Каб старасць дома не застала, або Як да маладых валанцёраў далучыліся пенсіянеры
Чым старэйшы чалавек становіцца, тым больш адзіноты адчувае. Страта пражытых гадоў, якія ніколі не вернуцца, пачуццё, што ты нікому не патрэбны, не пакідае, калі штодня сядзіш у чатырох сценах. Само грамадства выклікае ў людзей пачуццё: як толькі прыйшла пенсія, то актыўная дзейнасць скончылася. Тое, што можна было рабіць, калі быў маладым, цяпер недазволеная раскоша.
Але, мяркую, чалавеку заўсёды будзе патрэбны іншы чалавек, дабро ў кожным узросце будзе называцца дабром. Галоўнае – навучыцца і хацець дзяліцца ім, а часам не баяцца прымаць.
– Валанцёрскай дзейнасцю я ніколі не займалася, – прызнаецца Аляксандра Герасімчук з Пінска. – Урокі, гурткі… Неяк не да гэтага было. А цяпер вольнага часу шмат і яго нечым трэба заняць. З радасцю пачынаю вяртаць сваю грамадскую запатрабаванасць праз маленькія добрыя справы. Ужо шмат гадоў раблю сувеніры сваімі рукамі. Да пенсіі працавала педагогам і дзялілася ведамі са школьнікамі, сёння хаджу да пажылых людзей і вучу іх гэтаму. Многія ствараюць розныя прыгожыя падарункі сваім дзецям. Ім гэта вельмі падабаецца, а мне прыемна.
– Хачу больш зносін з людзьмі, дапамагаць пажылым, асабліва адзінокім і хворым людзям. Проста сядзець дома і ў акно глядзець няправільна, калі здароўя хапае дапамагчы многім, – кажа Таісія Гарачава з Баранавіч.
І тут, як кажуць, супалі інтарэсы: абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа звярнула ўвагу на тое, што пажылыя людзі, як і моладзь, імкнуцца быць патрэбнымі.
– У нашай суполкі маецца велізарны вопыт арганізацыі валанцёрскага руху на Брэстчыне, – расказала старшыня абласной структуры БТЧК Ларыса Варанко. – Школьнікі, студэнты, працуючая моладзь ахвотна ідуць у валанцёры Чырвонага Крыжа. Валанцёрскія атрады і групы за апошнія некалькі год прыдумалі, распрацавалі і ажыццявілі шэраг сацыяльных і дабрачынных праектаў, дапамаглі (і працягваюць гэта рабіць) дзясяткам дзяцей-сірот, інвалідам, пажылым адзінокім лю-дзям, хворым.
Як высветлілася, у апошні час цікавасць да валанцёрскай работы пачалі выказваць і пенсіянеры. Тлумачэнне гэтаму аказалася простым: яны захацелі зноў адчуць сябе патрэбнымі грамадству. Высакародная справа – добраахвотна і бясплатна дапамагаць іншым – зацікавіла. Вось так да маладых валанцёраў далучыліся старэйшыя землякі. Дарэчы прыйшоўся праект Чырвонага Крыжа “Пашырэнне магчымасцей пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства”.
У праграму ўключыліся Мінская, Віцебская, Гродзенская, Брэсцкая вобласці. Аксана Трушкова, якая курыруе праграму ў нашым рэгіёне, адзначыла: “Праект накіраваны галоўным чынам на пажылых лю-дзей, а таксама на блізкае іх асяроддзе, мясцовыя органы ўлады, шырокую грамадскасць і СМІ. Мэта яго – спрыянне ўстойліваму развіццю па павышэнні ўзроўню жыцця і сацыяльнай абароне пажылых людзей у Беларусі. Гэта выдатная магчымасць для тых, хто страціў надзею быць патрэбнымі іншым, стаць больш упэўненымі ў сваіх сілах, не адчуваць сябе кінутымі”.
Стварэнне такога праекта пашырае магчымасці пажылых людзей для ўдзелу ў працэсах сацыяльнай абароны. Створана інтэрнэт-платформа для інфармавання пажылых. Зразумела, чалавеку ў гадах не заўсёды лёгка змяніць звыклы лад жыцця. Тым не менш, сацыялагічныя даследаванні, а таксама медыкі сцвярджаюць: у старасці людзям патрэбна актыўнасць не менш, чым у маладым узросце. Дапамагчы ў новых справах пажылым людзям узялося Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Абласная суполка ўжо правяла навучальны семінар-трэнінг. Гэтае мерапрыемства на турыстычнай базе “Белае возера” стала не толькі спосабам усталяваць кантакты з валанцёрамі-навічкамі і расказаць аб дзейнасці Чырвонага Крыжа. Галоўнай задачай форуму было навучыць пенсіянераў самастойна пісаць праекты. Вядома, стварыць праект людзям, якія гэтым ніколі не займаліся, цяжка, але зусім не значыць, што немагчыма. Два дні трэнінгу былі накіраваны менавіта на тое, каб распавесці наваспечаным валанцёрам, як стварыць праект.
Цікава, што ў час мерапрыемства пенсіянеры самі пачалі выяўляць праблемы людзей “залатога веку” і іх наступствы. Будучыя праекты, якія сёння яшчэ толькі запланаваны, павінны быць накіраваны менавіта на рашэнне цэлага ланцужка праблем. Як высветлілася, гэта сацыяльная незапатрабаванасць, недахоп або адсутнасць увагі і зносін адзінокіх пажылых людзей, пасіўнасць у грамадскім жыцці. Удзельніца форуму, валанцёр з Баранавіч Тамара Шчарбіна па-тлумачыла: “Для мяне гэта быў не проста форум. У будучыні настроена напісаць праект і выйграць з ім на конкурсе. Зараз я на пенсіі, але мне ўсё яшчэ важна ведаць і адчуваць, што я камусьці патрэбна”.
Арганізацыя міні-праектаў накіравана на шырокі ўдзел у праграме саміх пажылых людзей, якія яшчэ маюць жаданне і здароўе дапамагаць такім жа, як яны, пенсіянерам, але хворым ці адзінокім. Такім чынам валанцёры-пенсіянеры атрымалі магчымасць вырашаць уласныя праблемы на аснове ўзаемадапамогі.
Трэба сказаць, што ўжо вядзецца вялікая работа па прыцягненні пенсіянераў да праекта. Пажылых валанцёраў навучаюць лідарству, праводзяцца сустрэчы па абмене вопытам, форумы, “круглыя сталы”, інтэрнэт-канферэнцыі па гэтай тэматыцы і многае іншае.
Важна адзначыць рашучасць і жаданне, з якімі пенсіянеры адгукнуліся на прапанову Чырвонага Крыжа. Камусьці валанцёрства здалося складаным, хтосьці яшчэ больш умацаваўся ў сваім жаданні ісці да канца і напісаць праект – своеасаблівы план дапамогі землякам, якім яна вельмі патрэбная. Як бы там ні было, не засталося сумнення, што дапамагаць трэба. І не важна, напішуць пенсіянеры-валанцёры праект ці не. Дабра на свеце так шмат, але і так мала! Яго проста трэба рабіць. І не мае значэння, колькі табе гадоў, якія ў цябе пол і веравызнанне. Проста рабі дабро – і яно заўсёды вернецца з патроенай сілай.
Сабіна ГАРАЕВА, “НТ”.
Фота з архіва абласной арганізацыі БТЧК.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.