі падведзены вынікі раённых конкурсаў сярод юных чытальнікаў і ў намінацыях “Паэзія”, “Проза”. Пераможцы – Артур Сукач з гарадской СШ №3, Кацярына Пабудзей з Вострава, Дар’я Кісялевіч з Раздзялавіч, Ірына Ісаева з гарадской СШ №1, Алеся Бондар з гімназіі і Анастасія Віннік з Хатыніцкай СШ – сведчаць: іх натхняе Колас. І натхняе не толькі сваімі непераўзыдзенымі творамі, але і жыццём, у якім галоўным было паважлівае стаўленне да чалавека і адданая любоў да Радзімы.
Якуб Колас жыве і будзе жыць – пакуль у цане талент, прыстойнасць і людскасць…
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Ганцавіцкі раён.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.