Юрый ВЯЗЕМСКІ: “Я хворы – я рускі”
Вядучы тэлепраграмы “Разумнікі і разумніцы” пра адносіны да Радзімы, геніяльную моладзь і гендарную справядлівасць
Студэнты ласкава называюць яго “сонечным” і ахвотна наведваюць лекцыі, больш падобныя на тэатральныя пастаноўкі. Суайчыннікі сышліся на думцы, што тытул “Інтэлект нацыі” ў межах прэміі “Эліта культуры” створаны менавіта для яго. Дарэчы, знакамітая сястра Юрыя Вяземскага – актрыса Яўгенія Сіманава – часта “кідае” з гэтай нагоды жартаўлівыя рэплікі кшталту: “Юрачка, памаўчы, калі ласка, ты ж інтэлект нацыі!” Пра гэта і іншае загадчык кафедры сусветнай літаратуры і культуры МДІМА, пісьменнік і тэлевядучы ў адной асобе расказаў журналістам на экспертна-медыйным форуме “Інфармацыйны вобраз Саюзнай дзяржавы” ў Маскве (наша газета расказвала пра яго ў 45-м нумары).
Мы – адной крыві
– На жаль, вельмі дрэнна ведаю Беларусь, мала па ёй падарожнічаў. Але як сказаў герой вядомага твора Кіплінга Маўглі: “Мы з вамі адной крыві”. Рускія і беларусы – абсалютныя браты. Як бы мы да гэтага ні ставіліся, нікуды адзін ад аднаго не дзенемся. Год таму звярнуўся да некаторых губернатараў Расіі, каб яны дапамаглі знайсці ўдзельнікаў для праграмы “Разумнікі і разумніцы”, бо зараз у сувязі з увядзеннем адзінага дзяржаўнага экзамену колькасць жадаючых значна скарацілася. Тыя, хто пачаў дапамагаць, паведамілі пра адкрыццё ўсерасійскага гуманітарнага інтэлектуальнага руху “Разумнікі і разумніцы”, да якога актыўна далучаюцца расійскія гарады. Жаданне паўдзельнічаць у ім выказаў і Казахстан. Таму, карыстаючыся магчымасцю, запрашаю і Беларусь паспрабаваць свае сілы ў інтэлектуальным марафоне, каб мясцовыя чыноўнікі звярнулі ўвагу, якія таленавітыя людзі жывуць побач, і дапамаглі.
У модзе – грошы, але цікавым людзям яны не надта цікавыя
– Разумныя людзі, на маю думку, са старажытных часоў не мяняюцца: яны імкнуцца да ведаў, не зважаючы на акалічнасці. Такія асобы гатовыя нават галадаць ці жыць у пустэльніцтве, але іх насамрэч мала. Калі гаварыць пра пераважную большасць маладых разумнікаў – яны, безумоўна, кіруюцца модай, а ў модзе зараз – грошы. Ды з цягам часу гэта павінна прайсці, бо грошы самі па сабе для цікавых людзей не надта цікавыя. Нават для Ракфелераў грошы не былі галоўнай каштоўнасцю: прадстаўнікоў самага багатага сямейства прываблівалі ў першую чаргу поспех, бізнес, а грошы выступалі як сродак дасягнення ўсяго гэтага.
Чаму разумніц больш чым разумнікаў?
– Дзяўчаты раней сталеюць. Няхай на мяне не крыўдзяцца прадстаўнікі моцнага полу, але жаночы інтэлект адрозніваецца ад мужчынскага тым, што ў ім менш логікі і больш сэрца. Жанчыны дакладней адчуваюць, дакладней адгадваюць нейкія рэчы, а розум – гэта ў тым ліку і ўменне адчуць, прадбачыць, зразумець, раздзяліць. На праграме “Разумнікі і разумніцы” дзяўчаты адназначна лідзіруюць, таму наладжваць гендарную справядлівасць часта прыходзіцца з дапамогай маленькіх хітрыкаў. Каб зусім не “задушыў” нас слабы пол.
Ці паступіў бы ва ўніверсітэт Пушкін, калі б здаваў адзіны дзяржаўны экзамен?
– Пушкін не меў вышэйшай адукацыі… Талстой спачатку паступіў на адзін факультэт, потым перавёўся на іншы (а калі не зрабіў бы гэтага, яго ўвогуле выгналі б з Казанскага ўніверсітэта). Ды пасля другога курса пісьменнік, як вядома, адправіўся дамоў, у Ясную Паляну, са словамі: “Хопіць усяго гэтага – патрэбна займацца адукацыяй”. Гэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што выдатная аснова любых ведаў – самаадукацыя. Шчыра кажучы, Пушкіну і не трэба было паступаць ва ўніверсітэт: ён – нацыянальны геній. А ў нашай сістэме адукацыі асаблівых людзей, на жаль, не ўспрымаюць належным чынам. Для талентаў павінны быць зусім іншыя крытэрыі экзаменацыйнага адбору і асаблівыя адносіны.
“Я асуджаны на патрыятызм”
– Думаю, найбольшых поспехаў у сваёй справе дасягнулі якраз тыя асобы, якія не выязджалі за мяжу. Можа, мяне паб’юць камянямі, але скажу, што пасля выезду за мяжу шмат страціў Салжаніцын: з пісьменніка ён ператварыўся ў нейкага грамадскага дзеяча. Вельмі згубіў у сваёй паэзіі Бродскі, хоць і стаў знакамітым на чужыне, нават атрымаў Нобелеўскую прэмію. Але самыя вялікія нашы гуманітарыі тут, на радзіме – пакутуючы і паміраючы – дасягнулі небывалых вяршынь. Я таксама асуджаны на патрыятызм. Былі часы, калі прапаноўвалі застацца ў Баварыі. Адказваў без ваганняў: “Я хворы – я рускі”.
Запісала
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Брэст – г. Масква.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.