Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • Калі ў рэгіёне ёсць недахопы – іх трэба выпраўляць без адкладу на “потым”, лічыць кіраўніцтва вобласці

Калі ў рэгіёне ёсць недахопы – іх трэба выпраўляць без адкладу на “потым”, лічыць кіраўніцтва вобласці


Пазачарговае пасяджэнне аблвыканкама прайшло 8 ліпеня ў Жабінкаўскім раёне. Першая частка – практычная: старшыні гаррайвыканкамаў, начальнікі райсельгасхарчаў, кіраўнікі абласных упраўленняў і службаў пазнаёміліся з ходам рэканструкцыі малочнатаварных ферм Стрыганец ААТ “Ракітніца” і Бусні СВК “Рагазнянскі”, наведалі сад фермерскай гаспадаркі “Яквіл”, паглядзелі сяўбу пажніўных культур у ААТ “Жабінкаўскі”. Як даў зразумець старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, мэта такога паказу – паглядзець, што ды як робіцца ў іншых і зрабіць вывады адносна сябе.
– Калі старшыня райвыканкама заклапочаны тым, якім будзе наступны год – то цяпер, вобразна кажучы, ён спаць не стане, – упэўнены губернатар. –  Тое, што робіцца зараз, абавязкова “адгукнецца” заўтра – ці станоўчымі вынікамі, ці адмоўнымі…
Асобнае месца адводзілася рэканструкцыі МТФ. “Сёлета, –  зазначыў кіраўнік Жабінкаўскага раёна Мікалай Токар, – павінны былі ўвесці 6 ферм з  даільнымі заламі  –
спадзяёмся здаць 8”. “На дзве больш”, – удакладніў Канстанцін Сумар, заўважыўшы, што было добра, калі б кожны рэгіён імкнуўся працаваць зладжана і адказна, выконваючы даручэнне Прэзідэнта Беларусі.
Ферма Стрыганец, рэканструяваць якую пачалі летась, разлічана на ўтрыманне 660 галоў жывёлы. У яе мадэрнізацыю ўкладзена 12 мільярдаў рублёў: 8,8 мільярда –
банкаўскія крэдыты, астатнія – уласныя сродкі.
Як праінфармаваў дырэктар сельгаспрадпрыемства Раман Гарох, рэнтабельнасць гаспадаркі –
48,9 працэнта, а надоі малака на карову складаюць 6512 літраў. Многа ці мала, але за год тут дабавілі 1 тысячу літраў на карову – і гэты факт не можа не ўражваць (па крайняй меры ,
журналістаў).
Не займаць дальнабачнасці і вопытнаму кіраўніку СВК “Рагазнянскі” Аляксандру Семенюку, у гаспадарцы якога, дарэчы, самая высокая зарплата ў раёне. “Вось яшчэ б нам крэдытаў 6 мільярдаў – і многія заходнія краіны побач бы не стаялі!” –
кіўнуў Аляксандр Семянюк у бок адноўленай фермы. У яго голасе адчуваліся і гонар, і задавальненне ад здейсненага… Што і казаць –
Гаспадар!
Пра такіх людзей з адказна-дзелавым падыходам да справы ішла гаворка і ў садзе фермера Віктара Якаўчука. Калі ж тыя яблыкі і грушы, маліну і буякі, якія з асалодай паспрабаваў кожны ўдзельнік пасяджэння, вырошчваюць з захаваннем тэхналогій –
дык і вынік цудоўны. “Добра і вельмі важна, што дзяржава падтрымлівае садаводаў”, – казаў Віктар Якаўчук, патлумачыўшы, што сродкі накіроўваюцца на закладку новых садоў, а раней – яшчэ і на набыццё тэхнікі па лізінгу. Так што на сённяшні дзень у фермерскай гаспадаркі маецца ўсё для таго, каб працаваць на вынік.
Другая частка выязнога пасяджэння – разгляд пытанняў “Аб рабоце Камянецкага і Ляхавіцкага раённых выканаўчых камітэтаў” і “Аб сістэмах ацяплення жылых дамоў з алюмініевымі ацяпляльнымі прыборамі” – прайшла ў райвыканкаме. Перш чым даць слова для выступленняў свайму першаму намесніку Міхаілу Юхімуку і намесніку Якаву Бухавецкаму, Канстанцін Сумар звярнуў увагу кіраўнікоў рэгіёнаў на тое, каб кожны з іх не проста прыслухаўся да таго, аб чым будзе ісці гаворка, але і задумаўся.
– У кожнага рэгіёна – свае ўпушчэнні і недаробкі, – казаў губернатар. – Ды мяне здзіўляе і насцярожвае сітуацыя, калі іншым часам старшыня райвыканкама распісваецца ва ўласным бяссіллі адносна выканання пэўнай праграмы. Так, недахопы ёсць не толькі ў Ляхавіцкім і Камянецкім раёнах – ды толькі тут яны ўжо “выкрышталізаваліся”. Іх не павінна быць у такім аб’ёме!
Канстанцін Андрэевіч узгадаў фермерскую гаспадарку “Яквіл”: “Калі чалавек з душой адносіцца да таго, што робіць, калі прасочваецца пэўная стратэгія ўлады –
там менш недахопаў”. А што датычыцца рэканструкцыі ферм, мадэрнізацыі вытворчасці –
гэта, на яго погляд, жыццёва неабходная работа.
Міхаіл Юхімук і Якаў Бухавецкі, дакладваючы аб выніках комплекснага вывучэння работы ў Ляхавіцкім і Камянецкім райвыканкамах, зрабілі акцэнт на тым, што турбуе кіраўніцтва вобласці і патрабуе неадкладнага ўмяшання.
Так, абодва рэгіёны сістэматычна не выконваюць у поўным аб’ёме даведзеныя прагнозныя заданні. У 2012 годзе Ляхавіцкі раён не выканаў 11 паказчыкаў, а за 5 месяцаў сёлетняга – 5. Летась і сёлета Камянецкі раён не справіўся з 6-цю прагнознымі паказчыкамі.
Трывожыць складаная сітуацыя ў сельскагаспадарчай галіне. Хіба можна мірыцца з тым, што толькі 3 гаспадаркі з 12 на Ляхавіччыне забяспечылі выкананне прагнозу па валавым прыросце сельгаспрадукцыі? Тут выручка на аднаго работніка складае 5,7 тысяч долараў ЗША пры сярэднеабласных 7 тысяч. У Камянецкім раёне гэты паказчык як быццам бы неблагі – 7,5 тысяч долараў, ды дасягнуты ён за кошт ААТ “Белавежскі”, дзе выручка на аднаго працаўніка раўняецца 11,1 (!)
тысячы долараў ЗША.
Не лепшым чынам ідуць справы з валавой вытворчасцю малака за 5 месяцаў: у Ляхавіцкім раёне канстатуецца яе паніжэнне ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012-га на 7,4 працэнта, у Камянецкім – на 0,5 –
у той час як у цэлым па вобласці назіраецца павелічэнне на 1,5 працэнта. Адзначаецца нізкі ўзровень таварнасці малака. У Ляхавіцкім раёне сярэднясутачныя прывагі знізіліся на 23 грамы, у Камянецкім атрымана на 373 цяляці менш мінулагодняга ўзроўню…
Чаму такое адбываецца? Адкуль растуць карані ў такога пышнага “букета” недахопаў? Вывад дакладчыкаў наступны: недахопы – з-за неналежнай арганізацыі работы і парушэнняў
тэхналогіі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Возьмем нарыхтоўку травяных кармоў – нярэдка заданні не выконваліся, а да якасці меліся вялікія прэтэнзіі. Дык ці прыходзіцца дзівіцца паніжэнню эфектыўнасці жывёлагадоўлі?..
У Камянецкім раёне пад пагрозай зрыву знаходзіцца своечасовасць здачы ў эксплуатацыю васьмі МТФ. Яшчэ горш на Ляхавіччыне: на шасці фермах неабходныя работы ўвогуле не запланаваны і не вядуцца, праектна-каштарысная дакументацыя не заказана. Праблемная сітуацыя склалася на трох МТФ, дзе запланавана будаўніцтва даільных залаў. Цешыць сябе тым, што да 1 кастрычніка 2013 года прэзідэнцкае даручэнне па рэканструкцыі МТФ будзе безумоўна выканана, цяжка…
Да таго ж, у абодвух раёнах не ў поўнай меры выконваюцца мерапрыемствы па мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, не ажыццяўляюцца структурныя пераўтварэнні нізкарэнтабельных сельгасарганізацый… Пералік можна працягваць. Ды ці варта? Адчувалася, што кіраўніцтву вобласці важна было дайсці да прычын, каб у рэшце рэшт кардынальна выправіць сітуацыю ў раёнах. “Мы дадзім тэрмін для выпраўлення недахопаў, – зазначыў Канстанцін Сумар. – Будзем не толькі назіраць за ходам далейшых спраў, калі трэба –
і дапамагаць… Кожны кіраўнік падбірае сабе каманду. І гэтая каманда, – заўважыў губернатар, –
павінна працаваць на аўтарытэт улады, а не наадварот”.
У прынятым рашэнні аблвыканкама намечаны канкрэтныя меры па ўхіленні недахопаў. Старшыні Камянецкага райвыканкама Андрэю Пісарыку аб’яўлена вымова. У сувязі з тым, што кіраўнік Ляхавіцкага раёна Дзмітрый Бурдук не прысутнічаў на пасяджэнні з-за хваробы, у бліжэйшы час у Ляхавічах з удзелам Канстанціна Сумара адбудзецца пасяджэнне райвыканкама, якое расставіць усе кропкі над “і”.
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Жабінкаўскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля