Беларусь

Як сям’я Лаўрэнцік з Пінска рыхтуецца да рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”…


Сям’я Лаўрэнцік з Пінска, якая заняла першае месца ў абласным конкурсе “Здаровая сям’я”, рыхтуецца да рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”, які 30 лістапада пройдзе ў Мінску

Дружна жыла сям’я Лаўрэнцік, як кажуць, душа ў душу. Аксана і Мікалай адзін да аднаго з любоўю і павагай ставіліся. Але так няўтульна-ціха было ў іх доме без тупату дзіцячых ножак і крыштальных званочкаў дзіцячага смеху. Ды ўсё змянілася, калі шэсць год таму ў цудоўны вераснёўскі дзень, напоўнены сонечнай цеплынёй, на свет з’явіліся адразу трое немаўлят – Яраслаў, Міраслаў і Аляксандра.
Самае галоўнае – дзеці растуць здаровымі. Чаму ж тут здзіўляцца: і ў будні, і ў выхадныя, ці ўсміхаецца на небе пяшчотнае летняе сонейка, ці лье слёзы сумны восеньскі дожджык, бацькі разам з дзеткамі робяць ранішнюю зарадку, а вечарамі гуляюць на свежым паветры – катаюцца на веласіпедах і самакатах, ганяюць мяч, скачуць на скакалках, спасцігаюць гульню ў гарадкі і бадмінтон, валейбол і футбол або купаюцца ў басейне. Выпадае сняжок – бяруць санкі, вучацца хадзіць на лыжах і гуляць у хакей.
Такія трапяткія і сур’ёзныя адносіны да здароўя невыпадковыя. Аксана Юр’еўна працуе кіраўніком фізічнага выхавання ў яслях-садзе №11 – каму, як ні ёй, клапаціцца аб здароўі малых! Мікалай Мікалаевіч кожную змену спяшаецца на дапамогу людзям, ратуючы не толькі іх здароўе, а іншым разам – і жыццё, бо ён –
вадзіцель “Хуткай дапамогі”. Паміж дзяжурствамі Лаўрэнцік-старэйшы з задавальненнем займаецца хатнімі справамі. Безумоўна, выконвае дома ўсю мужчынскую работу, калі выпадае вольная хвіліна, гуляе ў баскетбол – ён, дарэчы, кандыдат у майстры спорту. А яшчэ вельмі любіць рыбаліць і любоў да гэтага занятку перадаў жонцы і дзецям. Аксана Юр’еўна ахвотна наведвае басейн, даспадобы гэта і дзецям.
Відавочна, у сям’і любяць спорт, таму без Лаўрэнцікаў, старэйшых і малодшых, у дзіцячым садку, які наведваюць Яраслаў, Міраслаў і Аляксандра, не абыходзяцца ні спартландыя, ні турпаход, ні спартыўнае свята. Зразумела, яны невыпадкова перамаглі ў абласным конкурсе “Здаровая сям’я”. Цяпер вось актыўна рыхтуюцца да рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”.
Зараз у сям’і Лаўрэнцік пануе гармонія, а ў кватэры гучыць дзіцячы смех. Тут – лад, а таму шчасце дарогу ў гэты дом не забывае…
Наталля КІРКАВЕЦ,
г. Пінск.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля