Беларусь

“І тчэ, забыўшыся, рука…”


Ніна Казак і Ульяна Віннік з Ганцаўшчыны, якія за дзівосныя ўзоры, створаныя на кроснах, адна за другой год таму атрымалі званне “Народны майстар Беларусі”, не стамляюцца здзіўляць сваім майстэрствам

Як толькі ў полі ўся работа была зроблена, дзед Іван уносіў у хату кросны. Пад пільным наглядам бабы Ліды ставіў іх у самым светлым куце сваёй невялікай вясковай хаты, бліжэй да вокнаў, каб святлей было. Штовечар доўгую зіму “спявалі” кросны сваю дзіўную песню. Я з братам разбірала ніткі і раз-пораз паглядала на бабулю: як жа яна спрытна той чаўнок з навітым на цэўку ўтком туды-сюды перакідае, як хуценька бёрдам прыбівае ўточныя ніткі, упэўнена цісне панажы. І ў колерах не саб’ецца, і ва ўзоры не зблытаецца…
Успомніла сваю бабулю, калі ў Ганцавіцкім доме рамёстваў назірала за народным майстрам Беларусі Нінай Казак (на здымку): жанчына сядзела за кроснамі і засяроджана ткала посцілку – 300 метраў, заказ ад прадпрымальніка, які мае намер арыгінальным вырабам упрыгожыць аграсядзібу.
– Мог бы фабрычную ў магазіне купіць? –
пазней спытала я ў Ніны Мікалаеўны.
– Мог бы, – адказала ткачыха. – Ды ў фабрычнай не тая энергетыка была б…
Вось яно – ключавое слова, тое самае, што напаўняе зачараваннем кожную рэч, якая з’яўляецца на свет дзякуючы руплівым і майстравітым рукам Ніны Мікалаеўны. Жанчына вельмі гарманічна глядзіцца за ткацкім станком. Хоць на дварэ 21-е стагоддзе, але кросны ў інтэр’еры Дома рамёстваў не выглядаюць нечым архаічным. Можа, таму, што яны, дзякуючы рукам майстрыхі, жывуць і сёння ў наш век высокіх тэхналогій, камп’ютараў і інтэрнэту?! На іх ствараюцца такія вырабы, што не пакідаюць абыякавымі і аднавяскоўцаў майстрыхі (яна –
хатыніцкая), і знатакоў ткацтва, і вучоных-даследчыкаў, і калекцыянераў.

Колькі сябе памятае, Ніна Мікалаеўна займаецца рамяством. Спачатку на падручных работах была ў сваёй маці (Марыя Трафімаўна ткала хутка і прыгожа, дачку да кроснаў з малых гадоў прывучала), потым сама села ткаць, пазней ужо дачку Наталлю рамяству вучыла, цяпер вось унучцы сакрэты майстэрства перадае. Між іншым, сямігадовая Аляксандра тчэ паясы і “ліпне” да бабулі: хоча больш сур’ёзнай работай заняцца.
Радуецца Ніна Мікалаеўна: не памрэ рамяство! Вось і на выставах, фестывалях  ды конкурсах апошнім часам усё больш і больш маладых ткачых з’яўляецца. На тым жа фэсце рамёстваў у Мінску “Вясновы букет”, на “Палатняных пераплётах”, што сёлета ў Віцебску на “Славянскім базары” праходзілі – ого-го якая была канкурэнцыя! “Мы цяпер тчэм у чатыры ніты, а ёсць майстры, якія ткуць у 6 і 8 нітоў, – расказвае рукадзельніца. – Вось хачу дружару свайго папрасіць, каб мне маламерныя кросны змайстраваў – з такімі зручна выязджаць на святы, кірмашы ды людзям паказваць сваё ўменне па ткацтве”.
Дружара – гэта сямейная палавінка Ніны Мікалаеўны, муж Станіслаў Фёдаравіч. Трэба сказаць чалавек майстравіты – і печ скласці можа, і ткацкі станок зрабіць, і сталярку розную. Для сваёй Мікалаеўны ён – сябар па жыцці. Станіслаў Фёдаравіч першым 14 год таму падтрымаў жанчыну, калі яе запрасілі на працу метадыстам па ткацтве ў Дом рамёстваў. Яна вагалася: а ці хопіць майстэрства, каб іншых вучыць? Сумнявалася, бо на працу трэба ў райцэнтр ездзіць. Суседкі таксама падбадзёрылі – усёй вясковай вуліцай угаворвалі згадзіцца на прапанову. Так спрадвечны навык вясковай жанчыны – ткацтва – стала яе работай на ўсё жыццё.
Сяброўка Ніны Казак і калега па рабоце ў Доме рамёстваў Ульяна Віннік (на здымку) таксама родам з Хатыніч. Цяпер народны майстар Беларусі жыве ў вёсцы Боркі. Ткаць, вышываць, вязаць – усё ўмее Ульяна Пятроўна. “З малых год мне хацелася рукадзеллем займацца, – расказвае жанчына. –
Памятаю, маладая была, сяжу на печы, узор прыдумваю, потым яго намалюю і – ткаць ці вышываць кідаюся. Зробіш адну рэч, хочацца хутчэй за наступную брацца”.
Кросны ў доме Ульяны Віннік – звыклы прадмет інтэр’еру. За імі яна і адпачывае, і творыць. Куды прыедзе –
найперш бяжыць шукаць, дзе ніткі прадаюць. Жанкі нават жартуюць з яе, ды Ульяна Пятроўна не крыўдуе:
калі сэрца да нейкай справы ляжыць, дык чалавек жа ўвесь ёй аддаецца. Асабліва ж праславілася майстрыха сваімі ручнікамі – і тканымі, і вышыванымі. Колькі іх зрабіла – хіба хто падлічыць?! Калі б скласці ўсе – дык у дзясяткі, а то і сотні кіламетраў атрымалася б тая ручніковая сцяжынка. І ў музеях па ўсёй Беларусі работы Віннік ёсць, і ў далёкім ды блізкім замежжы. Часта заказваюць ёй вясельныя ручнікі. “Яго павінна ткаць толькі адна ткачыха, аніякіх памагатых, – тлумачыць Ульяна Пятроўна. – Гэта, каб маладыя толькі адзін у аднаго былі ўсё жыццё. Узоры выбіраюць спецыяльныя, дзе шмат сімвалаў жыцця, прадаўжэння роду, заможнасці. Штосьці маці мне перадала, нешта ў аднавясковак падглядзела, нечым на семінарах ды фэстах жанкі з розных куточкаў Беларусі падзяліліся. Свет, паглядзіце, які прыгожы – вось і хочацца, каб хараством ззялі і ручнікі, і абрусы, і посцілкі, і адзенне”.
Ульяна Пятроўна з замілаваннем расказвае пра рамяство, якім захапляецца. Не дзіўна, што яе 9-гадовая ўнучка Дар’я зацікавілася і таксама рукадзеллем стала займацца пад бабуліным кіраўніцтвам.
Між іншым, калі вы засталі б Ульяну Віннік у звычайным вясковым асяроддзі, дык здзівіліся б, якая яна ўвішная гаспадыня. У гаспадарцы і карова, і свінні, і куры. Агарод зноў жа ўвагі патрабуе. Не ўтрывала, пытаюся: “А муж Вас да кроснаў, нітак ды іголак не раўнуе? Вунь Вы – то ў Мінск, то ў Брэст, то ў Віцебск…” Ульяна Пятроўна смяецца: “Дык ён жа мне сам часта кампанію складае –
мы з Аляксандрам Дзям’янавічам разам у самадзейнасці спяваем”.
Блакітны, чырвоны, бардовы, ружовы… Гэта ж трэба так падабраць колеры, так пераплесці нітачкі, каб узор атрымаўся такі, што вачэй адвесці нельга! Шкадую, што ў газеце здымкі чорна-белыя, а таму колеравую гаму работ народных майстроў з Ганцаўшчыны не перадаць. Ды паверце мне на слова –
гарманічна, прыгожа і незабыўна!
Работамі Ніны Казак і Ульяны Віннік захапляюцца наведвальнікі музеяў, выстаў, “Гарадоў майстроў” на розных фэстах, святах ды кірмашах. А колькі захопленых водгукаў ад калег па ткацкім цэху! Але не дзеля дыпломаў ды званняў шчыруюць ткачыхі. Яны ўсім сэрцам любяць хараство, душой прыкіпелі да рамяства. Дарэчы, ткацтва – адно з самых старажытных і пашыраных рамёстваў на Беларусі, яно вядома з эпохі неаліту.
Тысячагоддзі ўдасканальвалася ткацтва, яго сакрэты перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Вось і цяпер у Доме рамёстваў народныя майстры Беларусі Ніна Казак і Ульяна Віннік вучаць дзяўчынак і нават хлопчыкаў прыгажосці ткацтва, адмысловасці арнаменту, гармоніі каларыту. Бо гэта традыцыі іх краю, культура іх народа, тая нітачка часу, што яднае пакаленні, каб не згубіліся ў іншай культуры, не страцілі сваёй адметнасці. І каб там, у будучыні, абавязкова знайшліся рукі, якія будуць ткаць дзівосныя ўзоры роднай Беларусі…
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Ганцавіцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля