На “прамой лініі” – галоўны дзяржаўны санітарны урачом вобласці Нэлі ГІНДЗЮК

На “прамой лініі” – галоўны дзяржаўны санітарны урачом вобласці Нэлі ГІНДЗЮК

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Пра тое, як харчавацца правільна, з чаго складаецца бяспечнасць прадуктаў, як навучыцца есці дзеля таго, каб жыць, а не жыць дзеля харчавання, ішла гаворка на “прамой лініі”  ў рэдакцыі “НТ” з галоўным дзяржаўным санітарным урачом Брэсцкай вобласці.  На  тэлефонныя званкі нашых чытачоў адказала Нэлі ГІНДЗЮК .

Вольга ЦІМАШЭНКА,
г. Пінск:
– Ці магчыма вырашыць пытанне пратэрмінаваных тавараў? Калі прыходзіш у магазін, дык хацелася б разлічваць на бяспечныя прадукты. Як гэтую праблему ацэньвае санітарная служба вобласці?
– Безумоўна, нельга прапаноўваць пакупніку прадукцыю, тэрмін рэалізацыі якой скончыўся. З мэтай вырашэння гэтай праблемы ў Беларусі прыняты шэраг дакументаў, у іх ліку – План дзеянняў па недапушчэнні рэалізацыі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў з мінулымі тэрмінамі прыдатнасці (захавання), які зацверджаны міністэрствамі гандлю і аховы здароўя. Адпаведны дакумент мае і Белкаапсаюз.
Мяркую, калі ў гандлёвай кропцы знаходзяцца пратэрмінаваныя тавары – гэта сведчанне недастатковай эфектыўнасці ўнутранага вытворчага кантролю. І хоць у вобласці адзначаецца зніжэнне колькасці выпадкаў продажу пратэрмінаванай прадукцыі (сёлета змаглі дабіцца зніжэння ўдзельнай вагі рэалізацыі прадукцыі з мінулым тэрмінам прыдатнасці ў 1,3 раза: за 7 месяцаў 2012 года быў 691 выпадак, за такі ж перыяд 2013-га –
492), але актуальнасць пытання застаецца відавочнай. Мы вымушаны прымаць самыя жорсткія меры, калі выяўляем такія факты. Мінімальны штраф за згаданае парушэнне – 10 базавых велічынь. Вось у першыя выхадныя жніўня ў вобласці з асабістым удзелам галоўных санітарных урачоў рэгіёнаў, іх намеснікаў праведзены маніторынг прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання, рынкаў. Была забаронена рэалізацыя амаль паўтоны прадукцыі, вынесена 6 прадпісанняў аб прыпыненні ці забароне дзейнасці суб’ектаў гаспадарання і скарачэнні асартыменту рэалізуемай прадукцыі. Усяго ж за 7 месяцаў сёлета органамі дзяржсаннагляду за парушэнні да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 281 службовая асоба, па 32 фактах невыканання нашых прадпісанняў справы перададзены ў суд, 8 інфармацый накіраваны ў пракуратуру.

Жанна ІВАНОВА,
г. Брэст:
– У чым небяспечнасць генетычна мадыфікаваных прадуктаў? І калі ёсць рызыка, дык навошта дазваляць прадаваць такую прадукцыю?
– У наш час сыравіна і прадукты харчавання, якія атрыманы з генетычна мадыфікаваных кампанентаў, шырока выкарыстоўваюцца ў свеце. Напрыклад, ГМ кукурузу дадаюць у кандытарскія і хлебабулачныя вырабы, безалкагольныя напіткі, ГМ соя ўваходзіць у склад маргарынаў, тлушчаў, рафінаваных алеяў, кармоў для жывёл і нават дзіцячага харчавання. На жаль, няма дастатковых дадзеных аб іх уздзеянні на арганізм чалавека. Разам з тым, ёсць занепакоенасць, што некантралюемае захапленне прадуктамі і напіткамі, пры вытворчасці якіх выкарыстоўваюцца генетычна мадыфікаваныя кампаненты, можа мець непрадказальныя наступствы ў будучым. Каб зразумець усе рызыкі спажывання трансгенных прадуктаў, спатрэбяцца некалькі дзясяткаў год і некалькі пакаленняў, якія харчаваліся б імі. Таму мая рэкамендацыя – выбірайце прадукты, якія не ўтрымліваюць генетычна мадыфікаваных складальнікаў, варта аддаваць перавагу айчынным таварам.
Хачу сказаць, што ў нашай рэспубліцы створана і  функцыянуе заканадаўчая і нарматыўная прававая база, якая рэгулюе пытанні забеспячэння якасці і бяспекі харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання пры вытворчасці, увозе з-за мяжы і тавараабароце. Таму неабходна ўказваць у суправаджальных дакументах і на спажывецкай упакоўцы інфармацыю аб наяўнасці генетычна мадыфікаваных складальнікаў, і без такой інфармацыі прадаваць прадукты забараняецца.
Сёлета ў лабараторыі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя даследавана 102 пробы харчовых прадуктаў на ўтрыманне генетычна мадыфікаваных складальнікаў. Парушэнняў заканадаўства не выяўлена.

Вячаслаў МІХАЙЛЕНКА,
г. Брэст:
– Сёлетняя анамальная гарачыня адмоўна ўплывала на самаадчуванне. А як трэба правільна харчавацца пры такіх высокіх тэмпературах?
– У асабліва спякотныя дні варта пераглядзець рацыён харчавання. Неабходна менш спажываць мяса, жывёльных тлушчаў і тлустай ежы ўвогуле, адмовіцца ад наварыстых першых страў. Не рэкамендуецца есці занадта гарачую і вострую ежу, ужываць алкаголь, лішак цукру і каву. У летнім рацыёне павінны пераважаць гародніна, салатнае зяленіва, фрукты, ягады. Крыніцай бялку могуць быць малочныя і бабовыя прадукты, семкі, рыба, яйкі. Надзвычай карысныя летам кісламалочныя прадукты, асабліва ў спалучэнні з гароднінай. “Халаднік” на кефіры – страва спякотнага сезона.
У спякотныя дні не варта занадта захапляцца марожаным і наталяць смагу напіткамі з лёдам. Арганізм можа пераахаладзіцца, а гэта выкліча праблемы са страваваннем і зніжэнне імунітэту. І абавязкова захоўвайце пітны рэжым! Лепш піце звычайную ваду, зялёны чай, адвар з мяты, ліпы, чабору з дабаўкай свежых ягад. Дапамогуць у барацьбе са смагай і сакавітыя свежыя фрукты. Піва, віно і квас даюць мачагонны эфект – на кожную порцыю гэтых напіткаў патрабуецца дадатковая шклянка вады. Гэтак жа, як і салодкая газіроўка. Яны толькі ўзмацняюць смагу.

Вольга Рыгораўна,
г. Брэст:
– У мяне лішняя вага, ціск павышаны. Ці рэальна з дапамогай дыеты пазбавіцца ад атлусцення?
– Справіцца з атлусценнем можна, толькі змяніўшы рацыён харчавання плюс абавязковае павелічэнне рухальнай актыўнасці. Іншых шляхоў няма, як і няма чароўных парашкоў.
Не варта худзець хутка і не трэба імкнуцца да ідэальнай масы цела. Для здароўя карысна павольнае зніжэнне вагі (на 5-10 працэнтаў ад зыходнай на працягу 4-6 месяцаў ці 0,5 -1 кілаграм за тыдзень). У такім выпадку страта кілаграмаў адбываецца за кошт тлушчавай тканкі, а не за кошт вадкасці ці мышц, як у час хуткага зніжэння масы цела.
Пры атлусценні рацыён харчавання павінен быць абмежаваны спажываннем тлушчаў (у большай ступені жывёльных), выключэннем прыёму цукру, варэння, кандытарскіх вырабаў, салодкіх напіткаў і г. д., у абмежаванай колькасці дапускаецца спажыванне бананаў, фінікаў, дынь, вінаграду. Каша і бульба – па адной порцыі ў дзень. На 80 працэнтаў рацыён павінен складацца з гародніны (сырой, варанай, тушанай, запечанай) і фруктаў. Пры гэтым да 12 гадзін можна есці ўсё, што хочацца, са спіса дазволеных прадуктаў, у абед – толькі першую ці другую страву, прыгатаваную з гародніны, з кавалачкам нятлустага мяса ці рыбы. Полудзень і вячэра – гародніна, фрукты, кісламалочныя прадукты.

Ганна Сяргееўна,
г. Брэст:
– Як галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці ставіцца да разгрузачных дзён? Ці ёсць у іх аздараўляльны эфект?
– Да разгрузачных дзён я стаўлюся добра. Гэта монадыета, калі на працягу аднаго дня спажываеш адзін від прадуктаў. Існуе вялікая колькасць відаў разгрузачных дзён: кефірны, яблычны, агурковы, кавуновы… Арганізм у такі дзень працуе з меншай нагрузкай, нібыта адпачывае і займаецца прафілактычным “рамонтам” сваіх сістэм. Для атрымання аздараўленчага эфекту дастаткова аднаго разгрузачнага дня ў 1-2 тыдні. Рэкамендую разгрузачны дзень таксама пасля вялікага застолля.

Алена МЕЛЕХАВЕЦ,
г. Ганцавічы:
– Якім павінен быць правільны сняданак? Ці часта можна снедаць яйкамі? Ці не пашкодзяць здароўю частыя перакусы на працы?
– Па-першае, сняданне – гэта абавязкова, прычым у зручны для чалавека час. Па-другое, яно павінна забяспечваць арганізм дастатковай колькасцю энергіі. Ідэальны варыянт сняданку – каша з цэльных круп.
Яйка – гэта вельмі карысны і просты ў прыгатаванні прадукт. Але не варта захапляцца ў сувязі з утрыманнем у іх халестэрыну.
Перакусы на працы карысныя, калі вы ясце фрукты, сухафрукты, арэшкі, семкі, салаты, кавалачак сыру ці тварог. Калі гэта чай з пячэннем, булкамі, іншымі салодкімі прысмакамі (што часцей за ўсё і бывае), дык, зразумела, гэта дрэнна. Акрамя таго, нельга перагружаць арганізм страваваннем, а таму рабіце хоць бы 2-гадзінныя перапынкі паміж любымі прыёмамі ежы.

Таццяна ВАСІЛЬЕВА,
Брэсцкі раён:
– Узнікненне якіх хвароб спецыялісты звязваюць з няправільным харчаваннем? З чаго варта пачаць, каб змяніць свой рацыён?
– Практычна ўсе вядомыя на сённяшні дзень хваробы ў той ці іншай ступені звязаныя з няправільным харчаваннем. Пры гэтым адны парушэнні непасрэдна выклікаюць некаторыя хваробы і праблемы са здароўем (гастрыты, дысбактэрыёзы, халецыстыты, анеміі, гіпавітамінозы і інш.), другія – праз парушэнне вугляводнага і халестэрынавага абменаў, работы імуннай сістэмы і гэтак далей.
Мяняць свой рацыён харчавання трэба правільна і граматна, таму пачынаць варта са звароту да спецыяліста. У ідэальным выпадку – гэта дыетолаг, пры яго адсутнасці – ваш тэрапеўт.

Людміла МАТУСЕВІЧ,
г. Брэст:
– У мяне дзве дачкі, яны вельмі захапляюцца фаст-фудам. Падкажыце, якія аргументы можна выкарыстаць, каб пераканаць іх не злоўжываць такім харчаваннем?
– Да фаст-фудаў адносяцца бутэрброды, піражкі, сасіскі ў цесце, хот-догі, гамбургеры, бульба фры, чыпсы, хуткарастваральная локшына, супы кшталту “Ролтан”, сухія сняданкі. Спецыялісты дзеляць іх на шкодныя і вельмі шкодныя – як для дарослых, так і дзяцей. Харчавацца імі пастаянна нельга, бо гэта можа прывесці да сумных наступстваў. Вось гэтыя наступствы і ёсць пераканаўчыя аргументы. Лішак “хуткіх” вугляводаў перагружае падстраўнікавую залозу, вядзе да зніжэння ўзроўню цукру ў крыві, а гэта суправа-джаецца рэзкім пачуццём голаду, раздражнёнасцю, галаўным болем, зніжэннем працаздольнасці і іншымі непрыемнымі адчуваннямі.Пастаянная перагрузка можа спрыяць развіццю цукровага дыябету. Акрамя таго, большасць фаст-фудаў – гэта высокакаларыйная ежа, злоўжыванне якой вядзе да атлусцення і “букета” непрыемнасцей, звязаных з ім. Няўжо дзяўчатам усё роўна, як яны выглядаюць, асабліва летам у купальніку на гарадскім пляжы? Не верыцца…
Некаторыя з фаст-фудаў перагружаюць ныркі і печань (чыпсы, локшына хуткага прыгатавання, булёныя кубікі і інш.), бо ўтрымліваюць шмат кансервантаў, солі, якія трэба абясшкодзіць і вывесці з арганізма. Ёсць інфармацыя і аб тым, што ў выніку тэрмічнай апрацоўкі крухмалаў утвараюцца канцэрагенныя рэчывы, а пры цеплавой апрацоўцы тлушчаў, якія выкарыстоўваюцца ў фаст-фудах, утвараюцца рэчывы, што ўздзейнічаюць на мозг, выклікаючы не толькі прывыканне да іх, але і залежнасць, падобную да наркатычнай. А яшчэ даказана, што злоўжыванне прадуктамі, якія ўтрымліваюць шмат хуткіх вугляводаў, павышае рызыку фарміравання залежнасці ад алкаголю, таму трэба вельмі асцярожна адносіцца да лішкаў мучных і салодкіх прадуктаў у дзіцячым рацыёне. Практычна поўная адсутнасць у такой ежы вітамінаў і мінералаў можа прывесці да развіцця гіпавітамінозаў і гіпаэлементозаў, у тым ліку да недахопу ў арганізме кальцыю (праблема касцей і фарміравання мышачнай тканкі), жалеза (развіваецца анемія), ёду (пагроза зніжэння інтэлектуальных здольнасцей і ўзнікнення праблем са шчытападобнай залозай), селену, фтору, цынку. Вашы ж дзеці хочуць быць прыгожымі і здаровымі – а значыць, аргументацыю такую прымуць. Ну не ворагі ж яны самі сабе?!

Кацярына СЕРГІЕНЯ,
г. Іванава:
– У магазінах ёсць так званыя “паліцы здаровага харчавання”. Але на многіх з іх, асабліва ў глыбінцы, вельмі бедны асартымент. А ці існуе дакумент, які рэгламентаваў бы асартымент, каб зразумець, якія ж тавары павінны быць на згаданых паліцах?
– Такога дакумента няма, таму ў кожным прадпрыемстве гандлю гэтае пытанне вырашаецца па-свойму. Распрацоўваецца асартымент самастойна з улікам магчымасцей канкрэтнай гандлёвай кропкі. Насамрэч, тавараў здаровага харчавання выпускаецца шмат. Але алеі, морапрадукты, малочныя тавары, фрукты, садавіна, замарожаная і свежая гародніна, хлеб (гэта ўсё варыянты здаровага харчавання) знаходзяцца ў магазінах на спецыяльна адведзеных месцах з неабходным тэмпературным рэжымам захоўвання, а на “паліцах здаровага харчавання” размяшчаюць тое, што не патрабуе нейкіх асаблівых умоў захоўвання. Там можна знайсці крупы (карысныя цэльныя, якія не прайшлі шліфоўку), клятчатку, вотруб’е, сарбіт, ксіліт, фруктозу, прадукты з вітамінамі і мінераламі. Сюды можна дадаць семкі, арэхі, сухафрукты, травяныя чаі. Мне здаецца, ідэя такіх паліц і куткоў добрая – яна дае нагоду чалавеку хоць бы задумацца над самім паняццем “здаровае харчаванне”.

Дзмітрый ПРОКАЛАЎ,
г. Баранавічы:
– Як часта санітарная служба адсочвае якасць страў у месцах грамадскага харчавання?
– Мы праводзім выбарачны адбор проб прадукцыі на прадпрыемствах грамадскага харчавання  ў ходзе здзяйснення санітарнага нагляду ў рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 №510 “Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Прадпрыемствы грамадскага харчавання адносяцца да групы высокай рызыкі – таму ў іх планавыя праверкі павінны праходзіць штогод. З пачатку 2013 года ў лабараторыях санітарна-эпідэміялагічнай службы вобласці па мікрабіялагічных паказчыках даследавана 468 проб, па фізіка-хімічных і паказчыках бяспекі – 234 пробы. Выяўлена 7 проб, якія не адпавядалі гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках. Адказнасць за выпуск і рэалізацыю дабраякаснай прадукцыі ўскладаецца на кіраўніка суб’екта гаспадарання, які і забяспечвае правядзенне вытворчага лабараторнага кантролю.

Паліна РАЗАНОВІЧ,
Драгічынскі раён:
– Чаму каля аўтамабільных дарог стаяць палаткі з кавунамі і дынямі? Калі бабулі прадаюць вядро ягад ці сабраныя грыбы, дык паўсюдна кажуць: “Не купляйце, шкодныя рэчывы на іх ля дарогі асядаюць”. А бахчавы гандаль, значыць, можна? Значыць, на кавун нічога шкоднага ля дарогі не ўпадзе?
– Патрабаванні для ўсіх аднолькавыя. Вядома ж, мы інфармуем насельніцтва, што купляць бахчавыя культуры з машын, латкоў ля дарогі не трэба, таму што яны забру-джваюцца хімічнымі рэчывамі. У прадаўца няма ўмоў для захавання асабістай гігіены. Як правіла, адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджалі б якасць і бяспеку прадукцыі. Рэалізацыя прадукцыі ва неўстаноўленых месцах цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з часткай 8 артыкула 12.17 КаАП. Прыцягненне асоб да адміністрацыйнай адказнасці за згаданае парушэнне правіл гандлю не ўваходзіць у кампетэнцыю органаў дзяржаўнага санітарнага нагляду. З мэтай недапушчэння рэалізацыі бахчавых культур уздоўж аўтамабільных дарог наша служба ініцыявала разгляд пытання мясцовымі органамі ўлады аб выключэнні выдачы дазволаў (узгадненняў) на адміністрацыйных тэрыторыях на рэалізацыю іх у такіх непрыгодных для гандлю месцах.

Марыя БАРТАШ,
Іванаўскі раён:
– Як вядзецца кантроль за ўвозімымі фруктамі? Неяк купіла ў райцэнтры апельсіны, дык яны так апрацаваны хімікатамі, што аж пякло ў роце, хоць папярэдне і памыла плады…
– Кантроль якасці і бяспекі ўвозімай і рэалізуемай прадукцыі здзяйсняецца пастаўшчыком і (або) імпарцёрам у рамках вытворчага кантролю. Якасць і бяспека тавару пры паступленні пацвярджаецца суправаджальнымі дакументамі, а таксама ў ходзе лабараторных даследаванняў. Санітарна-эпідэміялагічная служба здзяйсняе выбарачны кантроль прадукцыі. У ходзе лабараторных даследаванняў сёлета не было ўстаноўлена фактаў неадпаведнасці прывазных фруктаў гігіенічным патрабаванням. Але мы возьмем пробы цытрусавых у згаданым Вамі гандлёвым аб’екце і праверым на адпаведнасць гігіенічным патрабаванням.

Таццяна ШКОРЫНА,
г. Брэст:
– Паўсюдна пішуць і кажуць, што трэба спажываць ваду. А колькі і якую – варыянтаў шмат. Як жа насамрэч павінна быць справа з вадкасцю?
– Патрэба ў вадзе для дарослага чалавека ў суткі складае 40 мілілітраў на 1 кілаграм масы цела. У дзяцей груднога ўзросту гэты паказчык павялічваецца да 120-150 мл. Сумарная сутачная патрэба ў вадзе складае прыкладна 2,3-2,7 літра. Так што піце не менш, чым 1,5  і не больш, чым тры літры вадкасці ў дзень. Першую шклянку добра выпіць адразу пасля абуджэння. Халоднай яна будзе ці гарачай – няважна. Спецыялісты рэкамендуюць піць ваду за 20-30 хвілін да яды і праз паўтары гадзіны  пасля.
Лепш піць ваду простую ці бутэляваную. Больш піць вадкасці рэкамендуецца тым, хто худзее, людзям з паніжаным артэрыяльным ціскам, курыльшчыкам, схільным да запораў. Так, калі ў вас паніжаны ціск, дык дзве шклянкі звыш дзённай нормы дапамогуць трымаць яго на прымальным узроўні. Больш звычайнага можна піць ваду ў спякоту (толькі негазіраваную), пры багатым застоллі і інтэнсіўных фізічных нагрузках.

Святлана Анатольеўна,
г. Іванава:
– Гарачыня, а на рынках шакаладныя цукеркі прадаюць. Яны ж растаюць. Ці можа санслужба адрэагаваць на невыкананне ўмоў захоўвання прадукцыі?
– Сапраўды, ёсць патрабаванні і да захавання тэмпературных рэжымаў. Калі на рынку няма ўмоў вытрымаць пэўную тэмпературу, дык такая прадукцыя не павінна рэалізоўвацца. Умовы захавання, у тым ліку і шакаладных цукерак, устаноўлены патрабаваннямі да гандлю на рынках сыравіны і харчовых тавараў. Вы можаце запісаць заўвагу ў “Кнігу заўваг і прапаноў”. Адміністрацыя рынку можа скасаваць дагавор з гэтым прадаўцом. Аб падобным ці іншых фактах інфармуйце мясцовыя цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Вельмі важная Ваша актыўная пазіцыя, калі Вы не толькі назіраеце праблему, канстатуеце яе, але і прадпрымаеце дзеянні, каб сітуацыя была выпраўлена. Менавіта неабыякавасць кожнага чалавека, нецярпімасць да нізкай культуры гандлёвага абслугоўвання, а таксама асабістая зацікаўленасць у захаванні ўласнага здароўя і ёсць той патэнцыял, які дазволіць захаваць здароўе нацыі.
На “прамой лініі” дзяжурыла
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

З цягніка Цярэспаль – Брэст невядомыя асобы праз акно выкінулі некалькі пакетаў з кантрабандай

Следующая запись

Ёсць праблема: аўтобус не гумавы…