Як нас абслугоўваюць: снежаньскі сюрпрыз

Як нас абслугоўваюць: снежаньскі сюрпрыз

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Разбурыць, ліквідаваць або закрыць заўсёды лягчэй, чым захаваць
Паведамленне пра тое, што рэйсавы аўтобус Маларыта – Перавысь, які хадзіў па суботах з часам адпраўлення з райцэнтра ў 10.10 (а ў 10.00 з Брэста прыходзіць дызель-цягнік), з 1 снежня адменены, было нібы снег на галаву не толькі для мяне. Знянацку яно застала і студэнтаў, і іншых маіх землякоў, якія жывуць у Маларыце і абласным цэнтры, а ў выхадныя ездзяць у Арэхава, Зеляніцу, Перавысь, яшчэ (па шляху руху аўтобуса) у Олтуш і Дворышча, каб праведаць састарэлых бацькоў. У тую злашчасную суботу, 1 снежня, каб не вяртацца назад, многія дабіраліся да пункта прызначэння на перакладных. Зусім як у далёкія ўжо 70-ыя гады мінулага стагоддзя: да павароту на Арэхава – на аўтобусе Маларыта – Ацяты, а там – як пашанцуе…
Абурэнню людзей, якія з-за адсутнасці звыклага рэйса павінны былі ехаць аўтобусам Маларыта – Ацяты, не было мяжы. Чаго толькі не давялося пачуць у адрас начальнікаў, якія не дбаюць пра народ, бо самі грамадскім транспартам ніколі не карыстаюцца – у кожнага службовы аўтамабіль, а ад знаёмых – і ў свой таксама. Маўляў, ты ж “чацвёртая ўлада”, чаму маўчыш? Я паабяцала высветліць, чаму адмянілі аўтобус і што будзе далей.
Наведаўшыся 3 снежня на аўтавакзал, даведалася, што, акрамя вышэйназванага маршрута, адменены яшчэ каля пяці: на Полікі, Ляхаўцы… А вось на Хаціслаў, куды рэгулярна дызель-цягнік ходзіць, згодна з раскладам руху грамадскага транспарту аўтобус накіроўваецца аж 5 разоў на тыдзень. У паведамленні аб адмене рэйсаў быў указаны нумар тэлефона аўтобуснага парка №1 г. Брэста (42-36-01), па якім можна было атрымаць усе даведкі.
Не адкладваючы справу на доўгі час, званю. У аддзеле транспартных перавозак прыемны жаночы голас наконт адмены аўтобуса на Перавысь паведаміў, што маршрут гэты стратны, а мясцовая ўлада не хоча даплачваць. І ўвогуле, па ўсіх пытаннях параіла звяртацца ў Маларыцкі райвыканкам.
Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сарока патлумачыў, што ў бюджэце не хапае 100 мільёнаў рублёў, каб разлічыцца з аўтапаркам – і яго кіраўніцтва закрыла частку маршрутаў, у тым ліку  Маларыта – Перавысь. Але  мера гэта часовая. Зараз, па словах Віктара Раманавіча, фарміруецца бюджэт на наступны год, і з 1 студзеня рух па гэтых кірунках будзе адноўлены. А пакуль ён параіў скарыстацца маршруткамі.
Карыстаемся! Ды толькі маршрутка разлічана на 14 пасажыраў, а ў выхадныя іх удвая больш і ўсе імкнуцца трапіць у вёску. І хоць часам кажуць, што ў цеснаце, але не ў крыўдзе – дазвольце не згадзіцца. Адны, заплаціўшы вадзіцелю 9,5 тысячы рублёў, едуць, як людзі, зручна седзячы, а другія – сагнуўшыся ў тры пагібелі, бо нізкі салон не дазваляе стаяць у поўны рост. Ды і рызыкоўна! Вось калі б хто-небудзь з кіраўнікоў раёна і аўтапарка хоць раз праехаў у перапоўненай маршрутцы ў выглядзе літары “Г” адлегласць у 20 кіламетраў – упэўнена: праблема руху аўтобусаў імгненна была б вырашана.
А што датычыцца стратнасці рэйсавага маршруту Маларыта – Перавысь, дык на гэтым аўтобусе ў вёску Арэхава па суботах ездзіла шмат гадоў і заўсёды ўсе сядзячыя месцы ў ім былі заняты. Здаралася, што некаму і стаяць даводзілася. Дык адкуль стратнасць? Ад танных білетаў? Тады прапануем зрабіць кошт такім, як у маршрутцы. Нам, пасажырам, усё роўна, каму плаціць – абы камфортна даехаць да вёскі. Інакш атрымліваецца, як у вядомай прымаўцы: паны б’юцца, а ў мужыкоў ілбы трашчаць. Няўжо кіраўніцтва раёна і аўтобуснага парка не могуць знайсці паразуменне?..
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Маларыцкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Чароўны сад

Следующая запись

20 снежня органы дзяржаўнай бяспекі адзначылі 95-годдзе