Беларусь

Якога вердыкту заслугоўваюць бацькі, калі пакідаюць дзяцей без нагляду?


Жыццё часта падкідвае дылемы кшталту “Караць нельга памілаваць”. Чалавецтву ж прыходзіцца вырашаць, дзе паставіць патрэбны знак прыпынку. Нядаўна адно з падобных пытанняў усхвалявала байнэт, падзяліўшы айчынных карыстальнікаў глабальнай павуціны на два лагеры.
Заўзятую віртуальную дыскусію выклікала прапанова Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь увесці адказнасць бацькоў за пакіданне дзяцей да 14 гадоў без нагляду. Зараз адпаведны дакумент знаходзіцца на стадыі абмеркавання. Здаецца, цалкам лагічна: малыя, што застаюцца без увагі дарослых, часта становяцца і прычынамі, і ахвярамі шматлікіх трагедый. З іншага боку, сама трагедыя і ёсць найстрашнейшае пакаранне для нядбайных бацькоў…
– Некаторыя людзі ўпарта не жадаюць вучыцца ні на сваіх, ні на чужых памылках, – каменціруе сітуацыю Алег Лашко, выконваючы абавязкі начальніка абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. – Так, з пачатку года мы праверылі і правялі прафілактыку больш чым з 60-ю тысячамі сямей, якія выхоўваюць дзяцей, дык да значнай часткі з іх давялося вяртацца яшчэ не раз. Але да кожнай жыццёвай сітуацыі трэба падыходзіць індывідуальна. Уявіце сабе: абсалютна станоўчая сям’я, маці ідзе на працу і ненадоўга пакідае дзяцей – з хвіліны на хвіліну вернецца дадому тата. Менавіта ў гэты маленькі прамежак часу здараецца трагедыя – малыя хапаюцца за запалкі… І наадварот: праблемная сям’я, бацькі днямі і начамі п’юць, збіраюць у хаце шумныя кампаніі, а дзеці самастойна спасцігаюць навакольны свет і таксама натыкаюцца на запалкі. Хоць вынік і аднолькавы, але ўмовы розныя. Гэта таксама варта ўлічваць. Аднак дзейсная сістэма адказнасці для бацькоў павінна быць, бо асноўным фактарам гібелі дзяцей па-ранейшаму з’яўляецца пакіданне іх без нагляду.
Ініцыятыву выратавальнікаў падтрымалі ўжо іншыя структуры, сярод якіх Міністэрства ўнутраных спраў. Да таго ж, вялікую ролю ў баўленні часу дзяцей малодшага ўзросту адыгрывае школа. Таму вырашэнне праблемы немагчыма без аптымальнага ўзаемадзеяння і з адукацыйным ведамствам. Зрэшты, яшчэ доўга прыйдзецца ўзважваць шматлікія “за” і “супраць” і дапрацоўваць нюансы. Галоўнае – арыентавацца на прынцып: “Не нашкодзіць”. І падыходзіць да кожнай канкрэтнай сям’і адрасна, нават калі гэта зусім няпроста ажыццявіць на практыцы.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Ці падтрымліваеце Вы прапанову МНС Беларусі аб ўвядзенні адказнасці бацькоў, якія пакідаюць дзяцей без нагляду?
Так (50.0%, 1 по голосам)
Не (50.0%, 1 по голосам)
Пакуль не вызначыўся (-лася) (0.0%, 0 по голосам)
Всего проголосовавших: 2

 Loading …

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля