Беларусь

“ЗА” І “СУПРАЦЬ”: АБМЯРКОЎВАЕМ АРТЫКУЛ “АДЧУЦЬ СЯБЕ Ў 41-М…”


Праект маладзёжнага патрыятычнага цэнтра, аб якім расказвалася ў матэрыяле “Адчуць сябе ў 41-м, альбо Другое жыццё цытадэлі” (№45 за 2 лістапада 2012 года), цікавы, але яго ўвасабленне ў прапанаваным выглядзе на тэрыторыі крэпасці-героя ўспрымаецца неадназначна
Брэсцкая крэпасць – гэта не проста напамін страчаных гадоў жыцця, гэта відавочца і ўдзельнік невыноснага цяжару падзей, якія нават цяпер, у XXI стагоддзі, нельга ўспомніць без хвалявання.
Менавіта таму ў ідэі будаўніцтва маладзёжнага цэнтра ў цытадэлі ў мяне непрыемную насцярожанасць выклікаў факт “правядзення рознабаковых мерапрыемстваў і, як вынік, развіццё турыстычнай дзейнасці”. Згодна, што памяць аб мінулай ваеннай трагедыі павінна пасяліцца ў сэрцах маладых пакаленняў. Я таксама разумею, што цэнтр можа стаць спосабам узбуджэння жадання памятаць і берагчы ўсё тое, што звязана з вайной. Але ў той жа час усведамляю, што развіццё турызму звязана з забаўляльнымі момантамі, а менавіта – атракцыёнамі для разбэшчаных сучаснікаў. Таму асабліва занепакоіла тое, што “прыбытак чакаецца ад замежных турыстаў, якія змогуць адчуць ваенна-бытавую атмасферу 40-х: жыць у казармах, прымераць форму. Праект, ацэнены ў 20 мільярдаў рублёў, у планах павінен акупіцца за 7-8 гадоў”.
Што ж стаіць за гэтымі словамі? На маю думку, цэлы комплекс мерапрыемстваў, якія носяць гульнявы характар. Падобным чынам разбудзіць патрыятычныя пачуцці? Турысты ж не трохгадовыя дзеці, якім веды аб свеце трэба даваць гуляючы, – гэта дарослыя людзі. Няўжо нехта сур’ёзна думае, што яны прыедуць з-за жадання сустрэцца з гісторыяй або з-за цягі да дзеянняў, якія носяць экзатычны, нестандартны, нетрывіяльны характар? Розныя гульні добра стасуюцца з турыстычным жыццём. І як у такім становішчы яны змогуць адчуць атмасферу ваенных гадоў, забруджаную слязьмі і крывёю? Калі гульні-забавы загадзя выключаны з перспектыў задуманага праекта і заменены патрыятычнымі, выхаваўчымі мэтамі – дык я за падобныя інавацыі.
Але чамусьці думаецца, што турысты зусім не кросы суткамі будуць бегаць, не даследчай работай займацца, не слухаць лекцыі. За іншым прыязджаюць, як правіла, такія людзі. Калі вядзём гаворку аб стварэнні рэнтабельнага тавару на рынку турыстычных паслуг, то мэта асветы аўтаматычна выключаецца. Бо прыйдзецца стварыць магутную машыну забавы, якая паглыне сутнасць і прызначэнне святога мемарыяла. У выпадку, калі прыцягненне турыстаў, а не патрыятычнае выхаванне ставіцца на першае месца – я катэгарычна супраць падобных ноу-хау.
Паўтаруся яшчэ раз, жаданне турыстаў – гэта ў большасці сваёй нястрымнае імкненне да адпачынку і забаў. Ігрышчы на месцы, дзе зямля яшчэ захоўвае пах смерці, ці не здаюцца вам блюзнерствам? Магчыма, нехта запярэчыць: маўляў, калі прытрымлівацца маіх разваг, дык уся паверхня зямлі – гэта патэнцыйныя могілкі якой-небудзь даўняй бітвы. Але Вялікая Айчынная вайна – не “якая-небудзь” па-дзея, памяць пра якую бязлітасна сцёртая часам. Яна, магутная разбуральніца і забойца, усё яшчэ хвалюе людзей. Ёсць ветэраны, удзельнікі Вялікай Айчыннай, сведкі ваенных злачынстваў, малалетнія вязні канцлагераў. Ёсць тыя, хто і сёння памятае пасляваенную галечу. У рэшце рэшт, павінна ж быць у народа павага да памерлых!
Сам праект стварэння маладзёжнага патрыятычнага цэнтра гістарычнай рэканструкцыі здаецца мне цікавым, але ўвасабленне яго менавіта на зямлі Брэсцкай крэпасці ўяўляецца злачынствам супраць людзей, якія яе абаранялі.
Надзея КРАЎЧУК,
клуб журналістыкі ЦДАДМ,
г. Бяроза.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля