Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • 13 – 14 ліпеня пройдзе V абласны фестываль народнага гумару “Спораўскія жарты”

13 – 14 ліпеня пройдзе V абласны фестываль народнага гумару “Спораўскія жарты”


Баран, тры кубы дроў, парася, мяшок гароху, певень з курыцай… Адкажыце, што агульнага ва ўсіх названых рэчах-прадметах? Нічога, скажаце – і памыліцеся, бо ўсё пералічанае  – не што іншае, як ганаровыя прызы абласнога фестывалю народнага гумару “Спораўскія жарты” (па-палеску “Споровськыйі сміховыскы”), які кожныя тры гады праводзіцца ў сяле Спорава Бярозаўскага раёна. І намінацыі тут не абы-якія: “Найлепшая небыліца”, “Самае закавырыстае каленца” (сярод танцавальных калектываў),  “Самая арыгінальная канструкцыя самагоннага апарата”…
Першы такі фестываль адбыўся ў 1996 годзе па ініцыятыве тагачаснага начальніка аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама Антона Барашкі і Рыгора Бысюка –
кіраўніка абласнога ўпраўлення культуры. Менавіта яны і ўвайшлі ў гісторыю спораўскай “дзяржавы” як першаадкрывальнікі “радовішча” народных гумарыстаў. Аднак такое не стала магчымым, калі б пры Спораўскім ЦК (Цэнтры культуры) не набраў моцы драматычны гурток, які меў у сваім рэпертуары ў  асноўным творы сатырычна-гумарыстычнага зместу.  Менавіта з гэтага гуртка, які дзейнічаў з 1980 года,  і бярэ выток вядомы не толькі на Бярозаўшчыне  тэатр народнага гумару “Спораўскі акалот” (для тых, хто яшчэ не ведае, “акалот” –
вымалачаная, ні на што не прыгодная салома), а цяперашняя яго назва з’явілася ў 2003 годзе.
Неабходна заўважыць, што ў Спораўскім культурным цэнтры  працуе 12 клубных калектываў, у якіх каля 120 удзельнікаў. Тры з іх (у раёне больш такіх дамоў культуры няма) носяць званне “народнага” –
гэта фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Жураўка”, якім кіруе Валянціна Чайчыц, і дзіцячая студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вясёлкавая плынь” –
яе кіраўніком з’яўляецца Ганна Чайчыц. Усе творчыя калектывы заслугоўваюць самага добрага слова, але напярэдадні абласнога фестывалю гумару хочацца больш падрабязна расказаць пра  “Спораўскі акалот”, якому  званне “народны“ прысвоена зусім нядаўна, 1 ліпеня гэтага года.
“Спораўскі акалот” – ветлівы, добразычлівы гаспадар абласных свят гумару. Сваё наканаванне ён  бачыць у тым, каб уздымаць настрой гледача, лячыць яго ад смутку анекдотам, дасціпнай гумарэскай і частушкай, а яшчэ  пародыяй, байкай, прыпеўкай…
Сцэнічны рэпертуар тэатра –
падгледжанае і падслуханае з жыцця Спорава і ваколіц. Як кажа загадчыца Цэнтра культуры Ніна Пашкевіч, “дзяўчаты могуць насыпаць гару прыпевак і торбу жартаў, наплесці кошык баек і анекдотаў, напрыдумляць мех сцэнак, інтэрмедый і мініяцюр”.
Людзі ў творчым калектыве самых розных прафесій: работнікі культуры і адукацыі, працаўнікі лясной гаспадаркі, хатнія гаспадыні, але ўсіх іх аб’яднала імкненне жыць не сумуючы, смяяцца з сябе і падсмейвацца з іншых. Таму і канцэрты спораўскіх гумарыстаў нязменна карыстаюцца поспехам.
Геаграфія выступлення спораўцаў даволі шырокая: першакрасавіцкія гумарыны ў Мінску, абласныя “Дажынкі”, міжнародныя фестывалі “Мотальскія прысмакі” і “Фальклор без межаў” (у Іванаўскім раёне)… “Спораўскі акалот” – дыпламант “Аўцюкоў”. З апошняга, сёмага Усебеларускага фестывалю народнага гумару спораўцы вярнуліся з трыма дыпломамі: за выступленне з мініяцюрай “Пляжны бум – 2012”, за прыгатаванне фірменнага спораўскага карася –
у намінацыі “Пекарская скульптура”,  і за анекдатычнае майстэрства (у апошняй намінацыі не было роўных Ніне Пашкевіч, кіраўніку “Спораўскага акалота”.
Ніна Іванаўна для калектыву –
чалавек незаменны. Сама спароўка (менавіта гэтак называе сябе)– і гэта ўжо палова справы, бо выдатна адчувае дух вёскі, добра ведае кожнага чалавека.  Яна пачала кіраваць Цэнтрам культуры ў 2008 годзе. Да гэтага атрымала дыплом Гродзенскага каледжа культуры і мастацтваў, а не так даўно, у 2011 годзе, закончыла Мінскі інстытут культуры.
Арганізоўваць вольны час вяскоўцаў, прызнаецца Ніна Іванаўна, не так і проста. За працай не заўважыла, як павырасталі ўласныя дзеці. І не дзіва: працоўны дзень загадчыцы  доўжыцца да 21 гадзіны, пасля яшчэ дыскатэка для моладзі. Усе рэпетыцыі  пачынаюцца не раней чым у 19 гадзін, бо ніводзін спаравец, як бы ён цябе ні паважаў, не кіне працу і не прый-дзе на рэпетыцыю днём, асабліва летам. На думку кіраўніка, вельмі важна зацікавіць людзей, адарваць іх ад сямейных клопатаў, якім ніколі не будзе канца-краю, дапамагчы  ім паверыць ва ўласныя сілы, пераканаць, што спараўцы – самы таленавіты ў свеце народ. Таму і цягнуцца людзі ў Дом культуры. Як пабочны чалавек,  заўважу яшчэ, што выдатна спрацоўвае аптымізм кіраўніка, яе знешняя абаяльнасць, “міжлюднасць”…
– Ці няма праблем з рэпертуарам, дзе знаходзіце матэрыял? – цікаўлюся ў загадчыка.
– Па-ўсякаму здараецца, – кажа. – Сцэнарый складаю я сама. Нешта прачытала, нешта ў сяле пачула, іншае прыдумала. На рэпетыцыях усё шліфуецца, дапрацоўваецца. Кожны па слоўку дабаўляе. Дарэчы, у калектыве нашым поўная, як цяпер модна гаварыць, узаемазамяняльнасць: словы і ролю адной ведаюць усе.
– А касцюмы, рэквізіт?
– Тут аніякіх праблем – і вёслы свае, і валёнкі.
– А як абыходзіцеся без мужчын?
– З мужчынамі замнога клопату, –
жартуе Ніна Мікалаеўна.– Было ж некалі, што мужчыны ігралі жаночыя ролі – дык чаму і не наадварот?!
– А мужы на гастролі адпускаюць?
– А як жа! Разумеюць, што мусова.
“Смех – не забава. Ён вельмі патрэбен, ён узвышае душу чалавека, ён, калі можна так сказаць, раўняе спіны, прымушае паважаць чалавека ў чалавеку,” –
справядліва заўважыў вядомы беларускі пісьменнік, старшыня журы спораўскіх фестываляў Уладзімір Ліпскі. І як з гэтым не пагадзіцца! Народныя гумарысты, казачнікі, апавядальнікі –
з’ява ўнікальная.  Калі гумар “калектыўны” – гэта не менш значна. Асабіста я перакананы: лепш, чым сказаў народ, лепш, чым ён назваў некага, перадражніў, параўнаў, “перакрывіў” –  не скажаш, не назавеш…
А смяюцца самадзейныя артысты найперш з сябе. І не таму, што гэта бяспечна, а па той прычыне, што нічога не трэба прыдумляць. І смех гэты часцей за ўсё бяскрыўдны, іранічны, праўда, іншым разам крыху “саланаваты”, але гэта не смех ад “казытання”, як у асобных гумарыстычных праграмах па цэнтральным тэлебачанні.
– Раскажыце, калі ласка, які-небудзь з апошніх жартаў, – прашу ў кіраўніка “Акалота”.
– Добра, ну, хоць бы такое… – згаджаецца Ніна Пашкевіч.
Паспрабую перадаць яго спораўскай мовай, адразу ж просячы прабачэння за недасканалае валоданне граматыкай “суверэннай” дзяржавы.
– Бабуля на прыёме ў доктара:
– У мэнэ, дохторко, жывут болыть моцно.
– Распранайся, ложысь.
Ну, вона лэгла, ды й всё к сценке цягнецца. А той:
– Лежы на месте, бабушка!
– А дэ ж ты, дохторко, ляжэш?!.
Няхай жыве чарговы абласны фестываль народнага гумару! Сустрэнемся ў Спораве!
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля